Зацепило!
Сямён Печанко

Чаму беларускія міністры могуць павучыцца ў Samsung

Заявы чыноўнікаў пра «эканамічна неабгрунтаванае і немэтазгоднае» выкарыстанне беларускай мовы не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ізноў выказала сваё стаўленне да ідэі абавязаць беларускіх вытворцаў, а таксама аб’екты грамадскага харчавання публікаваць важную для кліентаў інфармацыю як на рускай, так і на беларускай мове.

Спаслаўшыся на меркаванне Міністэрства прамысловасці, канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам» і іншых дзяржаўных арганізацый вытворцаў і пастаўшчыкоў прадукцыі, намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс заявіў, што дубляванне інфармацыі на дзвюх дзяржаўных мовах з’яўляецца «эканамічна неабгрунтаваным і немэтазгодным».

Выказванне чыноўніка не вытрымлівае ніякай крытыкі. І не толькі таму, што такое стаўленне да нацыянальнай мовы не робіць гонару дзяржаўным чыноўнікам, слугам народа.

Samsung рэкламуе сваю прадукуцыю па-беларуску і стала ўдзельнічае ў іміджавых акцыях у падтрымку беларускай мовы. Фота generation.by

Словы пра эканамічную неабгрунтаванасць — варты жалю аргумент, калі прыгадаць пра карэйскую карпарацыю Samsung, якая рэкламуе сваю прадукцыю ў Беларусі па-беларуску. Няўжо тыя карэйцы, чыя кампанія выдаткоўвае на рэкламу сумы, параўнальныя з гадавым бюджэтам нашай краіны, слабейшыя ў эканоміцы за нашых міністраў. Ці Bosch з «МакДональдс», што загаварылі са сваімі кліентамі па-беларуску?

Беларускія эканамісты шукаюць эканамічную немэтазгоднасць не ў тым месцы. Не там, дзе нараджаюцца ідэі пра бязглуздыя падаткі замест думак пра тое, як даць людзям працу. Не там, дзе гадамі ігнаруецца патрэба ў наспелых рэформах. Не там, дзе штодня ламаюць галаву над пытаннем, як вытрасці з бізнесу апошнія капейкі. Але шукаць у патрэбным месцы яны наўрадці адважацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)