Скандалы
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Чым унікальная «справа БЕЛТА»

Пяць момантаў.

Ілюстрацыя Аляксандра Чабатарова

1. Новы артыкул, па якім абвінавачваюць журналістаў

Сьледчы камітэт упершыню пачаў справу супраць журналістаў па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў за сабой прычыненьне істотнай шкоды).​

— Я такіх прэцэдэнтаў не магу згадаць. Гэта такая «залатая жыла», якая цяпер дае магчымасьць сьледчым прыйсьці ледзь не да любога журналіста, спасылаючыся на «справу БЕЛТА», — сказаў Свабодзе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

2. Абвінавачаньні журналістаў і дзеяньні праваахоўнікаў несувымерныя

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на паслугі, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных кліентаў. Tut.by і БелаПАН, сьцьвярджае сьледзтва, карысталіся чужым доступам да платнага кантэнту.

Сузаснавальнік беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta Андрэй Сушко сказаў, што журналістаў нельга прыраўноўваць да хакераў:

— Для мяне гэта пытаньне не крымінальнага права, а грамадзянска-прававых адносін, дагаворных адносін зь БелТА, доступу да інфармацыі. Дзеяньні несувымерныя таму, у чым абвінавачваюцца журналісты. І той шкодзе, якая будзе нанесена іміджу Беларусі. Мы будуем IT-краіну, і не разабрацца ў пытаньнях падпіскі, паралізаваць працу дзьвюх буйнейшых мэдыякампаній — гэта выклікае шмат пытаньняў. Гэта ўжо па-за юрыдычнай плоскасьцю.

3. Упершыню ператрус закрануў TUT.BY

Гэта першы ператрус у офісе ТАА «ТутБай Мэдыя» за 18-гадовую гісторыю існаваньня самага папулярнага інтэрнэт-парталу Беларусі, які заўжды імкнуўся займаць бесстароньнюю пазыцыю.

Заснавальнік Tut.by Юры Зісер сказаў, што сьледчыя падчас вобшуку запампавалі з офісных сэрвэраў усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпаратыўны партал, бухгальтэрыю, прычым ня толькі «ТутБай Мэдыя», але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да яго дачыненьне. Паводле Зісера, «палітычная падаплёка стала відавочнай».

— Улады хочуць максымальна кантраляваць мэдыя, не дапускаць непажаданай інфармацыі і камэнтароў. А эпоха онлайн-мэдыя стварыла ў кіроўных вярхоў пачуцьцё, што яны страчваюць вагары ўплыву. Звышзадача дзеяньняў сілавікоў — застрашыць, узмацніць самацэнзуру, каб больш кантраляваць мэдыйны сэктар. І, у прыватнасьці, Tut.by, а гэта вельмі маштабны рэсурс, які мае вялікі ўплыў на сьвядомасьць беларусаў. Таму ён і трапіў у прыцэл, — сказаў Свабодзе палітоляг, мэдыйны экспэрт Аляксандар Класкоўскі.

4. Большасьць затрыманых — жанчыны

— Гэта не была мэтанакіраваная атака на жанчын-журналістак. У Беларусі проста журналістыка стала жаночай прафэсіяй, бо яна не прыносіць славы, грошай, а толькі вялікія праблемы, — кажа галоўная рэдактарка сайту «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна. — Раней, дарэчы, была «жаночая справа», калі праходзілі вобшукі ў газэце «Народная Воля» і на сайце «Хартыі». Тады мяне, Марыну Коктыш, Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну абвінавачвалі ў спрыяньні паклёпу на кіраўніка Гомельскага ўпраўленьня КДБ. Але ў нас не было статусу падазраваных, вобшукамі і допытамі ўсё і абмежавалася. Тое, што цяпер адбываецца, гэта наогул нейкае вар’яцтва.

5. Да незалежных СМІ далучылі дзяржаўныя

Паводле Сьледчага камітэту, «да супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы незалежных мэдыякампаній «БелаПАН», Tut.by, Realt.by і Itv.by. Да іх далучылі дзяржаўныя ўстановы: выдавецкі дом «Беларуская навука» і газэту «Культура».

— Дзяржаўных далучылі за кампанію. Каб паказаць, маўляў, трапілі пад перасьлед ня толькі недзяржаўныя, але і яшчэ хтосьці, — выказаў меркаваньне старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Затрымалі 10 журналістаў гэтых выданьняў. Пяцярых журналістаў — Ульляну Бабаед, Людмілу Чэкіну, Яўгенію Беразюк, Дзьмітрыя Бобрыка і Андрэя Сераду — пасьля допыту ўвечары ў аўторак адпусьцілі. Яшчэ 5 чалавек застаюцца затрыманымі: Тацяна Каравянкова зь БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік з Tut.by.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Паводле ч. 2 арт. 349 гэта караецца штрафам, арыштам на тэрмін ад трох да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

8 жніўня па гэтай жа «справе БелТА» затрыманыя 4 супрацоўнікі парталу Realt.by — журналісты Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская і галоўны рэдактар Уладзіслаў Кулецкі, а таксама рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Таксама сьледчыя прыйшлі з ордэрам да журналіста-фрылансэра, палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага, ён мае статус падазраванага.

8 жніўня прайшоў ператрус у дзяржаўнай газэце «Культура». Сьледчыя правяралі рэдакцыйныя кампутары. Ніхто з супрацоўнікаў не затрыманы.

Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.

Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.

Ператрусы ў беларускіх рэдакцыях і затрыманьні журналістаў ужо асудзілі Рада Эўропы, міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускi ПЭН-Цэнтар, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні.

У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)