Филин

Сямён Печанко

Чаму сёлета Дзень Волі набыў асабліва драматычны сэнс

Што сёння нагадвае пра падзеі сакавіка 1918-га.

25 сакавіка, Дзень Волі. 104-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета святкаванне чарговых угодкаў беларускай дзяржаўнасці набывае асабліва драматычны сэнс.

Не таму, што сам факт публічнага адзначэння гэтай даты ў сённяшняй Беларусі амаль гарантавана азначае арышт. Прэвентыўныя затрыманні актывістаў здараюцца штогод. Масавыя затрыманні ўдзельнікаў святочных шэсцяў і акцый здараліся і ў 1989-м, і ў 2005, 2006, 2008 і год таму.

У сакавіку 2022-га Беларусь фактычна вярнулася да таго, з чаго яна пачыналася вясной 1918-га. У краіне пануе чужое войска, беларусаў уцягнулі ў чужую, непатрэбную ім вайну.

«Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія…».

Гэта радкі, з якіх пачынаецца ІІІ Устаўная грамата ад 25 сакавіка 1918-га, якой беларусы абвясцілі сваю незалежнасць сто чатыры гады таму.

Драматызм сённяшняга нашага становішча палягае яшчэ і ў тым, што беларусы падзеленыя. Сотні тысячаў пакінулі краіну пасля падзей 2020-га, многія працягваюць бегчы ад вайны. Беларусы, што засталіся ў Беларусі, падзеленыя светапоглядна. Далёка не ўсе падзяляюць ідэалы 25 Сакавіка. Многія  сёння на баку дзяржавы, якая, як і сто чатыры гады таму, «кідае наш край у пажар вайны».

Што ж рабіць тым з нас, для каго Дзень Волі — не пусты гук? У Беларусі сёння самы час прыгадаць сталінскія лагеры, у якіх беларускія патрыёты ў гэты дзень віталі адзін аднаго з дапамогай двух слоў: «Дваццаць пяць».

У такіх варунках недарэчна і, бадай што, злачынна было б заклікаць людзей выходзіць на вуліцы. Тут ужо кожны для сябе павінен узважыць усе рызыкі і магчымыя наступствы.

Беларусы, якія воляй лёсу апынуліся па-за межамі краіны, могуць сабрацца на вуліцах і плошчах Вільні і Варшавы, Берліна і Прагі, Тбілісі і Батумі, каб нагадаць свету пра наш Дзень Волі, які мы больш за сотню год таму абвесцілі разам з суседзямі.

Усе мы ў гэты дзень можам сабрацца за сямейным сталом, расказаць сваім дзецям пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі. І пажадаць адзін аднаму, каб нарэшце мы змаглі «скінуць з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці». 

З артыкуламі пра Беларускую Народную Рэспубліку можна азнаёміцца ў адмысловай рубрыцы «Салідарнасці» БНР-100

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(26)