Общество

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Свабода знайшла 5 нестыковак у афіцыйнай вэрсіі самагубства інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча і папрасіла пракамэнтаваць гэтыя пункты былога сьледчага Мікалая Казлова.

1. Чаму Сьледчы камітэт апэратыўна паведаміў пра забойства міліцыянта?

Як было. Першае афіцыйнае паведамленьне пра сьмерць Яўгена Патаповіча прыйшло ад СК у вечар зьнікненьня. У тэлеграм-канале Сьледчага камітэту паведамілі, што завялі крымінальную справу паводле артыкулу 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем ім абавязкаў у ахове грамадзкага парадку») і што справа знаходзіцца «на асабістым кантролі» старшыні СК Івана Наскевіча. Пра «гібель падчас выкананьня службовых абавязкаў» паведаміла і МУС.

Што кажа экспэрт.

 На думку Мікалая Казлова, нічога дзіўнага ў такой апэратыўнасьці няма, бо сьледчыя ўжо сутыкнуліся з тым, што ёсьць сацыяльныя сеткі і шыла ў мяшку ня схаваеш.

«Улічваючы, што горад невялікі, тут сваякі, людзі тэлефануюць, і першая вэрсія пасьля агляду цела — кайданкі, зброя і ўсё астатняе — натуральна, выглядае як забойства. Дзіўнае, але забойства. Вэрсій магло быць некалькі, але заўсёды ёсьць больш відавочная. Таму адразу падзяліліся галоўнай.

Магчыма, сьледчыя адразу зразумелі, што самагубства, але такія ўчынкі супрацоўнікаў міліцыі — пляма на мундзіры. Да таго ж, калі ў чалавека былі спробы суіцыду, нават калі былі неадэкватныя паводзіны — яго павінны былі адхіліць ад службы са зброяй, пасадзіць пісаць пратаколы, а ён працягваў служыць. Таму спачатку і выставілі вэрсію забойства», — мяркуе Мікалай Казлоў.

2. Чаму засяродзіліся на вэрсіі, што злачынцы былі на чорнай «Волзе»?

Як было. Паводле паведамленьняў Сьледчага камітэту, першапачатковая інфармацыя пра чорную «Волгу» з расейскімі нумарамі і пасажырамі неславянскай зьнешнасьці, якая магла зьвезьці афіцэра ДАІ ў невядомым кірунку, аказалася непраўдзівай. Яна паходзіла ад самога загінулага, які такім чынам нібыта «хацеў паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне».

Што кажа экспэрт. Тут дзеяньні міліцыі ў пошуку аўтамабіля былі цалкам зразумелыя і лягічныя, перакананы Мікалай Казлоў.

«Калі прыйшла такая СМС ад самога міліцыянта, натуральна, пачалі шукаць «Волгу», хоць гэта цяпер даволі рэдкі аўтамабіль. Напісаў бы пра «Пабеду» — шукалі б «Пабеду». Можна разважаць колькі заўгодна, але была інфармацыя ад першакрыніцы, таму шукалі чорную «Волгу», а ня белыя «Жыгулі», — разважае Мікалай Казлоў.

3. Чаму вэрсію пра самагубства агучылі праз два дні пасьля пахаваньня?

Як было. Вэрсія пра самагубства лейтэнанта Яўгена Патаповіча Сьледчы камітэт агучыў праз чацьвёра сутак пасьля таго, як знайшлі цела, і праз два дні пасьля пахаваньня з пашанай як загінулага пры выкананьні службовага абавязку.

Што кажа экспэрт.

 Мікалай Казлоў прызнаецца, што гэта яго таксама зьдзівіла. І яшчэ яго вельмі ўразіла, што не было ніякай рэакцыі міністра ці кагосьці з кіраўніцтва МУС.

«Хавалі міліцыянта з пашанай, як чалавека, які загінуў на баявым пасту. У мяне загінуў сябра Ігар Кашкан — пры выкананьні, яго забіў бандыт (сядзіць, атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне), тады была заява міністра. А цяперашні міністар Шуневіч у гэты ж час на вясёлкавы сьцяг над брытанскай амбасадай рэагуе, а на забойства супрацоўніка — не. Дзіўна, што нагналі на пахаваньне кіраўніцтва ДАІ, АМАПу, нават Дзьмітрыя Балабу (камандзір менскага АМАПу. — РС) я бачыў на здымках, а рэакцыі кіраўніцтва не было.

Што тычыцца думак, што пашкадавалі, маўляў, грошай на кампэнсацыю — ня думаю, што там вялікія грошы. Ня ведаю, але, як паказвае практыка, у цяперашняга кіраўніцтва МУС няма межаў цынізму».

4. Ці ёсьць прыкметы гвалтоўнай сьмерці?

Як было. Ад самага пачатку Сьледчы камітэт заяўляў, што цела лейтэнанта міліцыі было знойдзена з «прыкметамі гвалтоўнай сьмерці».

Аднак падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС сказалі, што «на целе супрацоўніка ня знойдзена цялесных пашкоджаньняў, акрамя агнястрэльнага раненьня».

Паводле афіцыйнай вэрсіі, загінулы сам разьдзеўся перад сьмерцю і нават спаліў свае форменныя штаны з дапамогай загадзя падрыхтаванай гаручай вадкасьці. Навошта гэта было рабіць і ці ня можа зьнішчэньне вопраткі міліцыянта сьведчыць пра жаданьне зьнішчыць сьляды злачынства, у СК не тлумачаць. Не тлумачаць і таго, чаму Патаповіч перад сьмерцю набываў у краме дровы і рыдлёўку (відэа з камэраў назіраньня таксама паказвалі на брыфінгу ў СК).

Разговорчики в сети: «Снял штаны, застегнул наручники и выстрелил себе в голову – гениальная версия от СК, браво!»

Што кажа экспэрт. 

Ёсьць учынкі з разраду нетлумачальных, незразумелых, якія не паддаюцца ніякай лёгіцы, кажа Мікалай Казлоў.

«Людзі часьцяком настолькі вынаходлівыя, і гэта вынаходлівасьць супярэчыць здароваму сэнсу. У мяне ёсьць пэўныя вэрсіі, але я нават ня буду іх агучваць. У тым ліку і з этычных матываў.

Але мне незразумела, навошта была вадкасьць для падпальваньня і дровы. Застрэліцца, а потым спаліць сябе? Зноў жа, павінна быць экспэртыза. Я не магу па фота адназначна сказаць, ці былі прыкметы гвалтоўнай сьмерці, тым больш што яны размытыя. Вельмі шмат дзіўнага ў гэтай справе.

Аднак рэпутацыя міліцыі апусьцілася ніжэй за плінтус, і што б яны не казалі, што б не паказвалі, народ ім ня верыць, у народу заўсёды застануцца сумневы. Міліцыя так доўга псавала сваю рэпутацыю, што выправіць сытуацыю будзе вельмі складана», — мяркуе Мікалай Казлоў.

5. Чаму ў міліцыянта былі кайданкі на руках?

Як было. Падчас брыфінгу 20 траўня прадстаўнікі СК і МУС прадэманстравалі відэа, на якім відаць, што рукі знойдзенага міліцыянта былі ў кайданках. Яны назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні, што рукі супрацоўніка былі «далонямі вонкі».

Многія выказваюць сумнеў, ці магчыма на сабе зашпіліць кайданкі, а пасьля стрэліць у сябе. 

Што кажа экспэрт. Мікалай Казлоў запэўніў, што закаваць сябе ў кайданкі магчыма.

«А вось у якім становішчы былі далоні, цяжка сказаць. Але ўсё можна высьветліць з дапамогай экспэртызы: зь якой адлегласьці зроблены стрэл, ці ёсьць парахавыя газы, рэшткі пораху на целе, вопратцы, чые адбіткі пальцаў на пісталеце. Калі толькі ягоныя адбіткі — гэта адно, калі ёсьць яшчэ кагосьці — гэта другое, калі яны сьцёртыя — трэцяе. Неабходна правесьці экспэртызу, сьледчы экспэрымэнт, і толькі тады рабіць выснову. Але тлумачыць дзеяньні чалавека, які адважваецца на суіцыд, цяжка, яны могуць быць дзіўныя і непрадказальныя», — кажа Мікалай Казлоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(29)