Политика

Чаму візіт Лукашэнкі ў Маскву быў перанесены

Валер Карбалевіч у блогу на Радыё Свабода пракаментаваў адмену сустрэчы кіраўніка Беларусі з Уладзіміра Пуціным  і візіт прэзідэнта Азербайджана ў Мінск.

– Паводле маёй інфармацыі, візыт кіраўніка Беларусі ў Маскву быў перанесены з ініцыятывы беларускага боку. І дзеля гэтага, на мой погляд, былі дзьве прычыны. Па-першае, у такі напружаны пэрыяд у Пуціна не было б шмат часу на перамовы з Лукашэнкам. А за адну, нават дзьве гадзіны праблемаў у беларуска-расейскіх адносінах ня вырашыць. Таму гэта быў бы халасты візыт.

Па-другое, трапіўшы ў Маскву ў момант піку расейска-турэцкага канфлікту, Лукашэнка быў бы вымушаны неяк выказацца на гэты конт. Прычым выказацца менавіта на карысьць Масквы, іншага варыянту сам фармат візыту проста не дапускаў. А яму гэтага яўна не хацелася. Ня толькі таму, што Беларусь мае цесныя эканамічныя сувязі з Турэччынай, тут вялікія турэцкія інвэстыцыі. Але падтрымка Масквы ў момант, калі яе ніхто не падтрымлівае, паставіла б Лукашэнку і Беларусь у статус расейскага сатэліта.

Цяпер наконт пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні расейска-турэцкага крызісу. Цалкам дапускаю, што Турэччына магла папрасіць прэзыдэнта Азэрбайджану, які захоўвае добрыя адносіны з абодвума канфліктуючымі бакамі, выступіць у ролі пасярэдніка дзеля нармалізацыі сваіх адносін з Расеяй. Але ў такім выпадку Ільхам Аліеў паляцеў бы ў Маскву, а ня ў Менск. У дыпляматыі такія складаныя пасярэдніцкія схемы, накшталт гульні ў сапсаваны тэлефон, ня дзейнічаюць.

З улікам таго, што разам з Аліевым у Беларусь прыехала значная колькасьць азэрбайджанскіх бізнэсоўцаў, размова на перамовах ішла пра двухбаковыя адносіны, перш за ўсё ў эканамічнай сфэры. І публічна кіраўнікі дзьвюх дзяржаў тэму адносін Расеі і Турэччыны не ўздымалі.

Іншая справа, што, незалежна ад фактаў, гэты візыт мог не спадабацца Маскве. Бо шмат што залежыць ад інтэрпрэтацыі падзеяў. Але гэта, як кажуць, іх праблемы.

Калі разглядаць сытуацыю шырэй, то апошнія міжнародныя падзеі даюць Беларусі яшчэ адзін шанец для ўмацаваньня незалежнасьці. Расейска-ўкраінскі канфлікт стаў падставай для таго, каб Беларусь крыху дыстанцыявалася ад Масквы, паспрабавала праводзіць палітыку балянсаваньня паміж Расеяй і Ўкраінай, РФ і Захадам. Расейска-турэцкі канфлікт мог бы стаць нагодай, каб зрабіць наступны крок у тым жа кірунку. Тое, што Беларусь афіцыйна заняла пазыцыю нэўтралітэту, усьцешвае. Бо зьнешняя палітыка Крамля становіцца ўсё больш канфліктнай, непрадказальнай, яна можа ўцягнуць саюзьнікаў ва ўсе новыя авантуры. Таму трэба паволі адграбаць убок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)