Чэмпіён сьвету пра рэпрэсіі ў Беларусі: «Лукашэнка напалохаўся, што ніхто за яго не прагаласуе»

Самы ўганараваны беларускі канькабежац, шасьціразовы чэмпіён сьвету, алімпійскі прызэр Ігар Жалязоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адрэагаваў на сілавы сцэнар, выбраны беларускімі ўладамі падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Ігар Жалязоўскі, фота Радыё Свабода

26 гадоў Лукашэнка з трыбуны прамаўляе адно, а робіць зусім іншае. Таму сёньня ўсё залежыць ад людзей, найперш маладых, якім тут жыць: ад іх мужнасьці, стойкасьці, вытрыманасьці.

Ігар Жалязоўскі

Незапатрабаваны на радзіме, былы спартовец даўно пераехаў у Расею, займаецца там бізнэсам. Кажа, што з прычыны празьмернай занятасьці не атрымліваецца засяродзіцца на нюансах і раскладзе палітычнай кампаніі, але выклікае засмучэньне, што ўсё часьцей навіны зь Беларусі нагадваюць «франтавыя зводкі з крымінальным адценьнем» — пералік арыштаваных прэтэндэнтаў і чальцоў іх камандаў, ператрусы і спэцапэрацыі сілавікоў, разгон мірных акцый і нават чэргаў у краму ці ЦВК.

«Каб утрымаць уладу, даводзіцца дзейнічаць усё больш брутальна»

Паводле Ігара Жалязоўскага, асабліва цяжка было стрымаць эмоцыі, калі пасьля адмовы Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу сілавікі брутальна «вінцілі» па ўсёй Беларусі як удзельнікаў спантанных акцый, так і выпадковых мінакоў. Хіба што ў Расеі, якой таксама далёка да стандартаў дэмакратыі, абыходжаньне з пратэстоўцамі такое ж жорсткае, кажа ён.

— На жаль, нічога новага Лукашэнка не прыдумаў, так заўсёды было, — гаворыць Ігар Жалязоўскі Свабодзе. — Магу памыліцца, але яшчэ ніводная кампанія за 20 апошніх гадоў не заканчвалася мірна. Адзінае, з кожным разам толькі брутальней, бо ўсё цяжэй утрымаць уладу. Вось, відаць, і напалохаўся, што рэальна ніхто не прагаласуе, бо да гэтага ўсё ішло. Плюс пастарэў, адстаў у тэхналёгіях.

Цяпер штосьці сфальсыфікаваць нашмат складаней, чым нават 5 гадоў таму: усе сталі блогерамі, пішуць пасты, выкладаюць відэа. Нешта схаваць ня тое што цяжка, а немагчыма. Таму такая ваяўнічая рэакцыя.

Галоўная праблема Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што, ізаляваўшыся ва ўмоўных Драздах, ён страціў сувязь з рэальнасьцю, лічыць Ігар Жалязоўскі. Уявіў сябе мэсіяй, безь якога краіна зойдзе ў тупік, а народ разгубіцца, застаўшыся бяз «бацькі-пастуха.

— Ведаючы нашага кіраўніка, складана чакаць сумленнай барацьбы, — працягвае ён. — Асабіста для мяне было абсалютна прадказальна, што будуць выбраныя менавіта такія мэтады — дыскрэдытацыя апанэнтаў, пасадкі канкурэнтаў, жорсткія разгоны і суды пад капірку.

І яго не хвалюе, што тым самым толькі больш настройвае людзей супраць сябе, адштурхоўвае нават тых, хто некалі яго падтрымліваў. Пляваць на ўсіх, паверце. Для яго галоўнае — застацца пры ўладзе, бо ведае, што інакш магчымыя наступствы.

Ну а навошта рызыкаваць, калі можна падоўжыць тэрмін яшчэ на 5, а то і на 10 гадоў? Тым больш здароўе дазваляе.

«Думалі, супраць Канстытуцыі ня пойдзе, а ён яе перапісаў пад сябе»

Ігар Жалязоўскі пасьмейваецца з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо пачаў неарыгінальна паўтарацца пра адсутнасьць намеру трымацца за ўладу «пасінелымі пальцамі». Бо на справе дэманструе абсалютна іншае, канстатуе суразмоўца, — «мёртвую хватку».

— Адна справа — «езьдзіць па вушах», і зусім іншае — даказаць свае намеры ў рэальнасьці. Трэба ж ацэньваць учынкі, а ня словы. Правільна людзі гавораць: 26 гадоў Лукашэнка з трыбуны прамаўляе адно, а на справе робіць абсалютна іншае. У гэтым сэнсе я з народам цалкам салідарны.

Таму сёньня ўсё залежыць ад саміх беларусаў, найперш маладых, якім тут жыць: ад іх мужнасьці, стойкасьці, вытрыманасьці. Калі нічога не рабіць, то ўсё закансэрвуецца і будзе працягвацца вечна. На жаль, у свой час недаацанілі, думалі, супраць Канстытуцыі прэзыдэнт дакладна ня пойдзе. А ён яе проста прыстасаваў пад свае патрэбы.

Колішні спартовец аб’езьдзіў практычна ўвесь сьвет і сумняваецца, што дзесьці ёсьць яшчэ такая краіна, у якой кожныя прэзыдэнцкія выбары суправаджаюцца масавымі пасадкамі апанэнтаў.

— Лукашэнка так падпарадкаваў сабе сыстэму ўладнай вэртыкалі, што грамадзянская супольнасьць практычна ня ў стане на нешта паўплываць. Захацеў некага пасадзіць, не пасьпеў прыгразіць — чалавек ужо сядзіць.

Толькі падумаў, што было б добра зьняць суперніка з выбараў — канкурэнт ужо на ўзбочыне. Безумоўна, гэта ненармальна для цывілізаванай краіны, але факты гавораць самі за сябе.

З гледзішча ягонай бясьпекі і плянаў на будучыню так і павінна быць, тут нічога дзіўнага. Дзіўна толькі для ўсяго астатняга сьвету, які за гэтым тэатрам абсурду назірае, — падсумоўвае Ігар Жалязоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)