Общество
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Чатыры месяцы пасьля сьмерці Коржыча. Што ўлады абяцалі і што зрабілі

6 студзеня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што расьсьледаваньне справы аб сьмерці салдата ў Печах чарговы раз працягваецца.

Свабода ўзгадвае абяцаньні, дадзеныя чыноўнікамі і вайскоўцамі празь некалькі дзён пасьля гібелі Аляксандра Коржыча, і параўноўвае іх з тым, што адбылося пасьля.

Адмова прызываць у войска адзінага сына ў сям’і

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што адзіны сын у сям’і можа быць вызвалены ад тэрміновай службы, Аляксандар Лукашэнка сказаў на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінабароны.

— Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея, — сказаў кіраўнік краіны.

Военный эксперт: «Если освободить от службы одного ребенка в семье, его придется кем-то заменять»

Што паўплывала на Лукашэнку, з пэўнасцю сказаць складана. Вядома, што адзіным сынам у сям’і быў Аляксандар Коржыч, які трагічна загінуў на пачатку кастрычніка, а прэс-сакратар кіраўніка краіны заяўляла, што расьсьледаваньне сьмерці салдата знаходзіцца пад асабістым кантролем Лукашэнкі.

Вайсковая частка ў Печах

Што зрабілі. Нічога. Ніякіх зьвестак пра зьмены ў парадак прызыву салдат тэрміновай службы ў Беларусі ад моманту сьмерці Аляксандра Коржыча не адбывалася.

У канцы лістапада ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняты праект зьменаў у закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Аднак рэзанансная прапанова кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вызваляць ад вайсковай службы адзінага сына ў сям’і ў парлямэнт не паступала. Сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы, дэпутат Ігар Мартынаў у размове са Свабодай сказаў, што сытуацыю «трэба прааналізаваць».

— Не, гэта толькі было заяўлена кіраўніком дзяржавы падчас прадстаўленьня новага начальніка вучэбнага цэнтру, — сказаў Мартынаў. — Натуральна, калі гэтую норму будуць уносіць, то гэта зробіць Міністэрства абароны. Але перад тым усю сытуацыю трэба вывучыць і прааналізаваць. У прынцыпе, так было сказана і кіраўніком краіны.

Камэры відэаназіраньня ў вайсковых частках

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што на тэрыторыі Печаў будуць усталяваныя камэры відэаназіраньня, 5 лістапада сказаў міністар абароны Андрэй Раўкоў.

— Гэта дапаможа дзяжурным па школах у поўным аб’ёме кантраляваць сытуацыю. Ужо ня будзе такіх месцаў, якія дазволяць стараслужачым салдатам нешта там нядобрае рабіць. У нас у многіх вайсковых частках відэаназіраньне ўжо ўсталяванае, вядзецца ў плянавым парадку», — сказаў кіраўнік Мінабароны.

Што зрабілі. Як расказалі Свабодзе родныя салдат, што служаць у Печах, камэр відэаназіраньня падчас наведваньня часткі яны не заўважылі. Яшчэ ў канцы восені суразмоўцы Свабоды з вучэбкі ў Печах ацэньвалі такую меру скептычна. Маўляў, паўсюль камэры ўсё адно ўсталяваць немагчыма, і няма гарантыі, што асобы, якія будуць праглядаць відэазапісы, стануць апэратыўна дакладваць кіраўніцтву пра ўсе заўважаныя парушэньні статуту.

Больш частыя кантакты зь сям’ёй для тых, хто ў вучэбках

Што плянавалі зрабіць. Дазволіць салдатам, якіх толькі-толькі прызвалі ў войска, часьцей бачыцца з роднымі і нават наведваць іх дома. Гэта таксама прапанаваў асабіста кіраўнік Беларусі.

У кастрычніку Лукашэнка параіў вайскоўцам перагледзець парадак знаходжаньня новапрызваных салдат у так званых «вучэбках». На яго думку, можна дазволіць ім часьцей бачыцца з роднымі і нават адпускаць іх дадому на некалькі дзён.

— Ня трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва ў гэты пэрыяд, калі яны знаходзяцца ў „вучэбцы“. Можа, нават часьцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз на месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе? — сказаў Лукашэнка.

Што зрабілі. «З сынам можна бачыцца без праблем, кожныя выходныя пускаюць у частку, — кажа Свабодзе бацька салдата тэрміновай службы Мікалай, чый сын зь лістапада служыць у Печах. — Там нават дзіцячы садок цяпер, афіцэры бегаюць за бацькамі. Сочаць, каб не зайшлі некуды не туды. Месца для сустрэчаў даюць, усё ў гэтым пляне выдатна. Ажно вельмі лібэральна».

Разам з тым, па словах Мікалая, дадому навабранцаў адпускалі толькі на адзін дзень пасьля прыняцьця прысягі, а ня раз на месяц, як прапаноўваў зрабіць Лукашэнка.

Дазвол на мабільныя тэлефоны без інтэрнэту і камэры

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што салдатам у Печах афіцыйна дазволяць мець пры сабе мабільныя тэлефоны, Мінабароны паведаміла празь месяц пасьля гібелі Аляксандра Коржыча. Прычына новаўвядзеньня на паверхні — пра факты, калі сяржанты займаліся вымагальніцтвам, зьвязаным з мабільнымі тэлефонамі салдат, шмат расказвалі хлопцы, якія прайшлі службу ў Барысаве.

Военный эксперт о переменах в Печах: «Полтора года можно отслужить без навороченного телефона»

Што зрабілі. «Можна тэлефоны мець з сабой, так. Мы нават адмыслова набывалі новы сыну, каб бяз камэры і інтэрнэту, — кажа Свабодзе Мікалай. — Сын амаль кожны дзень звоніць нам, з гэтым няма ніякіх праблем».

Па словах бацькі салдата зь Печаў, адзіная праблема, зь якой сутыкнуўся сын за тры месяцы службы — гэта няякасны абутак, які «літаральна нельга насіць». Мікалай кажа, што бацькі масава шукаюць сваім дзецям іншыя берцы, якія прывозяць у частку.

Расьсьледаваньні сьмерцяў салдат

Што плянавалі зрабіць. Як мінімум — расьсьледаваць гібель Аляксандра Коржыча. У першыя тыдні кастрычніка навіны пра затрыманьні ды звальненьні сяржантаў і афіцэраў з часткі пад Барысавам прыходзілі амаль кожны дзень. Улады таксама пайшлі на незвычайны крок — Лукашэнка асабіста загадаў дапусьціць маці Аляксандра Коржыча Сьвятлану да ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях. «Яна павінна быць дапушчана да сьледчых дзеяньняў. Хай гэта ў законе не прадугледжана — ня важна, — сказаў Лукашэнка. — Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэньне... Які б ні быў вынік расьсьледаваньня, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб мама была ў курсе справы».

Акрамя гэтага, Сьледчы камітэт паведаміў, што будуць перагледжаныя ўсе выпадкі сьмерці і траўматызму салдат у войску за апошнія шэсьць гадоў. «Не выключаю, што па некаторых справах рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы або спыненьні тых спраў, якія былі заведзеныя, будуць адмененыя, каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю», — сказаў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Мама Саши Коржича: «Стали переодевать — и что мы увидели, мне аж стало страшно»

Што зрабілі. З афіцыйнымі заявамі пра ход расьсьледаваньня справы Коржыча Сьледчы камітэт выступаў двойчы. 13 кастрычніка сьледчыя паведамілі, што цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Другая заява была зробленая ў лістападзе, калі СК расказаў пра экспэртызу цела Коржыча. Паводле СК, на ім не было выяўлена іншых пашкоджаньняў, акрамя сьледу на шыі, які ўтварыўся ў працэсе павешаньня. Пазьней паведамлялася толькі пра тое, што тэрмін расьсьледаваньня падоўжаны. Апошні на дадзены момант раз гэта адбылося 6 лютага. Пра ход расьсьледаваньня вядома мала: колькасьць абвінавачаных (каля 15 чалавек) — і тое, што нікому зь іх пакуль ня выстаўленыя абвінавачваньні ў забойстве або давядзеньні да самагубства. Зьяўлялася інфармацыя толькі пра справы аб махлярстве і перавышэньні паўнамоцтваў.

Тым часам як мінімум адно новае расьсьледаваньне справы пра гібель салдата тэрміновай службы ў войску зноў спыненае. Пра гэта Свабодзе расказала маці салдата, які загінуў у барысаўскай частцы — Тацяна Басьцюк.

— 22 студзеня нам паведамілі, што адноўленае ў кастрычніку расьсьледаваньне зноў спынілі. Нават ня нам, а адвакату, — кажа Тацяна. — Адвакат незадаволены, кажа, што ў пастанове і матэрыялах справы шмат спрэчных момантаў. Цяпер ён рыхтуе скаргу. Мы самі ўжо зьвярталіся ў БХК, будзем спрабаваць падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

Па словах Тацяны Басьцюк, сьледчыя забаранілі ім рабіць фатакопіі справы аб гібелі сына.

— Ніякіх ксэракопій альбо фота. Дазволілі толькі ад рукі перапісваць тое, што нам трэба. Цяпер раімся зь юрыстамі, што менавіта нам рабіць з матэрыяламі справы, — кажа Тацяна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)