Комментарии
Сямён Печанко

Чаму Лукашэнка ігнаруе памерлых творцаў

Ад першых дзён на пасадзе нязменны кіраўнік краіны падзяліў беларусаў на «сваіх» і «чужых» паводле прынцыпа лаяльнасці.

Спачуванні родным Ніла Гілевіча кіраўнік краіны выказаў праз дзень пасля яго смерці. Лукашэнку нічога не перашкодзіла павіншаваць з 80-годдзем расійскага народнага артыста Станіслава Гаварухіна дзень у дзень, а вось на Народнага паэта ён «забыўся».

Зрэшты, ці ўпершыню мы назіраем, як Лукашэнка такім чынам вытрымлівае паўзу? Спачуванні сям’і Рыгора Барадуліна прагучалі праз два дні пасля адыхода паэта. Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў...

Чаму Лукашэнка ігнаруе памерлых творцаў? Бо яны чужыя яму. Ад першых дзён на пасадзе ён падзяліў беларусаў на «сваіх» і «чужых» паводле прынцыпа лаяльнасці. З нагоды смерці «свайго» мастака Міхаіла Савіцкага кіраўнік краіны выказаў спачуванні аператыўна, без затрымак.

Літаратары, што адышлі ў іншы свет, былі стваральнікамі. Лукашэнка — разбуральнік.

Ніл Гілевіч быў старшынёй камісіі, якая распрацавала «Закон аб мовах». Дзякуючы і ягоным намаганням беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай. Ці варта нагадваць, хто ініцыяваў і правёў сумнеўны з пункту гледжання Канстытуцыі рэферэндум, які скасаваў статус тытульнай мовы нацыі як адзінай дзяржаўнай?

Ніл Гілевіч, паводле ягоных калегаў-дэпутатаў Вярхоўнага Савета, пакрысе пазбаўляўся ад савецкага светапогляду, рабіўся незалежнікам. Лукашэнка — з першых дзён кіравання ўзяў курс на рэванш — вярнуў падрэтушаваную савецкую сімволіку, рэінкарнаваў камсамол і піянерыю, аднавіў камандна-адміністрацыйны лад.

На творах літаратараў-незалежнікаў узгадавалася новае пакаленне беларусаў, наша надзея. Якая ў нашыя дні трапляе ў турмы і вымушана з’язджаць у эміграцыю.

Нашы літаратары-дзяржаўнікі марылі пра цывілізаваную Беларусь, роўную паміж народаў. Яны працавалі на перспектыву, на будучыню краіны. У такой краіне няма месца пажыццёваму кіраўніцтву аднаго чалавека. Лукашэнка зрабіў роўна наадварот, збудаваўшы краіну «пад сябе», якой кіруе, жывучы адным днём, трэці дзясятак год.

Такім ён і застанецца ў нашай памяці — чалавек, які адабраў у некалькіх пакаленняў беларусаў будучыню, змусіўшы таптацца на месцы.

Іх жа, нашых творцаў, мы запомнім, як сапраўдных Бацькоў нацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)