Чыгіра зьбілі напярэдадні прыезду Лукашэнкі

Бабруйскі палітык Алесь Чыгір больш за 12 гадзінаў знаходзіўся пад вартай. Міліцыянты затрымалі яго ноччу, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Аднак у суд яны сьведкамі не прыйшлі. Судзьдзя Натальля Чарапуха адміністрацыйную справу супраць палітыка пастанавіла адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты ў залі суду.

29 траўня ў Алеся Чыгіра быў дзень народзінаў. Ён, ягоная жонка і дачка Аліса позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю.

“Ён спыніўся ля супрацоўнікаў міліцыі, якія яго чакалі. Міліцыянты адчынілі дзьверы й пачалі мяне зьбіваць. Таксіст казаў: ну што, ты хацеў свой чэк — атрымай яго. Мне закруцілі рукі, закінулі ў машыну й завезьлі ў аддзел міліцыі. У пастарунку мяне сустрэў маёр Тоўсьцік і старшына Пашокін. Яны надзелі на рукі кайданкі й некім чынам прычапілі да іх правую нагу. Я ўпаў і ня мог падняць твар. Такім чынам яны мяне зьбівалі. Пры гэтым нават не былі заштораныя вокны”, — апавядае Алесь Чыгір.

Ноч Алесь Чыгір правёў у бабруйскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле Алеся Чыгіра, маёр Тоўсьцік кіраваў нападам на бабруйскі грамадзкі цэнтар 5 сакавіка. Тады Алесь Чыгір і праваабаронца Ігар Ходзька паскардзіліся на неправамерныя дзеяньня міліцыянтаў у пракуратуру. У пастарунку Тоўсьцік не хаваў, кажа Алесь, што зьбіцьцё — гэта помста за тую скаргу.

Сваё затрыманьне Алесь Чыгір лічыць невыпадковым. “Мяне затрымалі, каб запалохаць напярэдадні наведваньня Бабруйску Аляксандрам Лукашэнкам”, — кажа палітык. У пастарунку знаходзіліся магілёўскія й менскія амапаўцы:

“Гэта сапраўды нейкая зондэр-каманда, якая арудуе ў горадзе. Зьбівае ўсіх, хто трапляе пад руку. Нават самі супрацоўнікі міліцыі не хаваюць, што так званая зачыстка зьвязана з наведаньнем Бабруйску спадаром Лукашэнкам і нарадай міністраў унутраных спраў Беларусі й Расеі”.

Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца прыехаць 31 траўня, каб адкрыць лядовы палац.

Жонка Алеся Чыгіра Данута ноччу тры гадзіны дамагалася ад міліцыянтаў зьвестак пра свайго мужа:

“Мне зусім не давалі ніякай інфармацыі. Я запатрабавала кнігу скаргаў і прапановаў і першы запіс зрабіла там. Потым села й напісала скаргу на імя начальніка бабруйскай міліцыі. Дзякуючы гэтай паперы ў Алеся а сёмай раніцы быў ужо сьледчы міліцыі. Я бачыла, як Алеся павалілі на падлогу і пачалі біць. І калі я казала, што ён знаходзіцца тут і крычыць, а вы не пацьвярджаеце факту яго знаходжаньня тут, у вас нават шторы не завешаныя — тады яны пайшлі і завесілі”.

Паводле Дануты Чыгір, намесьнік старшыні бабруйскага гарадзкога суду Ўладзімер Лосеў, азнаёміўшыся з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, паведаміў, што будзе яе адпраўляць на дасьледаваньне, бо зашмат супярэчнасьцяў.

Так і выйшла, кажа Данута Чыгір. Акрамя таго, міліцыянты, якія затрымлівалі Алеся, у суд не прыйшлі. Судзьдзя паставіла вызваліць яго ў залі суду, а справу дасьледаваць. Даты наступнага судовага паседжаньня Натальля Чарапуха не прызначыла.

Натальля Чарапуха судзіла Алеся Чыгіра 1 верасьня 2006 году, калі ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму на знак пратэсту супраць свайго звальненьня са школы. Тады палітыка асудзілі на дзесяць сутак арышту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)