Чаму вядомыя беларусы падпісаліся за перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі
За перапахаваньне ў Беларусі лідэра паўстаньня 1863–1864 гадоў Каліноўскага зьбіраюць подпісы ў інтэрнэце, паведамляе Радыё Свабода.
Пісьменьнік Віктар Марціновіч падпісаў зварот, бо лічыць Кастуся Каліноўскага героем, які шмат чаго зрабіў, каб Беларусь існавала: «Мы мусілі б адзначыць яго ролю ў нашай гісторыі, хаця б спробай пахаваць яго ў Беларусі».
На думку Марціновіча, для перапахаваньня павінна быць створана адмысловая камісія, якая, сярод іншага, вызначыць месца пахаваньня Каліноўскага ў Беларусі. Пісьменьнік лічыць, што Каліноўскаму можна знайсьці месца на адных зь менскіх могілак:
— Як з Каліноўскім, так і з астатнімі беларускімі героямі шмат паганага было зроблена за апошнія гады і сказана таксама. І нам усёй краінай трэба выбачыцца перад славутымі продкамі і аддаць ім даніну павагі, якую яны, канечне, заслугоўваюць.
Падпісала пэтыцыю і дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна лічыць Каліноўскага вельмі важнай постацьцю ў беларускай гісторыі і знакавай для дзяржаўнага будаўніцтва.
На думку Анісім, перапахаваньнем Каліноўскага павінны займацца:
Міністэрства замежных спраў;
Міністэрства культуры;
Адміністрацыя прэзыдэнта;
грамадзкія колы.
Паводле Анісім, Каліноўскі можа быць пахаваны ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне. Таксама было б выдатна знайсьці месца для Каліноўскага на закрытых Усходніх могілках у Менску, дзе пахаваныя вядомыя дзяржаўныя дзеячы, літаратары, спартоўцы і дзеячы культуры.
Дзяцінства Кастуся Каліноўскага прайшло ў фальварку Якушоўка каля Сьвіслачы. Сёлета на Сьвіслацкіх могілках эксгумавалі парэшткі брата Кастуся Каліноўскага Віктара. Гэта рабілі, каб параўнаць з парэшткамі, знойдзенымі ў Вільні, якія меркавана належаць Кастусю Каліноўскаму, і спраўдзіць, ці супадзе ДНК.
Як сказала Анісім, калі ня прымуць рашэньня аб перапахаваньні Каліноўскага ў Беларусі, яго могуць пахаваць і ў Вільні. Аднак Беларусь — больш «прыдатнае месца» для пахаваньня Каліноўскага.
— Каб многія пакаленьні патрыётаў маглі прыйсьці да яго магілы, пакланіцца яго праху і, можа, даваць клятву на вернасьць Беларусі, — сказала Анісім.
Доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч лічыць, што на сёньняшні дзень пахаваньнем Каліноўскага ў Беларусі павінна займацца грамадзкасьць. Ва ўлады няма фармальных падстаў гэта забараніць.
— Месца пахаваньня Каліноўскага належыць дасканала прадумаць. Мяркую, месца павінна быць такое, каб ля яго магла зьбірацца значная колькасьць людзей для правядзеньня ўрачыстасьцяў: прысягі, прыём у афіцэры, скаўты і іншае, — напісаў Краўцэвіч.
Гісторык лічыць, што перапахаваньне Каліноўскага ў Вільні не дазволіць арганізоўваць на магіле паўстанца імпрэзы нацыянальнага маштабу.
Заснавальнік «Кінаконгу» Андрэй Кім падпісаў зварот, бо лічыць Каліноўскага героем Беларусі і адным з сымбаляў барацьбы за незалежнасьць Беларусі:
— Я лічу што, гэта было б вельмі добра для нашай краіны, калі б такія героі былі перапахаваныя ў Беларусі. Зь іншага боку, летувісы ня маюць да яго сэнтымэнтальных дачыненьняў. У прынцыпе, мне здаецца, што для іх гэта ня будзе сурʼёзным выклікам, яны яго ня лічаць сваім героем, бо Кастусь Каліноўскі быў выразна беларусацэнтрычны. Таму я лічу, што мэтазгодна да іх зьвярнуцца.
«Горшае, што можа адбыцца – калі тэма пахаваньня Каліноўскага расколе сьвядомую частку грамадзтва»
Читайте еще
Избранное