Чаму школьнікі не ведаюць пра слуцкае паўстанне
Случчанка Алеся працягвае мне ўлётку з запрашэннем 27 лістапада прыйсці на мітынг з нагоды ўгодкаў слуцкага паўстання. «Скажыце, а гэта акцыя супраць Лукашэнкі?» — пытаецца дзяўчына.
Пасля кароткай размовы высветлілася, што шаснаццацігадовая школьніца нічога не ведае пра Слуцкі збройны чын. І гэта не дзіўна, бо ў падручніках па гісторыі Беларусі няма ніводнага радка пра гэтую падзею. Пра гэта мне распавяла знаёмая настаўніца гісторыі.
— Тэма слуцкага паўстання доўгі час была забароненай, — тлумачыць выкладчыца. — Потым, калі знікла белая пляма ў гісторыі, у нас было мала інфармацыі пра падзею. Спачатку пра слуцкае паўстанне дзецям гаварылі як пра злачынства супраць савецкай улады. Пазней, у сярэдзіне 90-х школьнікаў вучылі па падручніках з бел-чырвона-белым сцягам на вокладцы, дзе паўстанню было прысвечана значнае месца ў асобным параграфе. Ужо напрыканцы 90-х у падручніках мімаходзь узгадвалася пра Слуцкі збройны чын як пра гістарычны факт, тлумачылася, што не ўсе разумелі палітыку бальшавікоў. Літаральна некалькі радкоў было. Зараз пра паўстанцаў у падручніках не пішуць, як быццам бы яго і не існавала. Зрэдку нехта са старшакласнікаў зацікавіцца і напіша на гэтую тэму рэферат. Цяпер такі час, калі падручнікі па гісторыі перапісваюцца раз на два-тры гады… Дзеці вывучаюць гісторыю Беларусі, пачынаючы з шостага класа, на расейскай мове. У падручніках не столькі выкладаюцца факты, колькі тэорыя. Напрыклад, што такое рэвалюцыя, Рэфармацыя і г.д.
Дарэчы, у Слуцкім краязнаўчым музеі дагэтуль няма экспазіцыі, прысвечанай паўстанню 1920 года. Экскурсіі па мясцінах збройнага чыну таксама не ладзяцца, бо …няма заявак ад жадаючых.
На думку кандыдата гістарычных навук, аўтаркі кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я гады» Ніны Стужынскай, слуцкае паўстанне павінна быць у школьнай праграме, бо гэта адзін з камянёў у муры незалежнай гісторыі Беларусі.
— На жаль, сёння гэтая падзея разыходзіцца з дзяржаўнай ідэалогіяй, але менавіта праз гісторыю тое ці іншае пакаленне можа зазірнуць у мінулае і ўбачыць падказку, як быць далей сёння, — гаворыць Ніна Стужынская. — Моладзі, якая не ведае мінулага, незразумелы патрыятызм.
Суразмоўца лічыць, што не варта рабіць з ушанавання памяці слуцкіх герояў палітычных акцый.
— У першую чаргу трэба распавесці людзям гісторыю паўстання ў імёнах, расказаць случакам, што на пачатку XX стагоддзя ў беларусаў былі нацыянальныя эліта і ідэя, што нашы продкі спрабавалі стварыць дзяржаўнасць і нават са зброяй яе абаранялі. Прыгадаць, як яны звярталіся да міжнародных арганізацый, і еўрапейская супольнасць падтрымала беларускую незалежнасць. Тады людзі зразумеюць, які гэта гонар. Мітынгі да гадавіны Слуцкага паўстання будуць нешматлюднымі, пакуль чалавек не будзе ведаць, чаму ён сюды прыйшоў і каго ўшаноўвае.
Слуцкае паўстанне — гэта брэнд Беларусі. На экскурсіі па месцах збройнага чыну турысты валілі б валам. Калі падаць гэтую гісторыю творча, маляўніча, рамантычна, дэтэктыўна, Дзень герояў стане нацыянальным, народным святам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное