Комментарии
Таня Аліпчыкава, 34MAG

«Часам мне падавалася, што гэта бессэнсоўна, асабліва калі ён задзвінуў, што я чакаю ад Лукашэнкі таго ж, чаго і ад бацькі»

Калі бег, бухло, сэкс, танцы, маляванне і серыялы больш не кацяць і не могуць зняць твой стрэс ці дапамагчы пазбавіцца ад апатыі, можа быць, настаў час звярнуцца да паслядоўнікаў Ялама.

Будзе новая тэма для абмеркавання з сябрамі і рэальная карысць. Нашая рэдактарка пайшла да тэрапеўта праз жаданне здохнуць і, калі яе папусціла, вырашыла падзяліцца лайфхакамі ды сваімі думкамі пра ўнутраныя працэсы.

Я пайшла да псіхатэрапеўта, калі стала відавочна – мне п***ц. Дапамагаць сабе сама я больш не магла. І ніхто не мог.

Дагэтуль кожны вечар на працягу некалькіх месяцаў рыдала па дзве-чатыры гадзіны. Калі вочы маглі нешта бачыць па-за сцяной вады, якая лілася бясконца, яны ўпіраліся ў сцяну. Так я ляжала моўчкі яшчэ некаторы час. Кожны дзень.

Доктара шукала на сайтах псіхалагічнай дапамогі. Першыя дзесяць старонак паказвалі дзіўных бялявых жанчын за 45, якія зіхацелі не заўсёды прыгожымі зубамі і стразамі завушніц і абяцалі вырашыць усе праблемы і закрыць мае гештальты, гештальты маёй маці ды бабулі, якая памерла. Нарэшце я знайшла яго – глыбокі, трохі вар’яцкі погляд, прыемны твар, ніякай усмешкі. Бінга!

Я ў псіхатэрапіі два гады. Спачатку мне было няёмка, і амаль ніхто з блізкіх не ведаў, потым я пачала ганарыцца такім фактам свайго жыцця і казаць пра гэта ў падыходзячых, і не вельмі, размовах. Цяпер разумею, што для мяне гэта неабходная рэч, і больш ужо ніяк не рэагую на: «Табе грошы няма куды дзець?», «А нахрана?», «Э...».

Часам мне падавалася, што ўсё гэта бессэнсоўна, што ён кажа нейкую лухту, асабліва калі задзвінуў, што я чакаю ад Лукашэнкі таго ж, чаго і ад свайго бацькі; што лічыць мяне тупой, бо я распавядаю пра банальныя, усім вядомыя рэчы, якія, як казаў мой сябра, «лечацца бухлом і тусоўкамі, Танечка». Я нават чакала, калі аднойчы ён устане са свайго глыбокага фатэля і зараве: «Ды ты дастала! Ці гэта праблемы? Гэта праблемы? Вунь людзі на вайне гінуць, а некаторыя застаюцца калекамі, а ты што, што ты ныеш? Пайшла адсюль нафіг! (Ці нават далей.)»

Але ён маўчаў. І аднойчы я не вытрымала, запытала, ці не думае ён, што я шмат драматызую. Ён нават здзівіўся. З таго самага моманту з дапамогай тэрапеўта я пачала знаёміцца з сабой і спрабаваць прыняць тое, пра што нават не ведала.

Яму я распавядаю ўсё. Ну, амаль усё. І значна болей, чым сабе, не кажучы пра тых, каго лічу блізкімі. Яму можна давяраць. Таму што існуе прафесійная этыка, таму што ён спец, ну і таму што я аддаю дзесяць баксаў за гадзіну. Бывала, я не магла заторкнуцца, бывала, не магла размаўляць. Аднойчы мы разбіралі дзве супрацьлеглыя асобы, якія жывуць ува мне. Адну з іх я, канешне, цярпець не магла, і сустракацца з ёй жадання не было. Страшна, брыдотна, навошта. Калі ён прапанаваў мне паразмаўляць услых са сваім «я», пачала ржаць, гляджу на яго – а там і не пахне ўсмешкай.

Як мне было сорамна. Я, дарослая баба, сяджу насупраць дарослага мужыка і ўслыыыых размаўляю сама з сабой. Хвілін праз дзесяць, перасаджваючыся з фатэля на крэсла насупраць, тым самым змяняючы сваё «я», я ўжо была ў трансе, няспынная і ўпартая. Выявілася, што тую пачвару завуць ніяк не інакш, а Кіра, і яна не такая ўжо і мярзота, а нармальная баба, троху дэспатычная, але справядлівая. Карацей, неяк мы з ёй дамовіліся, і калі яна потым усплывала зноў, я хаця б ведала, як яе клічуць і што ёй трэба.

За два гады я нарэшце пачала больш разумець, што:

▪ кажучы пра сябе, трэба казаць «я» і дзеяслоў у адпаведным ліку, а не «Ідзеш ты такая» і «Вось ты разумееш, што гэта лайно»;

▪ галоўнае ў маім жыцці – я;

▪ не трэба «прычыняць» дабрыню і дапамагаць, калі не просяць;

▪ калі ўзнікае настойлівае жаданне рабіць нешта для іншых, гэта часта адбываецца таму, што тое ж самае патрабуецца мне самой.

Варта тармазнуць ды прааналізаваць: мо надышоў час паклапаціцца пра асабістыя патрэбы?

▪ не трэба трындзець сабе: сэнсу няма, ды і ніхто не пачуе, акрамя мяне;

▪ здаровых няма. Гэта міф. Гены, бацькі, настаўнікі, дзяржава, клімат – усё, што нас фармуе, не можа не калечыць. Кагосьці больш, кагосьці менш, а некага толькі зачэпіць. Норму прыдумалі таму, што ў соцыуме не варта выдзяляцца. Калі ты трохі не адпавядаеш невядома чаму – што звычайна клічуць нармальным, – «Ты дурачок ці што?»;

▪ псіхалагічныя траблы, неразруленыя ў патрэбны момант, вельмі любяць праяўляцца праз цела. Псіхасаматыка, сябрукі і сябровачкі. Такая сабе забава, лепей не трэба. Біліў мі, гэта можа быць вельмі балюча.

О, мне б вельмі хацелася, каб «секта» гештальт-тэрапіі захапіла гэтую краіну, каб людзі падсаджваліся на гэта болей, чым на бухло. Я ўжо бачу, як супольнасць змяняецца, як мы глядзім адно аднаму ў вочы і кажам не толькі тое, што думаем, але і тое, што адчуваем.

Слухаем і чуем. А пакуль мае прагрэсіўныя знаёмыя адхрышчваюцца і выбіраюць свае метады барацьбы з дэпрасам, якія, спадзяюся, дапамагаюць, я цяжка і павольна сунуся бліжэй да сябе і далей ад іх. Бо складана размаўляць з чалавекам, які нават не ідэнтыфікуе сябе са словам «я» і, распавядаючы пра справы, называе сябе ў другой асобе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)