Коктейль

Чаму беларуска паехала вучыцца ў Кітай, а кітаец прыехаў у Беларусь

Кожны дзясяты студэнт БДУ — замежнік, кожны другі з гэтых замежнікаў — кітаец. Лі Туньмань гатовы плаціць за беларускую адукацыю ў 6 разоў больш, чым за кітайскую. А беларуска Дзіяна абрала асьпірантуру ў Кітаі. Свабода распытала, навошта моладзі вучыцца за мяжой.

Сьцісла:

Кітайскія школьнікі зь дзіцячага садка рыхтуюцца да паступленьня ва ўнівэрсытэт. Калі не паступіш, знайсьці працу з добрым заробкам будзе цяжка.

Навучаньне ў БДУ для замежных студэнтаў каштуе 4250 даляраў на год. Гэта ў шэсьць разоў даражэй, чым Лі Туньмань плаціў за адукацыю ў Кітаі.

На кітайскім працоўным рынку высока цэняць адукацыю і вопыт працы за мяжой. У такім выпадку больш шанцаў знайсьці лепшую працу. Таму кітайцы гатовыя плаціць за адукацыю больш.

Каб «прадаць» сябе як спэцыяліста на эўрапейскім працоўным рынку, важна быць унікальным. Напрыклад, біёлягам зь веданьнем ангельскай, расейскай і кітайскай моваў.

Туньмань з Наньяна

Лі Туньмань ужо тры гады вучыцца на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. У Беларусі ён вывучае ўсясьветную эканоміку.

— Ад факультэту да маёй кватэры — пяць хвілінаў пешшу, — кажа ён. Туньмань наймае двухпакаёвую кватэру ў адной зь вежаў «Брамы гораду» непадалёк ад будынку ФМА і чыгуначнага вакзалу.

Туньманю 23 гады. У Беларусь ён прыехаў з кітайскага гораду Наньян.

— У маім горадзе жыве больш людзей, чым ва ўсёй Беларусі (10,1 млн чалавек. — РС), — усьміхаецца ён.

Туньмань адвучыўся два гады на філялёгіі ў Кітаі, а потым паступіў у БДУ.

«За вучобу ў Беларусі плачу ў шэсьць разоў больш, чым у Кітаі»

Маці Туньманя працуе судзьдзёй, а бацька — інжынэрам.

— Яны цалкам падтрымліваюць маё рашэньне вучыцца за мяжой. Па-першае, я атрымліваю карысны досьвед. Па-другое, вучу новую мову. На працоўным рынку гэта вельмі цэніцца, — кажа хлопец.

Вучыцца ў БДУ каштуе 4250 даляраў на год. У Кітаі за навучаньне і інтэрнат Туньмань плаціў 700 даляраў на год.

— За вучобу ў Беларусі я плачу ў шэсьць разоў больш, чым у Кітаі. Аднак з усіх эўрапейскіх краінаў навучаньне ў Беларусі самае таннае. Да таго ж эканамічныя адносіны Беларусі з Кітаем інтэнсіўна разьвіваюцца. У тым жа індустрыяльным парку „Вялікі камень“ шмат кітайскіх кампаній і інвэстыцый. Думаю, у Беларусі будзе магчымасьць працаўладкавацца, — адказвае Лі Туньмань на пытаньне, навошта плаціць больш.

«Самае цяжкае — вучыць мову»

Каб паступіць у беларускі ўнівэрсытэт, Туньмань здаваў толькі іспыт па расейскай мове.

— У вучобе для мяне самае складанае — замежная мова. Гэта доўгі і марудны працэс, але надзвычай цікавы. Пакуль мне бракуе слоўнага запасу, каб свабодна весьці гутарку, — кажа Туньмань.

Замежныя і беларускія студэнты вучацца па аднолькавай праграме, патрабаваньні да іх таксама аднолькавыя.

— Ня кожны беларускі студэнт уключаецца ў матэрыял, які даюць на парах. А мне яшчэ цяжэй. Праўда, я адзіны з кітайскіх студэнтаў, хто здаў іспыт па міжнародным мэнэджмэнце. Але гэта было няпроста, — усьміхаецца Туньмань.

У Беларусі студэнты могуць вучыцца ў дзьве зьмены. Кітайскаму студэнту гэта падаецца нязручным.

— Да абеду сьпіш, робіш нейкія справы, абедаеш — і ўжо пачынаюцца заняткі, — кажа ён. — У Кітаі вучоба пачынацца а 8-й раніцы і сканчаецца часам а 8-й увечары, але будуць вялікія перапынкі на абед і адпачынак.

«У Кітаі за абед я аддаю адзін даляр, а ў Беларусі — 4–5»

Зь беларускай кухняй у Туньманя ня склалася. Таму хлопец стараецца гатаваць дома і часам ходзіць па аўтэнтычную локшыну ў кітайскую рэстарацыю «Дао» на плошчы Перамогі.

А вось пра Кітай яму нагадваюць менскія гандлёвыя цэнтры.

— Я хаджу туды, бо там шмат людзей, як і ў Кітаі. Аднак у Беларусі ўсё даражэйшае. Напрыклад, у Кітаі за абед я аддаю адзін даляр, а ў Беларусі — 4–5, — кажа ён.

У Беларусі Туньманю падабаецца чыстае паветра, прырода і людзі, аднак жыць ён хоча ў Кітаі.

— У Кітаі мне больш камфортна: родныя і сябры побач, ёсьць мора і горы, больш звыклая ежа. Аднак з адукацыяй і вопытам працы за мяжой там прасьцей знайсьці добрую працу. Таму пасьля магістратуры я б хацеў папрацаваць у Беларусі, а потым вярнуцца ў Кітай, — кажа Туньмань.

Дзіяна зь Менску

Дзіяна Рэзьнікава вучыцца на першым курсе асьпірантуры Хэнаньскага ўнівэрсытэту ў горадзе Кайфэн на спэцыяльнасьці «малекулярная біяфізыка». Дзяўчына прыехала на зімовыя вакацыі ў Беларусь упершыню за апошнія паўтара года.

Пасьля школы дзяўчына вырашыла паступаць у БДУ на біялягічны факультэт, калі зьявілася новая спэцыяльнасьць «біяхімія». А каб разнастаіць жыцьцё, вырашыла вывучыць новую мову.

— У Эўропе шмат біёлягаў гавораць па-ангельску. Мне хацелася быць запатрабаванай, таму абрала кітайскую. Меркавала, што зь веданьнем расейскай, ангельскай і кітайскай моваў стану ўнікальным спэцыялістам, — кажа Дзіяна.

Выклік прыняты — Дзіяна пайшла на курсы кітайскай у інстытут Канфуцыя пры БДУ і адвучылася там два гады. Тады зьявілася ідэя павучыцца ў асьпірантуры ў Кітаі.

​«Проста працуй больш»

На трэцім курсе Дзіяна прайшла адбор для міжнароднага абмену БДУ з Кітаем і паехала на год вучыцца ў Пэкін.

— Мне спадабалася краіна, і я вырашыла зьвязаць пяць гадоў жыцьця з асьпірантурай у кітайскім унівэрсытэце, — кажа Дзіяна.

Каб паступіць у асьпірантуру, трэба здаць кваліфікацыйны іспыт па кітайскай мове — так званы HSK.

— На побытавым узроўні мая кітайская добрая, а вось з тэрміналёгіяй бывае цяжкавата, — кажа дзяўчына. — Часам думаю: навошта для аднаго слова так шмат герогліфаў? Аднак мой кітайскі прафэсар вельмі падтрымлівае мяне, бо сам вучыўся ў Іране. Ён кажа: «Я разумею, што табе складана. У Іране я прачынаўся а 5-й раніцы, клаўся а 1-й ночы. Усё можна здаць. Проста працуй больш!»

Дзіяна атрымлівае дзяржаўную стыпэндыю, якая цалкам пакрывае навучаньне ва ўнівэрсытэце, пражываньне, мэдычную страхоўку. На кішэнныя выдаткі і ежу яна штомесяц атрымлівае 500 даляраў.

У сярэднім вучоба ў кітайскім унівэрсытэце можа абысьціся беларусу ў 6000 даляраў на год, але ўсё залежыць ад гораду і прэстыжнасьці навучальнай установы.

«Ва ўнівэрсытэце кітайцы «забіваюць» на вучобу»

Да паступленьня ва ўнівэрсытэт кітайскія школьнікі рыхтуюцца зь дзіцячага садка. У шэсьць гадоў дзеці ўжо ходзяць да рэпэтытараў.

— Калі ў дзесяцігадовага дзіцяці запытацца, якое ў яго хобі, ён адкажа: «Выконваць хатнія заданьні». Яно і зразумела: шмат людзей, высокая канкурэнцыя. Калі кітаец не паступіць ва ўнівэрсытэт, то знайсьці добрую працу з высокім заробкам будзе амаль нерэальна, — кажа Дзіяна.

Аднак тое, што кітайцы вельмі працавітыя — стэрэатып.

— Так, у школе кітайцы вучацца ўвесь час, а калі паступаюць ва ўнівэрсытэт, «забіваюць» на вучобу. На вучобе яны могуць праседзець ад 8-й раніцы да 8-й вечара. Але за гэты час кітайцы зробяць вялікі перапынак на сон, абед і адпачынак. Фізычная прысутнасьць на парах — гэта найперш праява павагі да выкладчыка, — кажа дзяўчына.

На занятках кітайцы трымаюць сваю думку пры сабе, нават калі добра падрыхтаваліся.

— Кітайцы вераць, што пярэчыць куратару нельга. Спрачацца ці задаваць пытаньні яны ня будуць, — кажа Дзіяна.

​«Муж і жонка ня могуць жыць разам у студэнцкім інтэрнаце»

Для студэнтаў ёсьць інтэрнаты розных тыпаў. Кітайцы жывуць і па 8 чалавек у адным пакоі. Замежныя студэнты — па 2–4 чалавекі. Мужчынскія і жаночыя інтэрнаты строга падзеленыя. Нават пара ў шлюбе ня можа жыць у адным пакоі.

— У мяне прывілеяваныя ўмовы. Я жыву ў асобным пакоі з душам-прыбіральняй і кухняй на паверсе. Гэта таму, што я асьпірантка, — кажа Дзіяна.

Адна з цяжкасьцяў перабываньня ў Кітаі для замежніка — закрыты інтэрнэт. Каб абыйсьці блякаваньне, трэба ўсталяваць VPN, хоць гэта, вядома, незаконна.

Кожны звыклы для беларусаў інтэрнэт-сэрвіс, кшталту Youtube ці сацыяльных сетак, мае кітайскія аналягі. Самы распаўсюджаны сэрвіс у Кітаі — WeChat.

— Да WeChat-гаманца ёсьць магчымасьць прывязаць картку і плаціць у крамах ці кавярнях з тэлефона. Скануеш код — праходзіць аплата. Зручна, бо ня трэба з сабою насіць ні наяўныя грошы, ні картку, — кажа Дзіяна.

«Адкуль ты?»

Часьцей за ўсё, калі Дзіяна падарожнічала па Кітаі, у цягніках у яе пыталіся: «Адкуль ты?» «Зь Беларусі», — адказвала яна. У яе перапытвалі: «З Расеі?» Беларусь блытаюць з Расеяй, бо краіну па-кітайску называюць «Белая Расея» (白俄罗斯). Першы герогліф значыць «белы», другі — «расейскі».

Летась амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды прапанаваў адкінуць другі герогліф, каб назва краіны гучала як «Беларусь», а ня «Белая Расея» ці «Белоруссия».

— Дзякуючы намаганьням Рудага сытуацыя пакрысе паляпшаецца, але гэта доўгі шлях, — кажа Дзіяна.

​Хэнаньскі ўнівэрсытэт, дзе вучыцца дзяўчына, супрацоўнічае з БДУ. Цяпер там вучацца 38 беларускіх студэнтаў.

Ва ўнівэрсытэце штогод праходзіць Фэст культураў. Увосень студэнты падрыхтавалі да канцэрту два нумары: песьню NaviBand «Гісторыя майго жыцьця» з танцамі і верш Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край».

— Апошнюю страфу верша мы пераклалі на кітайскую — і гэта быў фурор! Выкладчыкі казалі, што да нас такога не рабілі, — кажа Дзіяна.

На Фэсьце культур у Хэйнаньскім унівэрсытэце

Смог і сьмецьце

Дзяўчына прызнаецца, што ўжо ссумавалася па блізкіх і па чыстым беларускім паветры.

Галоўная экалягічная праблема Кітаю — смог. Норма шкодных часьцінак у паветры — 25 мікраграмаў на кубамэтар. У горадзе, дзе жыве Дзіяна, узровень забруджваньня паветра перавышае норму ў 4–5 разоў.

— Калі я жыла ў Пэкіне, узровень забруджваньня часам перавышаў норму ў 10 разоў — нічога было не відаць. Я старалася не выходзіць лішні раз на вуліцу, бо смог моцна адбіваецца на здароўі. Пакуль я ў Беларусі, хачу схадзіць у паліклініку на працэдуры для горла, — кажа Дзіяна.

Кітай праводзіць палітыку ачышчэньня паветра. Саджаюць больш дрэваў, усё менш фабрык працуюць на вугалі, а год таму Кітай запусьціў найбуйнейшую ў сьвеце ўстаноўку па ачышчэньні паветра ў горадзе Сіань.

— Агулам у Кітаі вельмі брудна. Мала сьметніц. Паўсюль — плястыкавыя пакеты, — кажа Дзіяна. — Для кітайцаў плюнуць у забягалаўцы, рыгнуць або выкінуць сьмецьце пад ногі — звычайная справа. Яны ня лічаць гэта кепскім тонам. На іх думку, усё, што просіцца з арганізму, трэба выкінуць, нельга трымаць у сабе.

«У Кітаі ты ўвесь час пад каўпаком»

— Мне падабаецца краіна, але жыць тут я б не хацела, — пасьля вучобы Дзіяна не плянуе заставацца ў Кітаі. — Я занадта люблю свой камфорт. У Эўропе на цябе менш рэагуюць. У Кітаі ты ўвесь час пад каўпаком: з аднаго боку цябе здымаюць, з другога на цябе глядзяць. Ад пастаяннай увагі стамляесься.

Беларусь не прызнае кітайскіх навуковых ступеняў. Таму на радзіме Дзіяна будзе абараняць дысэртацыю нанава.

— Мяркую, знайсьці працу ў Беларусі па маёй спэцыяльнасьці з добрым заробкам ня так і складана. Але ці будзе ўва мне тут неабходнасьць? — кажа дзяўчына.

Кожны дзясяты студэнт БДУ — замежнік, кожны другі з гэтых замежнікаў — кітаец, а агулам у Беларусі вучыцца больш за дзьве тысячы студэнтаў з Кітаю, як сказаў міністар адукацыі Ігар Карпенка. Больш у Беларусі толькі студэнтаў з Туркмэністану.

2019 год абвешчаны «Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі». Цяпер у Паднябеснай амаль тысяча беларускіх студэнтаў. Зь іх больш за 200 атрымліваюць гранты. Штогод колькасьць беларускіх студэнтаў у Кітаі расьце на 100 чалавек.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)