Чаму ў Польшчы прасцей адкрыць беларускамоўную групу ў садку, чым у Беларусі?
У Варшаве з верасня пачнуць працаваць беларускія дашкольныя і школьныя групы на базе Пачатковай школы №395. Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням беларусаў, якія стала пражываюць у польскай сталіцы.
Фота virtualbrest.by
«Хачу падкрэсліць, што гэта не беларускамоўны клас, гэта называецца міжшкольная група і міждашкольная група, — тлумачыць перакладчыца і адна з бацькоў-ініцыятараў Марыя Луцэвіч-Напалкава. — То бок дзеткі з розных садкоў і школ у Варшаве будуць збірацца раз на тыдзень у прызначанай школе і вывучаць беларускую мову. Польская сістэма адукацыі прадугледжвае такія заняткі для нацыянальных меншасцяў. То бок гэта будзе адбывацца ў форме дадатковых заняткаў, але яны апынуцца ў выніковым атэстаце».
Па словах Марыі, на стварэнне такіх груп не трэба збіраць ні стосу дакументаў, ні доўгіх перамоваў з чыноўнікамі, ні тлумачэнняў прычын для вывучэння беларускай мовы. Дастаткова жадання і пісьмовага апавяшчэння дырэктара школы ці садка, дзе вучыцца дзіця. І ўжо дырэктар перадае інфармацыю вышэй.
«То бок мы проста выкарысталі тыя інструменты, якія існуюць, — працягвае Марыя. — Мы распаўсюдзілі гэтую інфармацыю сярод бацькоў-беларусаў, ад якіх атрымалі вялікую падтрымку. Падтрымалі нас гарадскія ўлады і Міністэрства адукацыі Польшчы, якое нам патлумачыла, якая менавіта гэта працэдура, што трэба для гэтага зрабіць, якое апавяшчэнне і куды занесці, у міністэрстве нам дапамаглі знайсці добрую пляцоўку недалёка ад метро. Таму мы думаем, што гэта толькі пачатак, бо ініцыятыва толькі раскручваецца і, думаю, ахвотных будзе ўсё больш».
Цяпер дырэктар варшаўскай школы №395 разглядае прадстаўленыя кандыдатуры настаўнікаў. Але дакладна, што выкладаць дзецям будзе носьбіт беларускай мовы — гэта адно з асноўных патрабаванняў бацькоў.
Некалькі тыдняў таму Еўрарадыё паведамляла пра бацькоў з Гомеля, якія спрабавалі знайсці ў сваім горадзе беларускамоўную групу ў садку. На ўвесь абласны цэнтр такая была толькі адна і толькі для старэйшых дзяцей. Новыя групы адкрываць у Гомелі палічылі немэтазгодным, бо не знайшлі дастатковай колькасці ахвочых.
«Мы ўвесь час сутыкаемся з тым, нібыта людзі не хочуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі і школы, — адрэагавала на гэтую гісторыю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. — На самой справе, улада не стварае роўных умоваў для навучання на беларускай мове. Таму ўтвараецца такая дыскрымінацыйная сітуацыя, і гэта ёсць прамое парушэнне правоў грамадзян, Кодэкса «Аб адукацыі» і самой Канстытуцыі».
Па беларускіх нормах, для стварэння малодшай групы патрэбна мінімум 15 дзяцей, для старэйшай — 20. Калі ж большасць выбірае мовай адукацыі рускую, то меркаванне жадаючых навучацца на беларускай проста не ўлічваецца. Для параўнання, у Польшчы, каб стварыць групу з беларускай мовай, дастаткова траіх навучэнцаў — у пяць-шэсць разоў меней, чым у Беларусі.
Гомельская гісторыя скончылася нічым, бо ў садку правялі анкетаванне, па выніку якога за беларускамоўную групу прагаласавалі 4 чалавекі, 10 не вызначыліся, а 17 аддалі перавагу рускамоўнай адукацыі. Аматарам роднай мовы прапанавалі шукаць магчымасці для індывідуальнай адукацыі ці прымаць рашэнне большасці. Астатнія будуць выхоўвацца толькі па-руску.
У Варшаве беларускамоўныя групы дагэтуль фармуюцца, і жадаючых становіцца ўсё больш. Калі так пойдзе далей, то ініцыятары ідэі падумваюць і пра верагоднасць стварэння сапраўднага беларускамоўнага класа, а з цягам часу, можа, і школы.
Усіх беларусаў Варшавы, якія жадаюць, каб іх дзеці ведалі родную мову, Марыя Луцэвіч-Напалкава запрашае на сустрэчу, якая адбудзецца 11 верасня ў 18:00 у варшаўскай пачатковай школе №395. Калі ёсць нейкія пытанні па арганізацыі такіх класаў у іншых гарадах Польшчы, то Марыя прапануе звязвацца з ёй праз e-mail sadok.warszawa@gmail.com, ці наўпрост у Facebook.
Па афіцыйных дадзеных, цяпер у Беларусі на роднай мове навучаюцца 9,7% дзяцей. Для параўнання, ў 2010 годзе беларускамоўная адукацыя была ў 12,8% навучэнцаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное