Чарнуха: «Што больш жорстка і крыважэрна? Забіць чалавека матыгай ці даць яму памерці ў сырой камеры ад прабадной язвы?»
Журналіст — пра страшныя прысуды музыкантам гурта Tor Band.
— Музыканты з беларускага гурта Tor Band атрымалі страшныя прысуды ў роднай краіне, — піша Аляксандр Чарнуха. — Калектыў прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, і хлопцаў судзілі па абсалютна абсурдных прычынах.
Калі вы паслухаеце песні гурта, то зразумееце гэта. Падчас абвяшчэння прысуду бубнач Tor Band нават не змог стаяць на мыліцах — такі дрэнны ў яго стан.
Усе вы добра ведаеце гісторыю Камбоджы і рэжыму чырвоных кхмераў. Дык вось да таго, як да ўлады прыйшоў крывавы Пол Пот, у краіне квітнеў вельмі цікавы і аўтэнтычны камбаджыйскі рок. Там былі свае суперзоркі, свая сцэна і вельмі вялікая аўдыторыя.
Калі пачаліся рэпрэсіі, амаль усе гэтыя зоркі (як і іншыя дзеячы культуры) былі забітыя. Куль у краіне не хапала, таму забівалі іх матыгамі. Гучыць жорстка?
Але вось маё пытанне. Што больш жорстка і крыважэрна? Забіць чалавека матыгай ці даць яму памерці ў сырой камеры ад прабадной язвы? Хутка знішчыць яго ці назіраць з усмешкай за ягонымі пакутамі?
У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Затое ёсць усведамленне таго, што беларуская ўлада нічым не адрозніваецца ад самых бязлітасных рэжымаў у гісторыі чалавецтва. Гэта дзікуны, якія ўмеюць толькі гвалтаваць і разумеюць толькі мову гвалту.
Дрымучыя, помслівыя істоты, якія баяцца нават песень. Няхай гэтыя песні працягваюць гучаць, свінцом заліваюць вушы катаў, робяць іх жыццё невыносным. Каб яны адчувалі тое, што і людзі, якіх яны знішчаюць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное