Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя
Чатырох полацкіх міліцыянтаў асудзілі за забойства

Амаль два з паловай гады цягнулася справа чатырох полацкіх міліцыянтаў і нарэшце скончылася тэрмінамі пакараньня: траім па пяць гадоў пазбаўленьня волі, а аднаму — чатыры.

Суд у Глыбокім разьгледзеў усе акалічнасьці, заслухаў сьведак, прааналізаваў вынікі шматлікіх экспэртызаў і прыйшоў да высновы, што 27-гадовы мужчына памёр ў міліцэйскім пастарунку ў выніку зьбіцьця асобамі з пагонамі. Судмэдэкспэрты пацьвердзілі — галоўнай прычынай быў моцны ўдар у сонечнае спляценьне.

Сьцьвярджэньні міліцыянтаў пра алькагольнае атручваньне, цеплавы ўдар, альбо нечаканую хваробу абверглі. Аднак асобу міліцыянта, які нанёс сьмяротны ўдар, высьветліць не ўдалося, таму свае тэрміны ўдзельнікі расправы атрымалі, у першую чаргу, за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Апэратыўнікі з парушэньнямі склалі пратакол, не накіравалі падазронага ў дзяжурную частку ці ізалятар часовага ўтрыманьня.

Замест гэтага прывезьлі двух затрыманых братоў, якія сьвяткавалі дзень народзінаў на беразе ракі Палаты, у будынак аддзелу ўнутраных справаў, дзе разьвялі іх па розных памяшканьнях і пачалі патрабаваць прызнаньняў у зьдзяйсьненьні крадзяжу. Пазьней да сваіх супрацоўнікаў падключыўся таксама намесьнік кіраўніка крымінальнага вышуку. Па словах міліцыянтаў, затрыманы імяніньнік кідаўся на іх, лаяўся, таму на яго начапілі „бранзалеты”, пасьля чаго малады чалавек „нечакана” згубіў прытомнасьць. Калі прыехала хуткая дапамога, ён ужо сканаў.

Маці загінуўшага ў свой дзень народзінаў палачаніна гарадзкі адзел унутраных справаў выплаціць 7 млн. рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду. Крыху болей 30 срэбных цэнтаў за кожны дзень кароткага жыцьця чалавека, якога ўжо ня вернеш.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)