Чатыры прагнозы ад уладаў ня спраўдзіліся. Пяты: 14 жніўня «забудзем гэты жахлівы сон»
Падчас нядзельнай нарады Аляксандар Лукашэнка выказаў думку, што «нам трэба напружана вытрымаць да пачатку лета» ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Ды прагнозы ўладаў і чыноўнікаў наконт эпідэміі некалькі разоў ня спраўджваліся, а толькі абнаўляліся, піша Свабода.
31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць хворага на COVID-19, Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку». З таго часу колькасьць інфікаваных вырасла ў 110 разоў.
9 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік казаў, на пік захворваньня каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня. Але на пачатку траўня колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы працягвае расьці — новыя выяўленыя выпадкі штодзень перавышаюць колькасьць выпісаных і памерлых.
14 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Алены Богдан на падставе лічбаў за тры дні прыйшла да высновы, што распаўсюд вірусу не паскараецца: фіксавалі 340-360 новых выпадкаў на дзень. Яна казала, што такая сытуацыя працягнецца яшчэ «каля двух-трох тыдняў». Ужо за наступны дзень выявілі 447 новых выпадкаў, цяпер за дзень фіксуюць удвая больш.
19 красавіка галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Натальля Жукава казала, што «ёсьць перадумовы думаць, што захваральнасьць павінна зьніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні». Праз два тыдні пасьля той заявы колькасьць выяўленых выпадкаў на дзень вагаецца на ўзроўні 817–973 на дзень, не дэманструючы тэндэнцыі да зьніжэньня. Але карэлюе з колькасьцю зробленых тэстаў: у апошнія 10 дзён 9–13% тэстаў на COVID-19 даюць станоўчы вынік, адсотак не мяняецца істотна — чым больш робяць тэстаў, тым большая абсалютная колькасьць новых выпадкаў.
1 траўня загадчык аддзяленьня Менскай абласной лякарні, эпідэміёляг Віктар Сушчэвіч сказаў, што пік эпідэміі прыпадзе на 20-я дні траўня і далей пойдзе на спад. Праз два дні ён дапоўніў прагноз у эфіры БТ: «затым павінна наступіць зьніжэньне прыкладна да сярэдзіны чэрвеня», «канкрэтная дата, калі мы забудзем гэты жахлівы сон — 14 жніўня».
Читайте еще
Избранное