Филин

Арына Радзівонава

Чаму сёння ніводны з бакоў не можа дазволіць сабе зрабіць крок насустрач

Экс-шэф польскай контрвыведкі заявіў аб працы беларускіх спецслужбаў у Польшчы на карысць Расіі. Ці ёсць за дымам полымя?

Былы кіраўнік польскай Службы вайсковай контрвыведкі генерал Пётр Пытэль заявіў у інтэрв’ю Gazeta Wyborcza, што расейскія спецслужбы дзейнічаюць у Польшчы з дапамогай беларускіх калег, якія нібыта лепш «адчуваюць» палякаў.

Генерал адзначае, што кіруючая партыя «Права і Справядлівасць» падтрымлівае кантакты з рэжымам Лукашэнкі, каб праз яго паразумецца з Пуціным.

Наколькі гэтыя схемы імаверныя, улічваючы вонкавыя стабільна дрэнныя стасункі афіцыйнага Менску з Варшавай, і ці варта чакаць пагаршэння стаўлення польскіх уладаў да беларусаў, Филин абмеркаваў з палітолагам.

— Мяркую, гэта не тое і не другое — не выкарыстанне РФ беларускіх «агентаў» і не спроба Крамля ўбіць яшчэ большы клін паміж Менскам і Варшавай, — разважае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч. — Ключавы момант у дадзеных заявах — пра кантакт кіруючай партыі з Пуціным.

Рэч у тым, што ў Польшчы досыць вострая палітычная канкурэнцыя, і перад падрыхтоўкай да электаральнай кампаніі яна яшчэ больш узмацняецца.

Зыходзячы з гэтага, тут мы маем «укід» не столькі пра расейскае ФСБ, колькі пра кіруючыю партыю.

Але ёсць і пэўная рацыянальная доля ў апублікаванай заяве, зазначае палітолаг:

— Натуральна, што беларусы больш блізкія да палякаў па ментальнасці, сапраўды лепш разумеюцца, і таму, калі Рэспубліка Беларусь мае сваю агентуру (а яна, хутчэй за ўсё, такую мае), то цалкам лагічна з боку расейскіх спецслужбаў папрасіць пра паслугі альбо атрымаць доступ да інфармацыі, атрыманай такім чынам. А ва ўмовах вайны — цалкам лагічна закінуць парачку прарасейскіх наратываў.

Якім чынам РФ спрабуе распаўсюдзіць свой уплыў на тэрыторыі Польшчы? Тут ёсць некалькі чыннікаў: па-першае, эканамічнае лобі, тыя, хто працуе з Расеяй, на расейскіх кантрактах, і каму пагаршэнне стасункаў невыгадна.

Па-другое — спробы ўплыву на палітыкаў. Але не думаю, што беларус, які прыехаў у Польшчу і легалізаваўся там, нейкім чынам выходзіць на польскага палітыка і падкідвае ідэі, якім чынам супрацоўнічаць з Расеяй. Тут, хутчэй, альбо выкарыстанне расейскага лобі, альбо кантакты праз амбасады і гэтак далей — беларусы тут могуць рабіць хіба падрыхтоўчую работу, не болей за тое.

Ёсць яшчэ трэці накірунак, так званая «вулічная палітыка», альбо праца з пэўнымі радыкальнымі арганізацыямі — прычым як крайне правымі, так і крайне левымі. Плюс, тактыка правакацый. Я хачу нагадаць пра тое, што было звязана з нацыянальнай памяццю на польска-украінскім накірунку: яшчэ паўтары гады таму гэтае пытанне стаяла вельмі востра.

Што цікава: калі адбывалася зневажанне, пашкоджанне помнікаў, то амаль сінхронна, у вельмі кароткі прамежак часу, адбывалася нейкае надзвачайнае здарэнне альбо з магіламі салдат УПА на тэрыторыі Польшчы, альбо з месцамі пахавання салдат Арміі Краёвай на тэрыторыі Украіны. Натуральна, што гэта выклікала абурэнне, пэўныя акцыі пратэсту патрыятычна настроеных людзей, і пагаршала стасункі паміж дзяржавамі.

Такая тактыка правакацый рэалізуецца альбо з дапамогай праплачаных выканаўцаў, альбо дзякуючы так званым «карысным ідыётам», з якімі можна супрацоўнічаць і фінансаваць праз падстаўныя групы, і стымуляваць супрацу з радыкальнымі арганізацыямі.

У кожным з гэтых накірункаў РФ можа выкарыстоўваць беларусаў. Але ці будзе аддаваць ім ключавую ролю?

Нарэшце, на самім беларуска-польскім накірунку, зазначае аналітык, згадка беларусаў у якасці «памагатых» расійскіх спецслужбаў, натуральна, не спрыяе ніякаму пацяпленню і пошуку кампрамісаў і нават змене рыторыкі з боку як афіцыйнай Варшавы, так і афіцыйнага Менску.

— Сёння ніводны з бакоў не можа дазволіць сабе зрабіць крок насустрач. Але, улічваючы «прабуксоўку» польскай, як і літоўскай, канцэпцыі ўплыву на Беларусь, якая вынікаў пакуль не мае, апанентамі польскай партыі «Права і справядлівасць» у новым электаральным цыкле гэта можа быць лёгка выкарыстана. Аднак, зноў жа, гэта ўнутрыпольскія палітычныя разборкі.

Трагедыя Беларусі ў тым, што агульная палітычная сітуацыя і дзейнасць беларускіх палітычных актараў прывяла да таго, што беларуская тэма — так, можа выкарыстоўвацца ў якасці разменнай.

Таму трэба проста задавацца пытаннем, каму гэта можа быць выгадна, — падкрэслівае аналітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)