История

Андрэй Кныш

«Чорная хмара неслася з неба нібы самалёт». Ураган 1997-га ў фактах, цытатах і паралелях

«Салідарнасць» распавядае, што пра падзеі трыццацігадовай даўніны пісалі ў незалежнай прэсе.

Увечары 23 чэрвеня 1997-га ў Беларусь з Украіны ўварваўся магутны ўраган. Ён прыйшоў да нас з Польшчы, з Люблінскага ваяводства. Па дарозе нарабіў бяды на ўкраінскай Валыні, дзе ў выніку загінулі дзевяць чалавек.

Разгул стыхіі доўжыўся сем хвілін, шквал прайшоў праз усю Брэсцкую вобласць і спыніўся за Барысавам. Сведкі расказвалі пра чорную хмару, якая неслася на іх з неба нібы самалёт.

Хтосьці згадваў чырвоныя воблакі, якія хутка набліжаліся і за лічаныя хвіліны ператварыліся ў хвалю дажджу з градам. А таксама вецер, які зносіў усё, нібы ўдарная хваля ад ядзернага выбуху.  

У той вечар загінулі пяць чалавек, траўмы атрымалі больш за паўсотні. Людзей завальвала паваленымі дрэвамі, многіх параніла шыферам, які ветрам заганяла ў зямлю на паўметра.

Сіла ветру была такая, хто зламаныя дрэвы і слупы элетраперадач круціла па вуліцах нібы салому. Месцамі лес выглядаў скошаным гіганцкай касой.

На некалькі гадзін быў спынены чыгуначны рух на Маладзечанскім, Аршанскім і Асіповіцкім накірунках. У Рэспубліканскім штабе грамадзянскай абароны пра разгул стыхіі ў Брэсцкай вобласці даведаліся з вялікім спазненнем — былі разбураныя лініі сувязі і элетраперадач.

Паводле Белгідраметцэнтра, ураган утварыўся ў выніку актыўнага перамяшчэння атмасфернага фронта, перапад тэмператураў пры надзвычай вільготным паветры складаў ад 16 да 31 градуса цяпла. Гэта справакавала рэдкую для Беларусі з’яву — фармаванне кучавых аблокаў вышынёй 15-17 кіламетраў.

Да іншых кліматычных рэкордаў таго вечара можна аднесці вецер хуткасцю 32 м/с у Ганцавіцкім раёне, а таксама месячная норма ападкаў у Вілейскім раёне, якая выпала за лічаныя хвіліны.

215 мільярдаў у хвіліну

Стыхія закранула паўтара дзясятка раёнаў: у Брэсцкай вобласці пацярпелі Ганцавіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі і Ляхавіцкі, у Мінскай — Барысаўскі, Валожынскі, Капыльскі, Клецкі, Маладзечанскі, Мінскі, Нясвіжскі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі.

Тут і далей сканы газеты «Свабода», якія захоўваюцца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

У Іванаўскім раёне ўраган абмінуў толькі тры вёскі, у Івацэвіцкім раёне былі пашкоджаныя 70% вясковых дамоў. На Міншчыне найбольш пацярпелі Валожынскі, Капыльскі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі раёны.  

Агулам пацярпелі 695 населеных пунктаў, былі разбураныя 376 жылых дамоў і 208 вытворчых будынкаў, пашкоджана 7200 жылых дамоў і 1959 вытворчых будынкаў.

Былі моцна пашкоджаныя сельскагаспадарчыя пасевы на тэрыторыі 70 тысяч гектараў (па іншых дадзеных — каля 123 тысяч га). Ураганны вецер знішчыў і пашкодзіў каля 6232 га лясоў.

Першапачаткова агульная шкода ад урагану ацэньвалася ў трыльён беларускіх рублёў, пазней гэтую лічбу ўдакладнілі і ацанілі страты ў 1,5 трыльёна, што па тагачасным курсе складала больш за $55 мільёнаў — вялікія ў той час грошы.

«У вёсках гора, у Мінску — свята»

У 1997-м улады адмовіліся прасіць у іншых краінаў дапамогі, але заявілі, што не будуць супраць, калі хтосьці сам яе прапануе. Адгукнуліся кітайцы, якія прапанавалі фінансавую дапамогу, італьянцы перадалі харчаванне, японцы — медычныя наборы. Масква прапанавала грошы і будаўнічыя матэрыялы. Для ацэнкі ўрону і неабходнай дапамогі прыляцеў тачасны расійскі міністр па надзвычайных сітуацыях Сяргей Шайгу.

На камеры ён прасіў не палітызаваць свой візіт, але пры гэтым не ўтрымаўся і назваў беларусаў і расейцаў «практически одним народом».

Гордасць уладаў датычна звяртання па замежную дапамогу выглядала цынічна. У тыя дні Мінск рыхтаваўся да пампезнага святкавання 930-годдзя, якое запланавалі на 3 ліпеня, сумясціўшы з першым адзначэннем лукашэнкаўскага «Дня рэспублікі».

І пакуль у пацярпелых раёнах расчышчалі дарогі і рамантавалі пазрываныя дахі, над Мінскам лятала авіяцыя, рыхтаваўся ваенны парад.

Апазіцыя і простыя грамадзяне патрабавалі калі не адмяніць святкаванне, то хоць бы зрабіць яго больш сціплым, адмовіцца ад дарагога ваеннага парада. Гучалі галасы пра недарэчнасць гулянняў на фоне бяды, што напаткала тысячы сем’яў.

«У вёсках — гора, у Мінску — свята» пісала «Свабода». Выданне прыводзіла жахлівыя лічбы, якія падкрэслівалі масштаб нанесенай стыхіяй шкоды. Але ва ўладаў былі свае планы. І яны ад іх не адмовіліся.

Яшчэ адна трагедыя. І яшчэ адзін ігнор уладаў

1 ліпеня пад Кобрынам у аварыю трапіў аўтобус, які вёз дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў на аздараўленне ў Бельгію. Чацвёра дзяцей загінулі, 62 былі шпіталізаваныя. Самаму малодшаму з загінулых было 8 гадоў.  

Ахвяраў той катастрофы хавалі акурат тады, калі сталіца адзначала 930-годдзе. Патрабаванне апазіцыі і неабыякавых грамадзянаў абвесціць жалобу была праігнараваная.

Так супала, што амаль адначасова ў суседняй Латвіі здарылася свая трагедыя: падчас святкавання ў горадзе Талсі загінулі восем дзяцей.

Мясцовыя пажарныя зладзілі з пажарнай люлькі імправізаваную аглядную пляцоўкі. У пэўны момант люлька абрынулася з 20-метровай вышыні. Рыга абвесціла па загінулым нацыянальную жалобу.

«Хапіла толькі на спачувальную тэлеграму»

Як і ў выпадку з апошнім ураганам, рэакцыя ўладаў на падзеі 23 чэрвеня 1997-га выклікала крытыку і пытанні з боку грамадства і незалежнай прэсы.

Тагачасны калумніст газеты «Свабода» Сямён Букчын прыводзіў у прыклад кіраўнікоў краін, дзе адбываліся надзвычайныя здарэнні: прэзідэнты ЗША тэрмінова вярталіся з-за мяжы і з адпачынкаў, калі здараліся тэракты, навадненні і землятрусы. Міхаіл Гарбачоў перарваў заакіянскі ваяж, калі магутны землятрус зруйнаваў армянскі Спітак.

Аляксандр Лукашэнка ў тыя дні адпачываў у Сочы. Ягоная прэс-служба адгукнулася на трагічныя падзеі на радзіме толькі на наступны дзень. Яна апублікавала падрабязнасці размовы кіраўніка дзяржавы з тагачасным прэм’ер-мінстрам Сяргеем Лінгам.

Букчына абурыла паслядоўнасць той размовы: спярша Лінг падвёў вынікі працы прамысловасці за першае паўгоддзе, потым расказаў пра падрыхтоўку да візіту беларускай дэлегацыі на эканамічны форум у швейцарскі Кран-Мантана.

Наступнай была агучаная заклапочанасць Лукашэнкі хадой нарыхтоўкі кармоў для жывёлагадоўлі. І толькі пасля гэтага ён выслухаў праваздачу пра надзвычайнае здарэнне, загадаў даслаць тэлеграму са спачуваннямі сем’ям загінулых і пацярпелых.

Працытуем аўтара публікацыі:

Гэта і ёсць твар рэжыма. Цынічны. Хамскі. Пазбаўлены элементарнай культуры. Гэта пацвярджае і апошні абзац афіцыйнага паведамлення: «Напружанае становішча, якое склалася з нарыхтоўкай кармоў, а таксама неабходнасць канцэнтрацыі намаганняў па ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства вымушаюць Аляксандра Лукашэнку перапыніць адпачынак і вярнуцца ў краіну».

У адрозненне ад нашых дзён, у 1997-м ён і праўда наведаў пацярпелыя раёны. Але ёсць і сімвалічныя паралелі. На радзіму ён вярнуўся толькі пасля таго, як правёў запланаваную раней сустрэчу з кіраўніцтвам Краснадарскага краю.

Прыгадаем, што і сёлета Лукашэнка прымаў кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў, пакуль у Мазыры ды іншых пацярпелых паселішчах разграбалі завалы пасля ўрагана.

«У любой краіне можа здарыцца бяда. І тады праяўляецца сапраўднае аблічча ўлады», — зрабіў выснову ў 1997-м Сямён Букчын.

Наступныя тры дзясяткі гадоў беларусы мелі магчымасць бачыць гэта неаднойчы. І не толькі пасля шквалістага ветру з градам.