Политика

Чаму ўлады сталі падтрымліваць талібаў, якія знаходзяцца ў спісе тэрарыстаў

«Заходняя прапаганда доўгія гады малявала талібаў толькі чорнай фарбай. Гэта проста дэманізацыя руху», — заявіў Алег Іваноў, пасол Беларусі ў Таджыкістане. Між тым «Талібан» прызнаны тэрарыстычным і экстрэмісцкім ў дзяржавах-членах АДКБ. Эксперт Ягор Лебядок патлумачыў Нашай Ніве, калі і як змянілася стаўленне Расіі і Беларусі да талібаў.

– Талібы дагэтуль лічацца ў Расіі тэрарыстычнай арганізацыяй. Чаму ўлады гэтай краіны сталі рэзка змяняць танальнасць? Сёлета з прадстаўнікамі руху сустракаліся ў расійскім МЗС.

– Змена танальнасці зусім не рэзкая. Фармальна ў СМІ дагэтуль пішуць, што «Талібан» з’яўляецца тэрарыстычнай арганізацыяй. Але актыўны кантакт з талібамі ідзе, як мінімум, апошнія паўтары гады — як прама, так і ўскосна.

– Чаму?

– Зразумела, што расіяне заўжды кантактавалі з тымі, хто знаходзіцца ў канфрантацыі з амерыканцамі. Таксама яны хочуць атрымаць палітычныя выгады ў тым рэгіёне, у перамовах з ЗША па іншых пытаннях.

Але пакрысе станавілася ўсё больш зразумела, што гэты рух прыйдзе да ўлады. Пытанне было толькі ў часе. Як мы бачым, усё адбылося надта хутка. Нават для саміх талібаў. Але такія закулісныя перамовы вядуць усе краіны (напрыклад, кітайцы). Нічога дзіўнага тут няма.

– Талібаў прызнаюць афіцыйна?

– Зараз яны прыйшлі да ўлады, і з імі дакладна трэба ўзаемадзейнічаць.

Дэ-факта талібаў прызналі ўсе — і Расія, і Кітай, і ЗША. Але дэ-юрэ ўсе хочуць дзейнічаць па міжнародных нормах. Таму ўсе знаходзяцца ў пазіцыі чакання. Спадзяюцца, што «Талібан» прызнае нейкая краіна або Савет бяспекі ААН. Тады будзе нагода, каб прыбраць іх са спіса тэрарыстаў.

Я з цікавасцю назіраў за расійскімі ваеннымі тэлеграм-каналамі. Калі талібы займалі тыя або іншыя правінцыі, у каналах асвятлялася іх хуткае прасоўванне па Афганістану. Потым пераключыліся на непрафесійную эвакуацыю ЗША.

Стандартная псіхалагічная лінія: тыя, хто прыйшлі, не надта дрэнныя, усё з-за амерыканцаў.

Такая рыторыка сведчыць, што талібаў хутка прызнаюць або, прынамсі, хутка будуць з імі кантактаваць.

– Як быць з паўстанцамі ў правінцыі Панджэр? На іх баку віцэ-прэзідэнт Афганістана, прадстаўнік законнай улады.

– Фармальна так, ён прадстаўнік законнай улады. Але каму зараз цікавыя гэтыя фармальнасці? Сын Ахмад-Шаха Масуда, які заявіў пра супраціў, кажа, што нібыта ўтрымлівае правінцыю.

Пакуль яго заява больш выглядае як палітычная, бо за імі няма сур’ёзнай баявой сілы. Ніхто не плануе яго падтрымліваць, прынамсі, адкрыта. Ні ЗША, ні Расія, ні Кітай. Магчыма, Мансур спадзяецца атрымаць аўтаномію для Паншэра.

Пакуль няма падстаў казаць, што гэта сіла.

– Пасол Беларусі ў Таджыкістане не згадзіўся з тым, што талібы абавязкова нясуць зло, разбурэнні, наркатрафік і казаў пра дэманізацыю руху. «Не могуць дэманы на працягу двух-трох тыдняў забраць 30-мільённую краіну», — заявіў ён. Як гэта разумець?

– Калі паслухаць яго, атрымліваецца, што гэта заходняя прапаганда паўплывала на рашэнне кіраўніцтва Расіі прызнаць талібаў тэрарыстамі (смяецца). Натуральна, жартую.

Калі сур’ёзна, то ўсе выказванні Беларусі — гэта фактычна выказванні Расіі. Лукашэнка становіцца гаворачай галавой Расіі. А яго пазіцыя паўтараецца па ўсёй вертыкалі — ад МЗС да прыўладных палітолагаў.

У Расіі пануе рыторыка, што Захад — гэта вораг, з-за яго ўсё дрэннае, а ў талібаў, умоўна кажучы, ёсць свае плюсы і з імі давядзецца мець справу Беларусы паўтараюць гэтыя думкі.

Акрамя знешняй палітыкі ёсць яшчэ і эканамічны фактар.

У нас вельмі добры экспарт у Афганістан. З пачатку года ўжо каля 115 мільёнаў даляраў. Калі экстрапаляваць гэтыя дадзеныя на наступныя пяць месяцаў, можна налічыць яшчэ каля 90 млн.

Гэта немалыя грошы, асабліва ва ўмовах санкцый.

– Калі Расія прызнае талібаў, Беларусь паступіць гэтак жа?

– Лідары руху ўключаныя ў спіс КДБ, як асобы, якія датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці. Але сёння яны там ёсць, заўтра іх няма. Таму дапускаю, што Беларусь можа прызнаць талібаў услед за Расіяй.

– Ці будзе Беларусь прадпрымаць нейкія дзеянні па лініі АДКБ?

– Мяркую, тэму АДКБ празмерна раздулі. Ужо даўно былі запланаваныя вучэнні сіл гэтай арганізацыі, у якіх ад Беларусі прыме ўдзел падраздзяленне 103-й паветрана-дэсантнай брыгады. Пасля іх завяршэння ніякага працягу не будзе:

Расія не зацікаўленая ні ў якім канфлікце. З бежанцамі разбяруцца Таджыкістан і Узбекістан. Калі раптам узнікне вайсковае пытанне, у гэтым рэгіёне знаходзіцца расійская база.

Што тычыцца Беларусі, дык Лукашэнка казаў, што нам патрэбная ўзгодненая палітыка па Афганістану. Ён ставіў перад сабой мэту паказаць значнасць АДКБ. Але гэта дастаткова фармальная, сімвалічная арганізацыя.

Выключэнне — пастаўкі зброі па зніжаным коштам (напрыклад, з Расіі ў Беларусь), а таксама змаганне з наркотыкамі і наркатрафікам. Аднак у апошнім выпадку хутчэй дзейнічала Расія і мясцовыя краіны, чым АДКБ як нейкая структура. Гэтак сама будзе і ў дачыненні да Афганістана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(19)