Чым вадамёты палівалі пратэстоўцаў у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі
23 верасьня супраць дэманстрантаў на праспэкце Пераможцаў ужылі вадамёты, але вада зь іх мела яркі памаранчавы колер. Свабода разабралася, што гэта за вадкасьць.

Фота Reuters
— Учора даволі доўга ля стэлы, падчас спробы блякаваць дарогу, бегалі ад вадамёта. Але, здаецца гэта ня фарба, а проста ржа ў вадзе, — расказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў учорашняй акцыі.
Бураковы экстракт
Многія таксама заўважылі лужыну ржавага колеру каля гасьцініцы «Юбілейная». Паводле экспэрта ў бясьпецы Андрэя Сыцько, гэта ўсё ж не ржавая вада, а спэцыяльныя сродкі.
— Сусьветная практыка: у гэтую ваду дадаюць адмысловыя фарбавальнікі, звычайна бураковы экстракт, ён бясшкодны. Гэта для таго, каб пазначыць людзей пры разгоне і пасьля затрымаць. Гэты бураковы экстракт бясьпечны, — кажа Андрэй Сыцько.
Другі варыянт рэчыва, якое могуць дадаць у ваду, — радамін. Гэта хімічны фарбавальнік, ён таксама бясшкодны.
Што такое радамін
— Гэта можа быць і радамін, ён сьвеціцца ва ўльтрафіялеце, але ён бясшкодны, хоць не змываецца звычайнымі сродкамі з вопраткі. Яго можна змыць толькі адмысловымі сродкамі, — гаворыць Андрэй Сыцько.
Але ў вадамёты могуць запампоўваць і хімікаты са сьлезацечным эфэктам.
— У нас я такога не сустракаў, але ў сусьветнай практыцы, у эўрапейскай практыцы запампоўваюць у вадамёт хімічны склад, які дае сьлезацечны эфэкт, — кажа Андрэй Сыцько.
Атрымаць апэратыўны камэнтар ад Міністэрства ўнутраных спраў Свабодзе не ўдалося.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное