Общество
Міхал Стэльмак, ”Радыё Свабода”

Чарнобыльскія ліквідатары ствараюць новую арганізацыю

У Беларусі ствараецца новая чарнобыльская арганізацыя – “Ліквідатар”. Яна ставіць мэтай абарону грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У рэгіёнах праходзяць сходы актывістаў у падтрымку гэтай ініцыятывы.

Адбыўся сход чарнобыльцаў, што пражываюць на Меншчыне. Удзельнікі ўхвалілі ідэю новай арганізацыі. Каардынуе яе стварэньне сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ліквідатар Аляксандр Валчанін:

“Арганізацыя ствараецца для таго, каб бараніць правы ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на чарнобыльскай АЭС. Так склалася, што ў нас у Рэспубліцы Беларусь няма такіх моцных чарнобыльскіх саюзаў, як у Расеі і ва Ўкраіне. У нас жа за дваццаць гадоў ня склалася ніводнага саюзу ўдзельнікаў. Людзі тэлефануюць з усяе Беларусі, кажуць, што патрэбна такая арганізацыя”, – расказвае Валчанін.

У першыя гады пасьля аварыі на ЧАЭС у Беларусі грамадзкі рух чарнобыльцаў быў актыўным. Узьніклі дзясяткі арганізацыяў зь ліку пацярпелых ад радыяцыі грамадзянаў, ліквідатараў наступстваў катастрофы, асобаў, што спачувалі ім. Яны знаходзілі паразуменьне з тагачаснымі ўладамі. З прыходам Аляксандра Лукашэнкі стаўленьне дзяржавы да грамадзкага руху зьмянілася. Большасьць чарнобыльскіх структур спыніла існаваньне. Між тым, паводле чарнобыльцаў, іхныя праблемы засталіся актуальныя й цяпер.

“Мы там пражылі шэсьць гадоў. Мелі абавязковае адсяленьне. Шэсьць гадоў пражылі ў радыяцыі і ніякіх ільгот ня маем. Спачатку нам далі ільготы ў выглядзе праезду аўтобусам і бясплатна электрычкай. Потым гэтыя ільготы скасавалі і цяпер няма нічога. На здароўі ўсіх радыяцыя адбілася. Дзеці хворыя – шчытападобныя залозы, зрок... У мяне, напрыклад, ціск. Я перанесла апэрацыю. І ніякіх няма ільгот. Спадзяемся на гэтую арганізацыю, можа дапаможа неяк”, – гаворыць перасяленка зь Веткаўскага раёну Еўдакія Ткачова.

Сход чарнобыльцаў у падтрымку новай арганізацыі адбыўся й на Гомельшчыне. Паводле ліквідатара Васіля Сіліверста з Калінкавічаў, тутэйшыя жыхары маюць патрэбу ў новай структуры:

“Яна патрэбна ўжо даўно. Але ж мы як быццам прачнуліся. Чыноўнікі сталі інвалідамі Чарнобыля, а мы, вайсковыя ліквідатары, якія жылі там і працавалі паўгоду, засталіся ў дурнях. Стан пратэсту ёсьць у кожнага ліквідатара. Я скажу на прыкладзе сваіх калег-ліквідатараў, якія памерлі, што вельмі высокі сярод іх працэнт сьмяротнасьці ды інваліднасьці”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)