Чаму ўжо другі раз рэжым адмовіўся ад плянаў зьмякчыць пакараньне для палітвязьняў?
Шумная інфармацыйная кампанія вакол плянаў маштабнай амністыі і памілаваньня ў сувязі з «Днём народнага адзінства» скончылася вызваленьнем усяго 13 асобаў. Валер Карбалевіч на Свабодзе аналізуе, чаму ўжо другі раз рэжым адмовіўся ад плянаў зьмякчыць пакараньне для сваіх палітычных апанэнтаў.
Першы раз амністыя плянавалася да Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. Тады ня вызвалілі нікога. Цяпер свабоду атрымалі 13 чалавек. Усяго палітвязьняў на сёньня налічваецца 674 чалавекі. Паводле Юрыя Васкрасенскага, прашэньне аб памілаваньні напісалі каля 200 чалавек. У сьпісе Васкрасенскага на вызваленьне налічвалася каля 100 чалавек. Такім чынам, гара нарадзіла мыш.
Чаму ўлады адмаўляюцца гуляць нават у імітацыю «гуманізму» і, дарэчы, тым самым дыскрэдытуюць саму фігуру Юрыя Васкрасенскага і ўвесь ягоны праект умоўнага «дыялёгу»?
А таксама змазваецца сэнс новага сьвята «Дзень народнага адзінства». Бо падобнае сьвята, зыходзячы з самой лёгікі ягонай назвы, прадугледжвае нейкія крокі да прымірэньня, кампрамісу, без чаго не бывае адзінства. Маштабнае вызваленьне палітвязьняў магло б надаць гэтаму штучнаму «сьвяту» рысы хоць нейкага станоўчага вобразу.
Аднак не. Усе гэтыя меркаваньні адкінуты ў бок. Бо ня той палітычны сэзон.
Хто мог бы стаць адрасатам палітыкі разрадкі, лібэралізацыі?
Беларускае грамадзтва? Лукашэнка ня ўпэўнены, што ўсё задушыў, што зьнішчаны ўвесь патэнцыял магчымага новага пратэсту. Таму, паводле ягонай лёгікі, ня варта спыняць каток рэпрэсій. На гэтым тле маштабная амністыя давала б няправільны сыгнал, зьменшыўся б страх у грамадзтве. Што цяпер для ўладаў абсалютна непрымальна.
Амністыя мела шанец паўплываць на пазыцыю Захаду. Магло быць прыпынена прыняцьце пятага пакету санкцый. І амэрыканскі «чорны сьпіс» прадпрыемстваў і фірмаў адкрыты, ён можа быць павялічаны альбо паменшаны ў залежнасьці ад бягучай палітычнай каньюнктуры.
Аднак Лукашэнка ўжо ня можа спыніцца. Ён зрабіў стаўку на шантаж мігрантамі, узяў на ўзбраеньне канфрантацыйны стыль.
13 вызваленых вязьняў — гэта той максымум гнуткасьці, на які цяпер здольны рэжым. А яшчэ — на адстаўку Дзьмітрыя Баскава з пасады старшыні фэдэрацыі хакею. Бо Беларусь маглі выключыць з сусьветных хакейных спаборніцтваў.
Пра Расею ў гэтым кантэксьце і гаварыць няма чаго. У Беларусі працягваюць сядзець за кратамі некалькі расейскіх грамадзянаў, аднак не было інфармацыі, што Масква патрабуе іх вызваленьня.
Такім чынам, перафразуючы вядомы пастулят, можна сказаць, што часам не да гуманізму. Цяпер у Беларусі, выглядае, менавіта такі час.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное