Общество
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Чарговая іранічная акцыя — каля ста чалавек заплацілі Менгарводаканалу

3 красавіка на галоўпаштамце Менску адбыўся моладзевая акцыя, гэтак званы флэш-моб. З месца падзеі перадае наша карэспандэнтка.

Я знаходжуся ў самым цэнтры галоўпаштамту. Тут сабралася каля сотні ўдзельнікаў акцыі. Відовішча ўражвае. Была амаль што пустая заля. І раптам каля ста чалавек стварылі велізарную чаргу і пачалі запаўняць квіткі. Яны патлумачылі Свабодзе, што адчуваюць грамадзянскі абавязак заплаціць Менгарводаканалу.

Нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі камунальных службаў паведамілі з тэлеэкранаў, што ўдзельнікі акцыяў на Кастрычніцкай плошчы нанесьлі істотную матэрыяльную шкоду гораду. І вось студэнты стварылі такую велізарную чаргу і кожны плаціць, хто 500 рублёў, хто 100 рублёў, хто тысячу. Да іх падыходзілі супрацоўнікі паштамту, яны высьвятлялі , што здарылася, чаму такая велізарная чарга напрыканцы працоўнага дня. Сюды прыйшлі ўжо і байцы спэцназу ў цывільным , а таксама кіраўніцтва гарадзкой міліцыі. Яны тут сядзелі у разгубленасьці, бо няма ніякіх падставаў затрымліваць юнакоў.

Падчас флэш-мобу ахоўнікі паштамту на кароткі час затрымалі міліцэйскага спэцапэратара , які адмовіўся паказаць ім сваё пасьведчаньне. Гэты факт выклікаў вялікае незадавальненьне міліцэйскага начальства, якое тут таксама прысутнічала.

Цягам апошняга тыдня моладзь у Менску прала ў тазіку расейскі сьцяг, у выніку чаго ён ператвараўся ў сьцяг СССР зь сярпом і молатам, вяртала лапшу Беларускаму тэлебачаньню, кідаючы вараныя макароны ў скрыню з надпісам БТ, адварочвалася падчас навінаў ад вялікага экрану на Кастрычніцкім пляцы ў навушніках і з завязанымі вачыма пад воклічы “Ня верым”, а таксама пратыкала іголкамі дзясяткі надзіманых балёнікаў са словамі “Саюзная дзяржава — пшык!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)