Чым жыве закуліссе ток-шоу Вадзіма Гігіна
«Справа прынцыпу» без прынцыпаў.
Падчас запісу 99% тых гледачоў, чые рукі я бачыў, да пультаў нават не дакраналіся. Тым часам, іх меркаванне на экране змянялася ў адзіным патрыятычным рытме.
Каб даведацца, як можна схадзіць паглядзець на Вадзіма Францавіча і кампанію, я патэлефанаваў на гарачую лінію АНТ. Тэлефон узяла ветлівая дзяўчына, якая скіравала мяне ў сацсеткі: маўляў, запісвацца трэба Укантакце праз нейкую суполку «Масоўка Мінск». У суполцы трэба было звярнуцца да Алены Віктараўны. Ну што ж, масоўка, дык масоўка.
Суполка знайшлася ў два клікі. Тая самая Алена Віктараўна была там чамусьці пазначана як «мамка». З апісання суполкі было зразумела, што ў ёй набіраюць статыстаў у фільмы і серыялы, якія здымаюцца ў Мінску. Пачуўшы, што я хачу наведаць у якасці гледача ток-шоу «Справа прынцыпу», Алена Віктараўна без усякіх пытанняў накіравала мяне да нейкай Наталлі. Наталля, ў сваю чаргу, спытала толькі пра ўзрост.
«28», — нясмела сказаў я праўду. Здаецца, яе задаволіла. Ва ўсякім выпадку, Наталля адразу пачала запісваць мае пашпартныя дадзеныя. Па яе словах, гэта патрэбна было для аплаты. Тут я трошкі захвалялваўся: ток-шоу, канечне, штука цікавая, але плаціць за прагляд Гігіна — сумнеўнае задавальненне. Аказалася, што плацяць гледачам. «Ого, — падумаў я. — Зажыву!»
«І вазьміце гальштук, — сказала на развітанне Наталля. — Яны просяць, каб у гальштуках былі».
Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то тэлебачанне, гледзячы па ўсім, пачынаецца з пашарпанага фае ў Доме афіцэраў вайсковага гарадка Уручча.
Збор масоўкі быў прызначаны а палове дзясятай, у пятніцу. Перадача запісваецца перад выходнымі, у гэты раз здымалі адразу два выпускі. Народ паціху падцягваўся, рабочыя з вясёлымі мацюгамі насілі мэблю і абсталяванне. «Гледачы» былі абсалютна разнастайныя.
Я чакаў, што прыйдуць у асноўным студэнты і пенсіянеры, яны былі, але не так шмат. Хапала і добра апранутых людзей сярэдняга ўзросту, і тых хто відавочна прыйшоў хоць нешта зарабіць.
Хутка з’явілася і сама Наталля. Натоўп ажывіўся. Спачатку трэба было падысці да яе і пацвердзіць свой прыход. Праўда, ніякіх дакументаў ніхто не правяраў. Потым чакаць, пакуль памочнік не выгукне тваё прозвішча і не выдасць дамову. У чаканні папераў людзі дзяліліся на групкі і нягучна гутарылі. Заўважна было, што большасць адзін аднаго ўжо ведае.
«Наўрад ці здымкі пачнуцца раней за 11», - -уздыхала стомленая жанчына.
«ІВАНОЎ!» — выклікаў памочнік Наталлі.
«Вось быў я на запісе музычнай перадачы, — расказваў свайму пажылому сябру акуратны дзядуля. — А з моладзі там — Саладуха з Ціхановічам».
«ПЯТРОЎ!!» — крычаў памочнік.
«Дык я сюды хаджу, бо жыву за пяць хвілін пехатою», — даверліва паведаміў дагледжанай жанчыне чалавек са смешнымі бакенбардамі.
«СІДАРАЎ!!!» — праравеў памочнік.
Паціху дайшла чарга і да мяне. Я атрымаў паперу, на якой было напісана «Дамова падраду № ...». Нумар не быў прастаўлены.
За васьмігадзінны працоўны дзень мне прапанавалі 175 тысяч беларускіх рублёў. Гадзіна працы гледачом каштавала 21 250 рублёў. Не надта разгуляешся.
Я праглядзеў дамову яшчэ раз — і вырашыў яе не падпісваць. Па-першае, ні подпісу намесніка старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал», ні якіх-небудзь пячатак на дамове не знайшлося. Па-другое, паведамлялася, што дамова заключаецца ў двух асобніках, але мне далі толькі адзін. І па-трэцяе, маё імя па бацьку было памылкова пазначана як «Ціханавіч».
«Чорт з імі, з грашыма, — падумаў я. — Ціханавічам не буду!».
І засунуў паперу ў кішэню — на памяць.
Тым часам, астатнія хуценька распісваліся і вярталі свае дамовы арганізатарам. Да пачатку здымак было яшчэ доўга. Кожны бавіў час як мог. Ні пра якую гарбату ці каву не было нават гутаркі. Не было нават куды прысесці.
Я выйшаў на ганак праветрыцца. Аб’явы на дзвярах старога Дома афіцэраў запрашалі зрабіць тэрміновае фота, заключыць страхавую дамову ці наведаць краму з адзеннем. Побач стаяў адзін з гледачоў у залатой кашулі і меланхалічна жаваў сухарыкі. Нездалёк бадзяліся два вялікія бяздомныя сабакі. Непасрэдна перад ганкам быў прыпаркаваны вялізны чорны «Ягуар». Адзін з сабакаў абнюхаў яго колы і каля аднаго з іх задраў нагу. На ганак выйшаў дзядуля, дастаў з поліэтыленавага пакета два гальштукі, шэры і чорна-чырвоны, прыклаў іх да кашулі і спытаў у першых жа жанчын: «Які лепшы?». Пасля нядоўгага абмеркавання вырашылі, што шэры.
«Як да шлюбу!» — сказала адна з дарадцаў.
Дзядуля з неахвотай пагадзіўся.
Стомленая прадказальніца не памылілася, запускаць у павільён пачалі каля адзінаццатай. Па дарозе я пацікавіўся ў іншых статыстаў, якая будзе тэма перадачы. Ніхто не ведаў.
Людзей запусцілі ў вялікую залу, зацягнутую чорнай тканінай. На ўваходзе стаяў стол, побач з ім — вялікая плазма. На ёй ішоў кінафільм Джыма Джармуша «Выжывуць толькі палюбоўнікі» з выключаным гукам. Збоку стаяла доўгая вешалка, як у гардэробах, толькі без нумаркоў. Там прапанавалася пакідаць вопратку і торбы.
У цэнтры, ізноў жа агароджаным тканінай, была тая самая пляцоўка, якую відаць у тэлевізары, з крэсламі для гасцей і сувядучага, вялікімі экранамі. Абапал — дзве трыбуны літарай «Г» з вузкім праходам паміж імі. Менавіта адтуль з’яўляецца Гігін у пачатку праграмы.
Высветлілася, што сесці абы-куды не ўдасца. Размеркаваннем гледачоў дзелавіта займалася мілавідная дзяўчына разам з суворым ахоўнікам. Саджаць стараліся так, каб разбавіць мужчын жанчынамі, а светлыя плямы адзення — цёмнымі. Дзве дамы ў ружовым адразу былі адпраўленыя ў розныя месцы трыбуны. Не надта прэзентабельныя на думку дзяўчыны гледачы – уверх, далей, тыя, хто ёй больш спадабаўся — наперад, у ніжнія рады.
Нарэшце, рассадка скончылася. Усім раздалі пульты — планавалася, што з іх дапамогай гледачы выказваюць сваё меркаванне наконт выступу таго ці іншага госця. Праўда, як карыстацца тымі пультамі ніхто не патлумачыў, дый самі яны былі даволі дзіўныя – звычайныя, з лічбамі ад 1 да 0, нібыта ад тэлевізара. На тым месцы, дзе звычайна знаходзяцца гузікі гуку наклеена чорная паперка, пад якой бачныя пустыя гнёзды ад гэтых кнопак. А крышку аддзела з батарэйкай чамусьці заклеілі шэрай ліпкай стужкай. Я адразу аддзёр яе — батарэйка была на месцы.
Пачалася здымка. Ізноў абмяркоўвалі Украіну. У якасці экспертаў былі запрошаныя журналісты Аляксандр Класкоўскі і Арцём Шрайбман, дырэктар BISS Аляксей Пікулік, дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Барадзеня, аглядальнік лукашэнкаўскай газеты «Рэспубліка» Усевалад Шымаў ды іншыя. Праз Скайп звязваліся з міністрам інфармацыйнай палітыкі Украіны Юрыем Стэцям, прадстаўнікамі «Блока Парашэнкі» і скептычна настроенымі да сённяшняга кіраўніцтва Украіны расійскімі журналістамі, гаварылі па тэлефоне з прадстаўніком ДНР.
Забягаючы наперад, варта адзначыць — амаль нічога ў фінальнай ТБ-версіі не выразалі. Хіба акрамя моманту, калі Гігін літаральна ўзвіўся. На прапанову Класкоўскага ўявіць на месцы Украіны Беларусь, напрыклад, з Магілёўскай Народнай Рэспублікаў, вядучы пракрычаў: «Перастаньце несці гэтае трызненне!».
Падчас гутаркі графік на экранах адлюстроўваў падтрымку аудыторыяй таго ці іншага меркавання. Графік мяняўся імкліва, прыгожа, але... трошкі прыгледзеўшыся было заўважна, што пульты статыстаў асабліва не зацікавілі. Падчас запісу 99% тых гледачоў, чые рукі я бачыў, да пультаў нават не дакраналіся. Тым часам, іх меркаванне на экране змянялася ў адзіным патрыятычным рытме: калі нехта з экспертаў выказваўся аб суверэнітэце і незалежнасці нашай дзяржавы, гледачы нібыта выказвалі яму сваю падтрымку. Але як толькі хтосьці гаварыў пра расейскія войскі ва Украіне ці пачынаў вінаваціць у канфлікце Пуціна — большасць аудыторыі нібыта адразу паказвала сваю незадаволенасць такой дзёрзасцю.
Падзівіўшыся, я і сам патыкаў у свой пульт. На экране гэта ніяк не адбілася. Тады я ціхенька узяў пульты сваіх суседак, і пачаў націскаць кнопкі на ўсіх трох прыладах адначасова. Колькасць згодных-незагодных не змянілася ані на працэнт.
Я вырашыў пракансультавацца ў адной са сваіх суседак. Дагледжаная пажылая дама, яна нават прынесла з сабой спецыяльную падушачку з леапардавым узорам, каб зручней сядзець. Было зразумела, што гэта не першы яе візіт на перадачу.
«Яны ўвогуле працуюць?» — спытаў я пра пульты.
Мая суседка хіхікнула і адмахнулася.
Тым часам першая частка праграмы падышла да канца. Аб’явілі кароткі перапынак.
«72 чалавекі са 100 пагадзіціліся з Класкоўскім, калі ён папярэдзіў, што інфармацыйная вайна пагражае і Беларусі, — абвясціў перад паўзай сувядучы Вячаслаў Бандарэнка. – А антыгерой — Юрый Стэць, 74 чалавекі былі не згодныя з ім, калі ён загаварыў аб расійскіх войсках на Украіне».
Ну-ну.
У перапынку мая суседка паспела з’есці памідорку. Адначасова яна гучна абуралася каментарамі Класкоўскага: «Вось колькі ні хаджу, усё ён крытыкуе і абураецца! Усё яму не падабаецца!». Мужчына, які сядзеў побач, з ёй не пагадзіўся.
«А вы зайдзіце на завод! Схадзіце, паглядзіце, якія там заробкі! Зараз уся нашая эканоміка накрываецца, — сказаў ён. — Патрэбныя рэформы, перамены! І ўладу трэба мяняць!»
«На каго? — пагардліва спытала жанчына. — На такіх, як гэты?»
Далей працягвалася ў тым жа духу. Пасля дзяржаўнай рыторыкі — «шчырыя» апладысменты, якімі заведвала тая ж дзяўчына, якая займалася рассадкай. Калі хтосьці прагаворваў нешта асабліва патрыятычнае, заўважаў недахопы сённяшняй украінскай улады ці, як Гігін, цытаваў Лукашэнку, яна ўздымала над галавой вялікую таблічку з надпісам «Аплодісменты», і аудыторыя імкліва рэагавала. У таблічкі чамусьці быў адбіты ніжні вугал.
«Пультавая таямніца» раскрылася ў канцы. Госці сышлі, а «гледачы» засталіся. Яны павінны былі дапрацаваць невялікі кавалак. Спачатку некалькі разоў здымалі апладысменты («Дайце мне зацікаўленыя твары!» — патрабаваў голас рэжысёркі аднекуль са столі), а потым дайшлі і да пультаў. Спачатку іх трэ' было проста патрымаць, гэта знялі, а потым загадалі і патыкаць у кнопкі.
«Націскаем, націскаем!» — камандаваў нябачны голас. Людзі ўзялі пульты і паслухмяна пачалі выконваць каманду. Я паглядзеў на мужчыну, які казаў пра неабходнасць пераменаў. Ён, так жа як і ўсе астатнія, засяроджана глядзеў на пустую сцэну, трымаючы ў руцэ пластыкавы пульт. Пальцы паслухмяна націскалі на кнопкі, якія ні на што не маглі паўплываць.
Читайте еще
Избранное