Аляксандр Класкоўскі, ”Наша нiва”
Чавэсу яшчэ вучыцца ды вучыцца!

Афіцыйны беларускі лідэр ужо павіншаваў Уга Чавэса зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Хаця вынікі пакуль што — папярэднія. Гэтак сама пасьпяшаліся даслаць у Каракас віншаваньне з Тэгерану. Сябры!

Радасьць афіцыйнага Менску можна зразумець. Такія пляны! Паклалі вока на нафтавыя радовішчы ў басэйне Арынока, рыхтуемся заваліць каліем і трактарамі. Дый увогуле — стратэгічны хаўрус. А перамог бы Чавэсаў канкурэнт — усе задумы маглі б ляснуцца.

Часта праводзяць паралель між беларускім і вэнэсуэльскім кіраўнікамі: маўляў, у абодвух канькі — папулізм ды аўтарытарызм. Але Чавэсу яшчэ далёка да беларускай мадэлі, якую ён абяцаў узяць за ўзор. У Вэнэсуэле папярэдні лік электаральнага спаборніцтва — трохі болей за 60% у дзейнага прэзыдэнта і пад 40% у ягонага канкурэнта. Яшчэ ня той паказчык, каб шырокім жэстам дарыць адсоткі супернікам!

Калі ж сур'ёзна, то вынік цалкам чаканы. Тамтэйшая апазыцыя таксама не абышлася без заяў пра падтасоўкі. Але можна сьцьвярджаць, што ў любым разе не яны схілілі шалю вагаў на Чавэсаў бок. Бо прыкладна такую прапорцыю сымпатый паказвалі і апытаньні грамадзкае думкі. Гэта сьведчыць, па-першае, пра рэальную барацьбу, а па-другое, пра сапраўды незалежную сацыялёгію. Звыш таго, у краіне дзейнічаюць прыватныя тэлеканалы і даволі моцная незалежная прэса.

Ці вось такі штрых: за тыдзень да выбараў апазыцыя вывела на вуліцы Каракасу паўтара мільёны чалавек. Бачыце, і гэта не дапамагло!

На такім тле пляны апанэнтаў беларускага рэжыму зладзіць рымэйк плошчы Каліноўскага ці аж цэлую гарачую вясну выглядаюць, так бы мовіць, ня надта грунтоўнымі. Кажу ня дзеля таго, каб лішні раз кінуць камень у апазыцыю, якую ня бэсьціць толькі лайдак. Проста нават на тле вэнэсуэльскіх рэаліяў выразна бачна, што публічная палітыка ў Беларусі забіта, зьнішчана як зьява. І палітыкі як кляса, лічы, зьліквідаваныя. Так некалі Сталін зьліквідаваў кулакоў.

Дарэчы, менавіта выпаленае бальшавізмам грамадзства і стала найспрыяльнейшай глебай для беларускае мадэлі. Тое дэмакратычнае, што прарасло на пачатку 1990-х, вытаптаць было няцяжка.

Улюбёнцу беднаты Чавэсу ў гэтым сэнсе цяжэй: моцны супраціў ладзіць кляса ўласьнікаў, якая валодае ў тым ліку і сур'ёзнай мэдыйнай зброяй. Іх так адразу ня зваліш. Чавэсу, які толькі марыць пра "рэвалюцыйны сацыялізм", яшчэ вучыцца і вучыцца ў сваіх куміраў!

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)