Чаму ў Беларусі такі дарагі Інтэрнэт

Карыстальнікі Інтэрнэту аплочваюць працу 26,5 тысяч супрацоўнікаў “Белтэлекама”. У Беларусі самая танная тэлефонная сувязь і самы дарагі ADSL на постсавецкай прасторы.

Пры канцы мінулага тыдня “Белтэлекам” абвясціў, што ў Беларусі самая танная тэлефонная сувязь на постсавецкай прасторы. Размовы па стацыянарнай сетцы тарыфікуюцца пахвілінна — па 8,05 беларускіх рублёў за хвіліну. Плюс штомесячная абаненцкая плата памерам у 1660 рублёў.

Для параўнання: у Расіі абаненцкая плата ў пераліку на беларускія рублі складае 10 тысяч 315 рублёў. Ва Украіне і Эстоніі — амаль 9 тысяч, пры тым што ў Эстоніі аматары тэлефонных гутарак выкладаюць па 52,9 рублёў за кожную хвіліну размовы .

Малдаване плоцяць за карыстанне тэлефонам 4 тысячы 222 рублі штомесяц плюс 16,8 рубля за кожную хвіліну. У Латвіі фіксаванай абаненцкай платы за тэлефонную сувязь няма, аднак штохвілінная тарыфікацыя складае 96,7 рубля за хвіліну.

А вось іншы шэраг лічбаў: падключэнне да Інтэрнэту па тэхналогіі ADSL хуткасцю ў 1 Мбіт/с, якое прапануе “Белтэлекам”, каштуе ў Беларусі 2 мільёны 170 тысяч 980 рублёў, ці 1тысячу 12 долараў па курсе Нацбанка.

Журналісты “Business Online” падлічылі, што гэта амаль у 30 разоў даражэй, чым у Расіі, у 47 разоў даражэй, чым у Латвіі, у 50 разоў даражэй, чым у Польшчы і ў 55 разоў даражэй, чым у Літве.

ADSL можна набыць танней у правайдэра другога ўзроўню, але канал з "гарантаванай затрымкай" (цi прасцей — якасны) прадае толькi “Белтэлекам”.

Атрымліваецца, што пры самай таннай тэлефоннай сувязі ў Беларусі самы дарагі ADSL на постсавецкай прасторы. Аляксей Федарэнчык, начальнік групы па інфармацыі і камунікацыі РУП “Белтэлекам”, не бачыць у гэтым аніякага парадоксу:

Аляксей Федарэнчык: “Дзяржава, абвяшчаючы, што ў яе сацыяльна арыентаваная палітыка, патрабуе, каб тэлефонныя размовы былі даступныя для насельніцтва. У Беларусі зараз прызвычаіліся да такіх тарыфаў — ніхто зараз не пойдзе на іх павелічэнне.

Натуральна, калі мясцовая тэлефонная сувязь стратная, трэба гэта нейкім чынам кампенсаваць. Таму Інтэрнэт у Беларусі і даражэйшы, чым у суседзяў, — каб можна было мадэрнізаваць існуючыя сеткі”.

Калі б не было перакрыжаванага субсідавання — датацыі стратнага напрамку дзейнасці за кошт прыбытковага, — кошты на Інтэрнэт у краіне маглі б быць іншымі. Аляксей Федарэнчык называе яшчэ адзін істотны фактар, які ўплывае на фармаванне коштаў на ADSL:

Аляксей Федарэнчык: “Не трэба забывацца на тое, што “Белтэлекам” — гэта 26,5 тысяч супрацоўнікаў. Натуральна, гэта адлюстроўваецца на выдатках. Звольніць усіх гэтых людзей, каб панізіць кошты на Інтэрнэт, — на гэта не пойдзе ні кіраўніцтва “Белтэлекама”, ні дзяржава”.

Андрэй Іваноў, дырэктар кампаніі “Адкрыты кантакт” — піянера на беларускім рынку інтэрнэт-правайдынгу — прыгадвае пачатак 1990-х, калі камутаваны доступ да электроннай паштовай скрыні каштаваў яе ўладальніку 3,5 долара за гадзіну.

Тарыфы на “беларускі” ADSL спадар Іваноў лічыць нармалёвымі, зазначаючы, што яны ўвесь час паніжаюцца. Тых, хто жадае падлучыцца да хуткаснага Інтэрнэту, адмыслоўца папярэджвае наконт махлярства, якое было распаўсюджана некалькі гадоў таму:

Андрэй Іваноў: “ADSL — гэта тэхналогія доступу на ўчастку “Апошняя міля” — ад кліента да бліжэйшай тэлефоннай станцыі. Вы можаце мець танную і высокую хуткасць на гэтым участку — да рэсурсаў правайдэра. А далей у вас пачынаецца невядома што.

Некаторыя маладыя правайдэры прыходзілі на рынак з прапановай у 128 Кбіт/с асобнага канала. Сто чалавек падлучаецца да яго, а тое, што пасля ўсе гэтыя людзі ўпіраюцца ў 256 Кбіт/с Інтэрнэту, — гэта нікога не хвалюе”.

А вось тое, што пакуль яшчэ нешматлікія карыстальнікі ADSL аплочваюць выдаткі дзяржавы на падтрыманне нізкіх тарыфаў для шматлікіх абанентаў стацыянарнага тэлефоннай сеткі, Андрэй Аляксандравіч лічыць няправільным:

Андрэй Іваноў: “Я схільны да таго, каб усё каштавала сваіх грошай”.

Што такое ADSL?

Скарачэнне ADSL (Asymmetric Digital Subscriber Line) расшыфроўваецца як "Асіметрычная лічбавая абаненцкая лінія". З назвы вынікае, што ў гэтай тэхналогіі закладзеныя розныя хуткасці прыёму і адпраўкі інфармацыі.

У прыватнасці, асіметрычнасць ADSL прадугледжвае перадачу вялікіх аб'ёмаў інфармацыі да абанента (відэа, масівы данных, праграмы) з хуткасцю да 8 Мбіт за секунду і невялікіх аб'ёмаў ад абанента (у асноўным каманды і запыты) з хуткасцю ад 32 Кбіт за секунду.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)