Общество

Юрый Глушакоў, Новы час

Чарнобыльская зона адпачынку

У Беларусі адкрыўся новы від экстрэмальнага турызму. Днямі з Гомеля ў радыяцыйны запаведнік выправілася першая турыстычная група.

У лістападзе ўступіла ў сілу новае палажэнне аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку (ПДРЭЗ). Згодна з ім, цяпер у зону адчужэння дазваляецца арганізоўваць экскурсіі. Раней такая дзейнасць на тэрыторыі ПДРЭЗ была забароненая.

Асаблівая цікаўнасць да Чарнобыльскай зоны была заўсёды. Паглядзець на «жыццё пасля Чарнобылю» хацелі не толькі беларусы, але і грамадзяне далёкага і блізкага замежжа. Аднак задаволіць сваю цікаўнасць яны маглі толькі на ўкраінскім баку. Гамяльчанін Пётр Філон з 2013 года вазіў групы турыстаў па ўкраінскай зоне адчужэння. Людзі прыляталі за тысячы кіламетраў, каб пабачыць на свае вочы наступствы адной з найвялікшых тэхнагенных катастроф XX стагоддзя.

У Гомель для гэтага прыязджалі турысты з Расіі, Казахстана, Ізраіля, ЗША, Чылі, Паўднёвай Карэі і амаль усіх еўрапейскіх краін. Групы наведвалі ЧАЭС і сумна знакаміты рэактар, горад-прывід атамшчыкаў Прыпяць, закінутыя вёскі. У пустых дамах яшчэ можна было знайсці пакінуты проста на стале посуд, дзіцячыя рэчы і цацкі.

Аднак з пэўнага часу прадпрымальніцкая дзейнасць ускладнілася. Арганізатары з Беларусі пачалі скардзіцца, што з гэтай восені спісы іх турыстаў украінскі бок усё часцей перастаў узгад­няць. Гэта тычылася як грамадзян Расіі, так і беларусаў. Магчыма, гэта было следствам росту напружанасці паміж Расіяй і Украінай або з нейкай іншай прычыны.

Чужы прыклад чарнобыльскага турызму — заразлівы?

Увесь гэты час зона адчужэння ў Беларусі заставалася закрытай для звычайных наведвальнікаў. Пры гэтым не таямніца, што паездкі туды ўсё роўна здзяйсняліся. Зону любілі наведваць гомельскія «сталкеры», вазілі туды і замежных турыстаў. Зразумела, нелегальна. «Нелегалы» распавядаюць, што адным разам у сяле Пагонным знайшлі святочныя першамайскія транспаранты. Мабыць, рыхтавалі на 1 мая таго самага 1986 года. Дый так і прыйшлося кінуць...

Пры гэтым пры несанкцыянаваным наведванні радыяцыйнай тэрыторыі заўсёды існавала верагоднасць нарвацца на патруль міліцыі і сплаціць вялікі штраф.

Магчымасць адкрыцця беларускай зоны адчужэння для турыстаў стала разглядацца ў 2017 годзе. Тады на канферэнцыю ў Хойнікі быў запрошаны заснавальнік «Чарнобыль-Тур» Сяргей Мірны — для першага дакладу пра поспехі чарнобыльскага турызму ва Украіне. Абмеркаванне магчымасці доўжылася дастаткова доўга, указ быў падрыхтаваны ўвесну 2018 года. І падпісаны 6 лістапада. Адным з пунктаў указа быў дазвол турызму. І неўзабаве першы беларускі тураператар павёз туды сваю групу.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(8)