Чаму Шайгу загаварыў пра новую вайсковую дактрыну Беларусі і Расеі

Сумесная калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі 20 кастрычніка аказалася даволі выніковай. Аднак бадзёра-аптымістычны тон кіраўнікоў абаронных ведамстваў ня мог схаваць застарэлыя супярэчнасьці ў вайсковым супрацоўніцтве саюзьнікаў, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на выставе зброі. Масква, жнівень 2021

Фармальна было прынята некалькі важных рашэньняў. Гаворка ішла і пра пяцігадовыя праграмы стратэгічнага партнэрства, і пра вучэбна-баявы цэнтар на тэрыторыі Беларусі.

Аднак бадзёра-аптымістычны тон кіраўнікоў абаронных ведамстваў ня мог схаваць застарэлыя супярэчнасьці ў вайсковым супрацоўніцтве саюзьнікаў.

Паводле міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, у адказ на пагрозы з боку Захаду Беларусь і Расея прымаюць новую ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы». Дакумэнт плянуецца зацьвердзіць неўзабаве на пасяджэньні вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы», якое папярэдне прызначана на 4 лістапада.

Але тут узьнікаюць пытаньні ня толькі працэдурнага, але і зьмястоўнага характару. Справа ў тым, што новую ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы» павінны былі ўхваліць 13 сьнежня 2018 году на пасяджэньні савету міністраў «саюзнай дзяржавы». Аднак афіцыйны Менск заблякаваў падпісаньне дакумэнту на знак пратэсту супраць «ультыматуму» прэм’ер-міністра РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева, які абвясьціў палітыку «прымусу да інтэграцыі». 19 сьнежня 2018 году Ўладзімір Пуцін у аднабаковым парадку ўхваліў ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». А Менск да сёньня сабатуе гэтую працэдуру.

Дык ці вядзе Шайгу гаворку пра той дакумэнт ад 2018 году, ці гэта абноўленая дактрына? Незразумела. І ці падпіша Лукашэнка дакумэнт гэтым разам? Чаго запатрабуе ўзамен?

Таксама, паводле Шайгу, кіраўнікі вайсковых ведамстваў Расеі і Беларусі падпісалі дакумэнты аб падаўжэньні тэрмінаў дзеяньня двух расейскіх вайсковых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі. Гаворка пра вузел сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Ганцавічах і радыёстанцыі Вайскова-марскога флёту ў Вялейцы.

І тут таксама ўзьнікаюць пытаньні. Дамова аб гэтых двух аб’ектах была падпісаная 6 студзеня 1995 году на 25 гадоў. Гэта значыць, тэрмін дзеяньня дамовы скончыўся 06.01.2020 г. То бок амаль два гады гэтыя аб’екты існавалі без усялякіх прававых падставаў, на аснове вусных дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным. Можна меркаваць, ішоў жорсткі торг аб новых умовах пралянгацыі колішняга пагадненьня.

І цяпер Шайгу не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў пра гэтыя дакумэнты. На якіх умовах гэтыя аб’екты будуць існаваць? На які тэрмін? І зноў жа, на дакумэнтах павінны быць подпісы Пуціна і Лукашэнкі.

Але цікава, што інфармацыя пра падпісаньне гэтых дакумэнтаў агучана толькі расейскім бокам. У паведамленьні БЕЛТА пра вынікі сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі няма інфармацыі пра дамоўленасьць наконт двух расейскіх вайсковых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі. Ва ўсякім разе, на канец працоўнага дня. І гэта сьведчыць пра тое, што з гэтым пытаньнем усё далёка ня проста.

У любым выпадку варта адзначыць, што вайсковае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі абганяе працэсы інтэграцыі дзьвюх краін у іншых сфэрах. Вайсковая прысутнасьць РФ на беларускай тэрыторыі павялічваецца. З усімі нэгатыўнымі наступствамі для сувэрэнітэту Беларусі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:14)