Комментарии

Кірыл Іваноў

Чаму нас усіх вучыць сумная гісторыя музыкаў Nizkiz

Адкідваем эмоцыі ў бок і робім простыя і адначасова важныя высновы.

Навіна пра затрыманне музыкаў з Nizkiz агаломшыла. Многія з нас не стрымліваюць эмоцыяй. І гэта можна зразумець, бо яшчэ зусім свежая памяць пра сталінскія прысуды музыкам рагачоўскага Tor Band.

І ўсё ж, як бы нi было горка, мусім адкінуць эмоцыі ў бок і зрабіць важныя высновы з гэтай гісторыі. І з сённяшняй сітуацыі агулам.

Мяркуючы па тым, якія спрэчкі зараз віруюць у сацсетках паміж беларусамі, якія апынуліся па розныя бакі мяжы, укід прапаганды пра «вяртанне ў Беларусь» удзельнікаў Nizkiz дасягнуў сваёй мэты.

То ці варта сваімі ж рукамі падвышаць каэфіцыент карыснага дзеяння чорных справаў служкаў рэжыму? Ці трэба дапамагаць тым, хто наяўнасць грамадзянскай пазіцыі ўзвёў у ранг дзяржаўнага злачынства? Тым, хто інфармацыйна суправаджае здзекі з людзей, што маюць іншую думку?

Відавочна, не трэба тлумачыць, хто выйграе ад сваркі паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся. Зрэшты, у перспектыве ад гэтага раздраю прайграюць усе. І пра гэта варта памятаць усім нам.

Мусім навучыцца паважаць чужы выбар, якім бы спрэчным ён нам нi падаваўся. Як права на рашэнне з’ехаць без агляднай перспектывы вярнуцца, так і прынцыповае жаданне застацца на радзіме з куды больш прадказальнымі наступствамі.