Чаму беларусы сталі эмігрантамі ў сваёй краіне
Улічваючы стан беларускамоўнага навчання ў Беларусі, навіна пра адкрыццё класа роднай мовы ў адной са школ ЗША наводзіць на сумныя думкі.

Фота МЗС
У адной са школ горада Сакрамента (штат Каліфорнія), адкрыўся клас беларускай мовы і літаратуры. У школе Community Outreach Academy вучацца каля 1300 навучэнцаў ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў, большасць з іх складаюць дзеці славянскіх эмігрантаў, у тым ліку выхадцаў з Беларусі. Колькаць маленькіх беларусаў у школе расце, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МЗС Беларусі.
Паведамляецца таксама, што ідэя адкрыцця беларускага класа ўзнікла ў часе наведвання школы ў студзені 2016 года беларускай дэлегацыяй. Рэалізацыі ідэі паспрыялі дырэктар школы Ларыса Ганчар, якая паходзіць з Беларусі, беларускае міністэрства замежных спраў, пасольства ў ЗША і Гродзенскі гарвыканкам, які перадаў школе неабходныя вучэбна-метадычныя матэрыялы.
Безумоўна, навіна пра адкрыццё класа беларускай мовы ў амерыканскай школе выклікае пазітыўныя пачуцці. Клопат уладаў пра беларусаў замежжа можна толькі вітаць. Каб жа толькі не адна акалічнасць. У тым самым Гродна, чые ўлады паспрыялі стварэнню беларускага класа, шэсць год таму не было ніводанага першага класа з беларускай мовай навучання. Зусім як ў каліфарнійскім Сакрамента да апошніх дзён.
Сітуацыя пакрысе пачала мяняцца пасля таго, як некалькі бацькоў адважыліся на адчайны крок, патрабуючы для сваіх дзяцей навучання па-беларуску.

2 верасня 2010 года прафесар Алесь Астроўскі з сям’ёй, а таксама журналіст Уладзімір Хільмановіч зладзілі пад вокнамі гарвыканкама пікет. Дзеці прафесара трымалі ў руках плакат «Хочам вучыцца па-беларуску».
Сёння ў Гродна на беларускай мове вучацца некалькі дзясяткаў школьнікаў. На цэлы трохсоттысячны горад. Гэты факт стварае ўражанне, што беларусы, якія жадаюць вучыць сваіх дзяцей на роднай мове, нібы эмігранты ва ўласнай краіне.
Читайте еще
Избранное