Комментарии
Павел Печанько

Чаму я не веру ў аптымізм Лукашэнкi i міністра адукацыі

Погляд былога настаўніка на праблемы сучаснай беларускай школы.

Колькі дзён таму зачапіла вока інтэрв’ю міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова тэлеканалу «Беларусь 1». Галоўны лейтматыў размовы — з школьнай адукацыяй у нас усё добра.

Вучні ў нас таленавітыя, настаўнікі — «просто прелесть». Конкурс на спецыяльнасці педагагічнага профілю вырас (а разам з ім, магчыма, і прэстыж прафесіі). А з рамонтам і аснашчэннем сельскіх і невялікіх раённых школ «спецыяльнымі гаджэтамі» нібыта абяцаў дапамагчы МВФ у рамках сумеснага праекту. Таксама Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што сёлета як ніколі беларускія школы цалкам укамлектаваныя педагагічнымі кадрамі.

Аднак празмерны аптымізм міністра не падзяляюць незалежныя эксперты ў сферы адукацыі, якія звяртаюць увагу на пагаршэнне якасці школьнай адукацыі і, як вынік, нізкі ўзровень падрыхтаванасці абітурыентаў.

Негатыўнай яны лічаць таксама і тэндэнцыю да павелічэння колькасці студэнтаў-платнікаў на тле змяншэння бюджэтных месцаў у беларускіх ВНУ.

У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць з нагоды нізкага сацыяльнага статусу настаўнікаў і загадаў неадкладна вырашыць пытанне: аптымальна загрузіць педагогаў працай, але пры гэтым плаціць прыстойныя заробкі.

Як Лукашэнка адбіў у мяне ахвоту стаць настаўнікам Заклік Аляксандра Лукашэнкі быў пачуты. Віцэ-прэм’ер ураду Наталля Качанава сур’ёзных рэформаў не абяцае, а заклікае настаўнікаў зарабляць грошы на аказанні дадатковых паслугаў і на пазабюджэтнай дзейнасці. Прасцей кажучы, дзяржава дадатковыя сродкі на павышэнне заробкаў выдзяляць не будзе, а патэнцыйных спонсараў настаўнікам прапануюць шукаць ізноў жа сярод бацькоў вучняў.

У якасці выключэння віцэ-прэм’ер назвала магчымым павелічэнне даплатаў маладым спецыялістам, калі тыя вырашаць застацца на сваім першым працоўным месцы пасля адпрацоўкі дыпломаў.

Як былы настаўнік (няхай і з дастаткова сціплым стажам) выкажу сваё суб’ектыўнае бачанне сітуацыі.

Па-першае, не магу не пагадзіцца з меркаваннем кіраўніка дзяржавы наконт нізкага сацыяльнага статуса настаўнікаў. Дадам толькі, што прычына гэтага тлумачыцца не толькі нізкімі заробкамі педагогаў, але й агульнай дэвальвацыяй адукацыі — як сярэдняй, так і вышэйшай.

Атрыманне спецыяльнасці (за рэдкім выключэннем) яшчэ не гарантуе ўдалае працаўладкаванне і адэкватны заробак. Шмат хто з бацькоў адпраўляе дзяцей вучыцца ў ВНУ проста дзеля «корачкі».

З гэтай прычыны не магу падзяліць аптымізм міністра адукацыі наконт росту прэстыжнасці працы настаўніка. Наўрадці рост конкурсу на спецыяльнасці педагагічнага профілю звязаны з павышэннем прэстыжу прафесіі. Хутчэй тут паўлывала скарачэнне колькасці бюджэтных месцаў.

Па-другое, са школьнай сістэмай адукацыі ў нас далёка не ўсё так гладка, як пра гэта распавёў тэлеканалу «Беларусь 1» Міхаіл Жураўкоў. Вядома, таленавітыя вучні ў нас ёсць. Ёсць у нас і выдатныя педагогі, дзякуючы энтузіязму якіх беларускія школьнікі прывозяць медалі з міжнародных алімпіядаў.

Толькі вось дасягаюцца гэтыя поспехі хутчэй у парадку выключэння, а не дзякуючы моцнай сістэме адукацыі. І верагоднасць такіх выключэнняў у разы большая ў вялікіх гарадскіх школах, дзе вопытнаму настаўніку ёсць з каго выбіраць.

Акрамя таго, на якасці навучальнага працэсу негатыўна адбіваецца цякучка кадраў. За два гады, што мне давялося папрацаваць у адной вясковай школе, там памяняліся два настаўнікі інфарматыкі, а геаграфію і біялогію замянялі настаўнікі-неспецыялісты. Для 11-га класа я стаў пятым настаўнікам гісторыі і дзесятым (!) класным кіраўніком.

Найперш у школе не затрымліваюцца маладыя спецыялісты, замяняць якіх часта даводзіцца пенсіянерам. Сярэдні ўзрост настаўнікаў у школе, дзе я працаваў, быў каля 50-ці гадоў. Большасць у такім узросце ўжо ўпотай лічыць дні да пенсіі, а не думае пра самаадукацыю і асваенне новых ведаў і навыкаў (камп’ютар, электронная дакументацыя і г.д.).

Ды й тыя ж маладыя спецыялісты, якія прыходзяць працаваць у школу, часта маюць розны ўзровень падрыхтоўкі. Не сакрэт, што выпускнік Лінгвістычнага ўніверсітэта мае лепшую базу, чым настаўнік замежнай мовы — выпускнік любой іншай беларускай ВНУ. А прадметнікі — выпускнікі БДПУ імя М. Танка — маюць больш грунтоўную тэарэтычную базу і практычны вопыт, чым былыя студэнты непедагагічных факультэтаў.

І нават у такім выпадку ў гарадской школе маладога калегу могуць падцягнуць больш вопытныя настаўнікі з паралеляў, а ў вясковых школах вельмі рэдка перасякаюцца два гісторыкі ці біёлагі… Яшчэ адзін біч вясковых школ — малая колькасць вучняў у класах. Для настаўнікаў-прадметнікаў гэта ў нечым нават і добра — няма праблемы з накапляльнасцю адзнак. Чаго не скажаш пра настаўніка фізкультуры, якому часта проста няма з каго сабраць каманду для гульні ў валейбол, баскетбол і інш. Не кажучы ўжо пра арганізацыю ў школе спартыўна-масавых мерапрыемстваў, альбо ўдзел у раённых спартыўных спаборніцтвах.

Па-трэцяе, агаворка міністра пра падключэнне МВФ да вырашэння гаспадарчых праблем школ у перэферыі сведчыць пра маштаб крызісу з падтрыманнем на належным узроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы вясковых і раённых школ. Самастойна здабываць сабе сродкі на рамонт і бягучыя расходы школы абавязвалі яшчэ дзесяць гадоў таму. Збіранне грошай «на фарбу» — гэта не ад добрага жыцця. Як і ўборка ўраджаю да поўнай перамогі на палетках падшэфных гаспадарак (правільней — гаспадарак-шэфаў).

Вядома, што праблемы ў сістэме школьнай адукацыі пачаліся не ўчора. І нельга казаць, што пра іх да апошняга маўчалі. Іншае пытанне, што кожны раз усё так размовамі і заканчвалася. Альбо невялікімі касметычнымі зменамі. Адзіны буйны праект, які можна было б назваць рэформай адукацыі — пераход на 12-гадовы цыкл навучання — апынуўся проста эксперыментам, ад якога адмовіліся адразу па завяршэнні першай спробы.

І вось цяпер, ва ўмовах вострага недахопу сродкаў, выратаваць школьную адукацыю можна хіба толькі надзвычайнымі мерамі. Тыя ж вясковыя школы яшчэ гадоў дзесяць таму трэба было праз адну зачыняць. Утрымліваць школу, разлічаную на 500 вучняў пры рэальнай колькасці ў 100-110 чалавек — гэта глупства і марнатраўства. Рацыянальней было б закупіць з дзесятак аўтобусаў на раён і вазіць дзяцей з некалькіх невялікіх школак у адну сучасную — з нармальнай спартыўнай залай і стадыёнам.

Таксама, ва ўмовах дэфіцыту сродкаў, можна адмовіцца ад бясплатнай вышэйшай адукацыі, пакінуўшы 3% бюджэтных месцаў, на якія на конкурснай аснове будуць залічвацца таленавітыя і адораныя выпускнікі з малазабяспечаных сем’яў. Пры такіх умовах можна набіраць студэнтаў звыш звычайнага плану, смела адсейваючы на сесіях «заможных лайдакоў». Вызваленыя сродкі перанакіраваць у сферу школьнай адукацыі — на заробкі настаўнікам. Мяркую, пры агульным нізкім узроўні заробкаў у райцэнтрах знойдуцца ахвочыя працаваць у школе, калі там пачнуць плаціць у паўтара-два разы больш чым цяпер.

Зрэшты, прэстыжнасць гэтай прафесіі не павінна вымярацца выключна матэрыяльным складнікам. Неяк мне пашчасціла пабываць у Швецыі, дзе я стаў сведкам размовы калегі з мясцовай лекаркай. Мы ўжо ведалі пра прыблізна роўны памер даходаў электрыка і настаўніка ў Швецыі. Таму калега пацікавіўся ў жанчыны, ці не крыўдна, на яе погляд, шведскім настаўнікам ад таго, што іх заробак не моцна адрозніваецца ад заробкаў работнікаў з заведама ніжэйшай кваліфікацыяй. На што мы пачулі адказ: настаўнік – гэта вельмі шануемая ў Швецыі прафесія. Бо без настаўніка не атрымаецца ні электрыка, ні стаматолага.

Нешта падобнае адносна нядаўна было і ў нас. Мая выкладчыца філасофіі распавядала нам на занятках гісторыю пра сваю маці, якая напрыканцы 1950-х прыехала настаўнічаць у глухую вёску на Століншчыне. Неяк уначы нехта пагрукаў у дзьверы. На парозе яе чакаў дзед, які прыйшоў за 15 кіламетраў падзякаваць вучыцельцы, якая адважылася прыехаць вучыць іх дзяцей.

І вось ужо мая гісторыя. 2008 год, я працаваў у школе, да якой штодня дабіраўся за 12 км аўтаспынам. Шасцікласьнік Вова, гайдаючыся на стуле, задае пытанне: «Павел Сямёнавіч, мой бацька прасіў у вас запытацца — чаму вы, калі ідзяце з працы, не «галасуеце»? Ён кажа, што калі б вы махалі рукой, то ён бы спыніўся…». Як той казаў, адчуйце розьніцу.

***

Тым часам Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната №13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху 1 верасня агучыў, што заробак настаўнікам трэба падняць як мінімум на чвэрць.

— Хоць бы на чвэрць трэба за нейкі час падняць зарплату настаўнікам, і я ўпэўнены: са школы ніхто не сыдзе, нават той, які не па прызначэнні туды прыйшоў. Ва ўрадзе, як дамаўляліся, ужо зрабілі крок, таму давайце паспрабуем на працягу кароткага часу падняць зарплату настаўнікам. але першае мая ўмова: сістэму адукацыі трэба цалкам аптымізаваць, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы школай, але не ў шкоду дзецям.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)