Общество
Надзея ДРЫЛА, «Звязда»

«Чамусьці Кавалёў палічыў, што для яго будзе лепш, калі ён памяняе паказанні»

Чым выклікана прапанова Генпракуратуры прадаваць спіртное з 21 года? Чаму ў п'яных кіроўцаў дагэтуль не канфіскоўваюць аўтамабілі? Калі пачнуць штрафаваць бацькоў за тое, што іх дзеці без нагляду ходзяць па начах? Пра гэта і не толькі размаўляем з намеснікам Генеральнага пракурора Беларусі Аляксеем Стукам.

"Маральна цяжка прасіць пазбаўлення жыцця чалавека"

— Аляксей Канстанцінавіч, вы выступалі галоўным дзяржабвінаваўцам па справе Канавалава і Кавалёва. Як успрынялі даручэнне кіраўніцтва, што адчулі, калі даведаліся, што менавіта вам давядзецца прымаць удзел у працэсе?

— Гэта самая гучная справа ў гісторыі нашай краіны, тэракты закранулі лёсы многіх людзей. Таму я ўсведамляў, якая вялікая адказнасць на мяне ўскладзена.

— Што асабіста для вас было самым складаным падчас працэсу?

— Няпроста было працаваць ва ўмовах псіхалагічнага ціску з боку СМІ. Асобныя журналісты свядома скажалі факты, якія даследаваліся ў судзе, давалі суб'ектыўныя ацэнкі прад'яўленаму абвінавачанню. Гэта ўплывала ў цэлым на псіхалагічную абстаноўку і патрабавала немалога самавалодання. Але мы — я і двое іншых удзельнікаў групы дзяржаўных абвінаваўцаў — справіліся. Захавалі бесстароннасць і сумленна выконвалі сваю работу.

— І ўсё ж чаму Уладзіслаў Кавалёў памяняў свае паказанні ў судзе?

— Я думаю, што гэта абарончая рэакцыя. Калі чалавек трапляе ў складаную сітуацыю, ён падсвядома шукае выйсце з яе. Чамусьці Кавалёў палічыў, што для яго будзе лепш, калі ён памяняе паказанні.

— Вы прасілі смяротнага пакарання для абодвух падсудных. Наколькі складана было прымаць такое рашэнне?

— Мы з калегамі дакладна пераправяралі ўсе доказы падчас падрыхтоўкі да судовых спрэчак, бо, самі разумееце, сумненні тут недапушчальныя. Маральна, безумоўна, цяжка прасіць пазбаўлення жыцця чалавека. Але ў гэтым выпадку пакаранне адпавядае злачынству, якое здзейснілі гэтыя людзі.

— Дзмітрый Канавалаў для вырабу выбуховых прыстасаванняў браў інфармацыю з інтэрнэту. Хлопец, які сёлета спрабаваў падарваць аддзяленне міліцыі ў Жлобіне, "адукоўваўся" там жа...

— Я сам пераканаўся, што падобнай дэструктыўнай інфармацыі ў інтэрнэце больш чым дастаткова. І гэта ненармальна. Дзяржаўным органам трэба падумаць над тым, як абмежаваць доступ да падобных сайтаў.

— Які яшчэ горкі вопыт вынеслі праваахоўныя органы з гэтага няшчасця?

— Страшных наступстваў тэрарыстычных актаў 11 красавіка 2011-га і 3 ліпеня 2008-га можна было пазбегнуць, калі б Канавалава і Кавалёва своечасова прыцягнулі да адказнасці за раннія "эксперыменты" з выбуховымі прыладамі.

Справа, спадзяюся, паслужыла ўрокам не толькі для праваахоўнікаў, але і для грамадзян, ад пільнасці якіх часта залежыць папярэджанне і раскрыццё злачынстваў. Нам трэба не толькі паведамляць пра падазроныя прадметы ў грамадскіх месцах, але і мяняць псіхалагічнае стаўленне да правапарушальнікаў. Калі сярэднестатыстычны беларус на просьбу незнаёмца накшталт "схавайце мяне, за мной гоняцца" хутчэй за ўсё так і зробіць, то жыхароў многіх іншых краін такі чалавек перш за ўсё насцярожыць. Часам думаецца, што ў нас нейкае прыроднае спачуванне да злачынцаў і правапарушальнікаў.

— Няма небяспекі, што людзі пачнуць помсціць сваякам асуджаных? У інтэрнэце гуляе інфармацыя, што маці Дзмітрыя Канавалава ўжо выходзіць на вуліцу без аховы.

— Я думаю, што беларускі народ у цэлым дастаткова гуманны і талерантны. Зразумела, многія засталіся не задаволеныя бацькамі як асобамі, якія не змаглі выхаваць сына. Але каб помсціць, думаю, гэта выключана. Ва ўсялякім выпадку адпаведныя службы адсочваюць настрой у грамадстве. І калі ахову знялі, значыць сваякам асуджаных нічога не пагражае.

— Якое на сёння стаўленне Генпракуратуры да мэтазгоднасці адмены смяротнага пакарання?

— Асабіста я стаўлюся да расстрэлу як да дапушчальнай меры ў выключных выпадках. Мне 4 разы давялося стаяць перад гэтым нялёгкім выбарам і арыентаваць суд на прымяненне найвышэйшай меры. І ў кожным канкрэтным выпадку, магу адназначна сказаць, лічыў гэты від пакарання справядлівым.

— Колькі летась-сёлета вынесена смяротных прысудаў?

— Судовая практыка сведчыць аб вельмі асцярожным выкарыстанні выключнай меры пакарання. Калі ў 90-х гадах да смяротнага пакарання штогод асуджаліся дзясяткі чалавек, то ў апошнія гады маюць месца адзінкавыя факты. У 2007-2008 — 4 і 2 асобы адпаведна, у 2009 — 2, 2010 — 2, 2011 — 3, у тым ліку Канавалаў і Кавалёў. Сёлета, на шчасце, наогул ніводнага смяротнага прысуду не вынесена. Больш за тое, нават перадумоў няма, што па нейкіх справах у бліжэйшы час ён можа быць вынесены. Гэта сведчыць пра тое, што паступова мы, магчыма, падыдзем да мэтазгоднасці аб'яўлення мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання.

"Прапанова канфіскоўваць аўтамабілі пакуль не знаходзіць падтрымкі"

— Генпракуратура выступіла з прапановай прадаваць спіртное з 21 года, а таксама павысіць цэны на алкагольныя напоі. Чым выклікана такая ініцыятыва? І ці дастаткова толькі гэтай меры барацьбы з алкагалізмам у нашай краіне?

— Сярод прапаноў, якія мы ўнеслі ва ўрад у сакавіку гэтага года, былі і іншыя. У прыватнасці, лічым, што неабходна паэтапна скарачаць аб'ём выпуску нізкасортных пладовых мацаваных вінаў і цалкам спыніць іх вытворчасць да 2016 года, рэгламентаваць гандаль спіртнымі напоямі ноччу, прадаваць іх толькі праз спецыялізаваныя аддзелы. Падобныя ініцыятывы выкліканы сумнай статыстыкай. Так, аб'ём рэалізацыі спіртнога на душу насельніцтва летась перавысіў крытычны парог, вызначаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Павялічваецца колькасць злачынстваў у стане алкагольнага ап'янення, алкаголь з'яўляецца адной з прычын гібелі ў пажарах, дарожна-транспартных здарэннях...

— Два гады таму Генпракуратура выступала з ініцыятывай, каб за паўторнае на працягу года кіраванне "пад градусам" канфіскоўваўся аўтамабіль... Наколькі актуальная гэта прапанова цяпер?

— Летась да крымінальнай адказнасці за паўторнае на працягу года кіраванне нападпітку асуджаны больш як 4 тысячы чалавек. Суд прызначае вялікія штрафы, тым не менш людзі як садзіліся за руль "пад градусам", так і садзяцца. Пакаранне рублём не дае жаданага эфекту, таму мы і прапаноўваем увесці ў дачыненні ды злосных парушальнікаў, магчыма, такую непапулярную меру, як канфіскацыя. Але пакуль не знаходзім падтрымкі ў іншых зацікаўленых дзяржорганаў.

— Большую частку злачынстваў і правапарушэнняў падлеткі ажыццяўляюць менавіта ў цёмны час сутак. У гэты ж час яны і самі становяцца ахвярамі злачынстваў. Што робіцца ці плануецца рабіць у гэтым кірунку?

— Заканадаўца ўхваліў нашы прапановы і ўвёў забарону на знаходжанне дзяцей ва ўзросце да 16 годоў з 23.00 да 6.00 у грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых. Бацькам, чые дзеці будуць затрыманы ноччу на вуліцы без нагляду, пагражае папярэджанне ці накладанне штрафу да 2 базавых велічынь, пры паўторным здзяйсненні правапарушэння — да 5 базавых. Адпаведныя змяненні і дапаўненні ў закон уступяць у сілу 5 верасня гэтага года.

"Дзяржаўныя органы гатовы да правядзення чарговай амністыі"

— Вялікая колькасць апраўдальных прысудаў у 2011 годзе паслужыла стварэнню Следчага камітэта. Як змянілася сітуацыя са стварэннем новага ведамства?

— Сёлета па справах, расследаваных работнікамі Следчага камітэта, суды пастанавілі толькі 4 апраўдальныя прысуды. Нам, як надзіральным пракурорам, імпануе патрабавальны падыход калег да ацэнкі дастатковасці і дапушчальнасці доказаў.

— Генпракуратура неаднаразова выступала з ідэяй прымянення ў якасці сродку кантролю некаторых катэгорый асуджаных электронных бранзалетаў. На якой стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта?

— З ліпеня мінулага года на базе некалькіх РУУС Мінска і аддзела Дэпартамента аховы Маскоўскага раёна Мінска тэсціраваліся пасіўная і актыўная электронныя сістэмы, якія на адлегласці кантралююць перасоўванні асуджанага. Для эксперымента выкарыстоўвалася абсталяванне англійскай і ізраільскай кампаній, а таксама расійскі вопыт. У ім узялі ўдзел 15 асуджаных. Вынікамі мы задаволены. Пытанне засталося за малым — адшукаць грошы на гэтыя, дастаткова дарагія, сродкі кантролю за асуджанымі. З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў Савет Міністраў, які даручыў дзяржорганам да 15 верасня гэтага года прапрацаваць пытанне фінансавання электроннага маніторынгу.

— Праект Закона аб амністыі Палата прадстаўнікоў разгледзіць 27 чэрвеня. Наколькі дзяржаўныя органы гатовыя да правядзення чарговай амністыі?

— Пасля ўступлення закона ў сілу дзяржаўныя органы, у тым ліку і пракуратура, гатовыя правесці амністыю. У законапраекта ёсць апаненты, якія лічаць, што амністыя можа прывесці да росту злачыннасці ў краіне. Аднак папярэдні вопыт паказвае, што такія асцярогі не апраўданыя. Плануецца, што сёлетні закон "Аб амністыі" закране каля 7,6 тыс. чалавек, з іх каля 2 тысяч будуць вызвалены непасрэдна з месцаў пазбаўлення волі.

— Якія шляхі барацьбы з рэцыдыўнай злачыннасцю вы бачыце?

— Яшчэ нядаўна вялікі працэнт рэцыдыўных злачынстваў давалі асуджаныя, вызваленыя ўмоўна-датэрмінова. А ўсё з-за таго, што адміністрацыя калоніі не заўсёды ўзважана прымала адпаведныя рашэнні. Па патрабаванні Генпракуратуры такі фармальны падыход кардынальна змяніўся. Як вынік — колькасць асоб, прадстаўленых да датэрміновага вызвалення, зменшылася ў 2,5 раза, гэта прывяло да зніжэння тэмпаў росту рэцыдыўнай злачыннасці. Мы правялі анкетаванне 2 тысяч былых асуджаных, якія вызваліліся менш як 2 гады таму. Самы папулярны адказ на пытанне "што вас утрымала ад здзяйснення злачынства?" — уладкаванасць у жыцці і працы. Таму галоўным чынам мы бачым пытанні барацьбы з рэцыдывам — у рэсацыялізацыі пасля выхаду на волю. Важна, каб чалавек як мага хутчэй быў працаўладкаваны, пры неабходнасці атрымаў месца ў інтэрнаце. Калі чалавек мае жыллё і нармальны заробак, то наўрад ці ён пойдзе здзяйсняць злачынства.

— На Захадзе арганізоўваюць начлежныя дамы, забяспечваюць бясплатнымі абедамі валацуг. Робіцца гэта не толькі з гуманізму. Там лічаць, што калі не даць ім гэтага — яны будуць здзяйсняць злачынствы, каб здабыць сабе сродкі для існавання. Як ставіцеся да падобных формаў барацьбы са злачыннасцю?

— Безумоўна, станоўча. І ў гэтым кірунку сацыяльнымі службамі шмат чаго робіцца. Ужо сёння ў сістэме органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага і Аршанскага гарвыканкама, Віцебскага і Гродзенскага аблвыканкамаў працуюць дамы начнога знаходжання бамжоў, а таксама раней судзімых. Там дапамагаюць атрымаць пашпарт, часовую рэгістрацыю, працаўладкавацца, аформіць пенсію, аднавіць сацыяльныя сувязі. Падобныя цэнтры часовага знаходжання з аддзяленнямі па сацыяльнай адаптацыі судзімых да 2013 года плануецца стварыць у Мінску, Мінскай вобласці і абласных цэнтрах, а пры неабходнасці таксама і ў гарадах з насельніцтвам звыш 90 тысяч чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)