Сямён Печанко
«Чуў, што пішуць? Лукашэнка хоча апазіцыю расстраляць»

Карэспандэнт «Салідарнасці» прыгадаў атмасферу лістапада 1996 года.

Фота 90s.by

Лістапад 1996-га запомніўся сваёй выключнай змрочнасцю. Я вучыўся на першым курсе Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. На той момант навучальная ўстанова ўсё яшчэ называлася саўгас-тэхнікумам. Праз колькі год назву падкарэктавалі, але гэта ўжо мала што вырашала — у краіне запанаваў усеагульны саўгас.

Пакуль мае аднагрупнкі спрачаліся, што круцей — песня «Ау» «Ляписа Трубецкого» або «Тучи» «Иванушек», я чытаў газеты і слухаў радыё.

«Беларусь. Совершеннолетие». Год 1996-й

Падзеі разгортваліся імгненна. Лукашэнка правёў свой першы Усебеларускі сход, дэлегатаў якога, як і пры саветах, цэнтралізавана звозілі з усёй краіны аўтобусамі.

Фота 90s.by

Апазіцыя зладзіла альтэрнатыўны з’езд у абарону Канстытуцыі. Я слаба памятаю, пра што гаварылі лідары апазіцыі ў Палацы прафсаюзаў, у памяць урэзаўся толькі артыкул у газеце «Свабода» пра ўзмоцненыя меры бяспекі ў Мінску. Выданне пісала, што сілавікам нібыта раздалі баявыя камплекты.

Цяпер гэта прыгадваецца, як нейкі цуд: у 1996-м у кіёсках прадаваліся дзясяткі незалежных выданняў. У чарзе па «Свабоду» я пачуў размову двух наваградцаў. Адзін з іх паспеў набыць газету і дзяліўся навіной таварышам: «Чуў, што пішуць? Лукашэнка хоча апазіцыю расстраляць».

Фота 90s.by

У Навагрудку пра хуткі рэферэндум нагадвалі транспаранты, якія ў лістападаўскім паўзмроку сваёй чырванню выклікалі пачуццё трывогі.

«16 указов президента были признаны не соответствующими Конституции»

Першыя дні датэрміновага галасавання прынеслі новыя непрыемныя адкрыцці. У краме «Мелодыя» я стаў сведкам, як загадчыца пры пакупніках учыніла скандал. Яна крычала на прадаўцоў, каб тыя да канца працоўнага дня як адзін прагаласавалі.

Значна пазней я зразумеў, што гэта былі першыя крокі новай улады да будучых «элегантных» перамог.

Потым была навіна пра імпічмент. Яе я пачуў па маскоўскім радыё, з Мінска перадаваў Паўлюк Быкоўскі. Стаянне пратэстоўцаў на Плошчы Незалежнасці, кволая надзея. І параза.

«Десять лет диктатуры»

У тую восень выкладчыкі пыталі ў нас, першакурснікаў, на якой мове мы жадаем вывучаць прадметы. На сценах кабінетаў яшчэ віселі аформленыя па-беларуску стэнды і табліцы. Гэта быў іх апошні год. Як і альтэрнатывы ў краіне.

Надыходзіла эпоха рэінкарнаванага камсамола, усебеларускіх з’ездаў, селектарных нарадаў і палітінфармацый.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)