Чаму палякі не выйшлі на марш пратэсту, калі іх вайскоўцаў адправілі на «спецаперацыю» ў Чэхаславакіі?

Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі – пра рэакцыю польскага грамадства на падзеі 1968 года і паралелі з сённяшняй Беларуссю.

– «Палякі! Вы ж не расіяне. Не страляйце ў нашых дзяцей!» – нагадвае Рудкоўскі. – Са жніўня 1968 года захаваліся звароты чэхаў/славакаў да польскіх вайскоўцаў, калі СССР вырашыў ажыццявіць «спецаперацыю» ў Чэхаславакіі і заангажаваў у яе сваіх паднявольных «саюзнікаў».

Галоўным саюзнікам была тагачасная Польшча, якая не толькі ўдаступніла сваю тэрыторыю савецкім войскам для нападзення на Чэхаславакію, але і выслала свае ўласныя войскі колькасцю каля 25 тыс. ваенных для здушэння Праскай вясны.

Тагачасныя звароты чэхаў/славакаў да палякаў у нечым нагадваюць сённяшнія звароты ўкраінцаў да беларусаў. «Не страляйце ў нашых дзяцей», «Гэта не ваша вайна», «Не станавіцеся памагатымі агрэсара».

Што рабілі або маглі зрабіць звычайныя палякі, каб прадухіліць уцягненне Польшчы ў агрэсію супраць паўднёвага суседа? Красамоўным адказам з'яўляецца каментар у асяроддзі пісьменнікаў (адна з найбольш прагрэсіўных груп насельніцтва). Калі пісьменнік Вітальд Дамброўскі ў парыве самых добрых пачуццяў сказаў, што давайце збярэм подпісы пад зваротам супраць інтэрвенцыі, хтось з калегаў горка прыкмеціў: «Гэтыя подпісы стануць гатовым спісам арыштаваных».

Кардынал Вышынскі – так, той самы легендарны лідэр польскага Касцёла ў часы камунізму – спачатку маўчаў, а праз тыдзень прамовіў вось так: «Гэтая падзея вельмі цяжкая і складаная, таму пра яе лепш маўчаць».

Паасобныя культурныя дзеячы Польшчы ўсё ж выказваліся супраць уварвання ў Чэхаславакію. Большасць – з эмігранцкага асяроддзя, але некаторыя – з тых, што прабывалі ўнутры краіны.

Можна задаваць пытанні: Чаму палякі тады не рушылі шматмільённым маршам на Варшаву, чаму не струшчылі палітбюро кіроўнай партыі, якая ператварыла іх краіну ў крану-агрэсара, чаму не затрымалі савецкія танкі і свае ўласныя танкі, якія ехалі ў напрамку Чэхаславакіі? (...)

Адказ тут просты. Ва ўмовах дыктатуры ўплыў грамадства на прыняцце палітычных рашэнняў блізкае нулю, а звяржэнне дыктатур не адбываецца адным шчаўчком пальца.

Дзеля чаго я прыводжу паралель? З гэтай паралелі можна зрабіць дваякі ўжытак. Можна ператварыць яе падкормку для сваіх, беларускіх, цяперашніх крыўдаў і раненняў (адмова адкрываць банкаўскія рахункі, непрыняцце на працу і пад.).

Што ж, пры жаданні можна выкарыстаць гэтыя паралелі. Кейс жніўня 1968 года можа выбіць грунт з-пад ног любую спробу пакарання беларусаў за дзеянні Лукашэнкі. І нават больш таго: у 1968 у палякаў не было свайго «батальёна Каліноўскага», а за два гады да ўварвання не было аналага пратэстаў-2020.

Але я ўсё ж заклікаю – пакуль ідзе вайна – вельмі ашчадна карыстацца гэта паралеллю, не злоўжываць ёю. Аналагічна як эканамічныя санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі, на жаль, закранаюць расіян і беларусаў, якія рашуча супраць гэтых рэжымаў, так і псіхалагічны прэсінг на агрэсараў можа закранаць невінаватых людзей. Але ў цяперашнай сітуацыі санкцыі і псіхалагічны прэсінг патрэбныя.

Пакуль Украіна, а полеч з ёй і беларускі батальён, змагаецца з агрэсарам, варта рабіць «зніжку» на магчымыя крыўды і дыскрымінацыю. Калі дыскрымінацыя дробная, нелёсавызначальная – можна проста махнуць на яе рукой і ісці далей. Калі яна сур'ёзная, патэнцыйна паралізуе далейшае функцыянаванне – што ж, рэагаваць трэба. Але роўна столькі, колькі патрэбна для пераадолення праблемы функцыянавання.

Другі – лепшы – ужытак, які можам зрабіць з гэтай паралелі, – больш аптымістычны і будучыня-арыентаваны. Колькі чэхаў/славакаў сёння памятае пра тую «здраду» палякаў з 1968 года? Ці замінае той прыкры момант сёння выбудоўваць міжчалавечыя, міждзяржаўныя, бізнесовыя зносіны? Наколькі складана чэхам/славакам адрозніць тагачасных палякаў ад польскага аўтарытарнага рэжыму? ...а Польшчу ад СССР?

Істотна ва ўсім гэтым наступнае – ці грамадствы свабодныя, ці не. Свабодныя грамадствы здолеюць пераасэнсаваць мінулае і выбудоўваць нармальныя адносіны. Але важна – менавіта – каб яны былі свабоднымі.

Каб дыктатары не маніпулявалі нашым мінулым, а каб мы самі, у нармальных чалавечых сітуацыях, асэнсоўвалі сваё мінулае, распазнавалі магчымыя памылкі і выбудоўвалі будучыя адносіны гарызантальна, а не ў падпарадкаванні капрызам таго ці іншага аўтакрата.

Вось чаму найважней зараз, каб Украіна стала свабоднай. Гэта прыспешыць вызваленне Беларусі. Ва ўмовах свабоды мы абавязкова паразуеемся – з-за гэтага не трэба перажываць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)