Ігар Тышкевіч
Чаму Беларусь і Расію чакае развод

Як развіваецца супрацоўніцтва Расійскай Федэрацыі ды Беларусі? Першае, што прыходзіць на памяць – Саюзная дзяржава, мытны Саюз, Еўразійскі эканамічны саюз і гэтак далей. Наогул, слова «саюз» ці не часьцей за ўсё ўзгадваецца пры ўжыванні назваў дзьвюх дзяржаваў поруч.

Аднак пакінем гульню словамі ды паспрабуем адказаць на пытанне «чым ёсць РФ для Рэспублікі Беларусь?» А таксама «Чаму так?» Вось з гэтага месца можна пачынаць пералік аргументаў. На карысць блізкіх адносінаў дзяржаваў. Надам тут асноўныя тэзісы, з якімі ў той ці іншай меры пагаджаюцца беларусы незалежна ад палітычных перакананняў:

1. Расійская эканоміка дастаткова моцная і вялікая. Адпаведна беларуская індустрыя можа забяспечыць устойлівы рост за кошт вытворчай кааперацыі з РФ.

2. Нафта, газ і карысныя выкапні. Беларусь крытычна залежная ад паставак з тэрыторыі Расіі. А формула «саюзнай дзяржавы» стварае умовы для працы у полі вельмі камфортных коштаў.

3. Расія была і ёсць адным з найбольш вялікіх рынкаў збыту для беларускае прадукцыі.

4. Навуковы патэнцыял Расійскай Федэрацыі – зарука развіцця. Адпаведна блізкія кантакты дзяржаваў ды іх супрацоўніцтва могуць даць плён у стварэнні навукаёмістых, інавацыйных бізнэсаў. Апроч таго акадэмічная школа Расіі традыцыйна лічыцца моцнай і разьвітой.

5. Блізкасьць культураў. Некаторыя нават ужываюць слова «роднасць». Цалкам адпавядае тэзісу братэрскіх славянскіх народаў. І, натуральна, гэтая тэма ўвесь час падаграваецца з боку РФ.

6. Настальгія па СССР. Як часткі насельніцтва так і элітаў. Маўляў, памятаем яшчэ пра малочныя рэкі ды кісельныя берагі Савецкага Саюзу.

7. Асабістая бяспека Аляксандра Лукашэнка. Нехта скажа што тэзіс спрэчны. Але, пачынаючы з 1995 году можна налічыць прынамсі 4-5 выпадкаў калі дапамога Крамля у палітычнай ці эканамічнай сферах істотна дапамагла беларускаму прэзідэнту ва ўмацаванні сваёй улады.

Знаёмыя бадай кожнаму довады. Тым не меней лічу што шляхі дзьвюх краінаў бліжэйшым часам разыдуцца. І гэта не залежыць ад таго, чыё прозвішча запаўняе графу «кіраўнік дзяржавы» як у Беларусі так і Расіі. Працэсы йдуць. Ня толькі ў нашым рэгіёне – у сьвеце.

Каб ня быць марнаслоўным, навяду пэўную колькасць дадзеных па ключавых кірунках.

Эканоміка Расіі: развіццё ці спрашчэнне

Натуральна, што пачаць варта з эканомікі. У нас дасюль прынята звяртацца да «памяці далёкіх продкаў» – узгадваць то часы СССР то параўноўваць аб'ёмы вытворчасці с 1913 годам – росквітам царскай Расіі. Сапраўды, Савецкі Саюз меў такі-сякі прамысловы патэнцыял. Што ні кажы, гэта была індустрыяльная дзяржава.

Але ж час не стаіць на месцы. СССР ужо 25 год як няма. Развіваюцца і асобныя дзяржавы. Развіваецца і сусветная эканоміка.

Прычым вытворчыя працэсы становяцца усё больш складанымі, доля і роля тэхналёгій, ведаў у вырабе канцавога прадукту ці паслугі расце. Пра гэта пішуць у разумных артыкулах. А з нядаўняга часу пра гэта пачалі размаўляць на досыць высокім узроўні. У прыватнасці у Давосе – на форуме, які збірае найбольш уплывовых людзей свету. Беларусь туды пакуль не запрашаюць, Расію пасля 2014 году ужо не надта вітаюць. Тым не меней і кіраўнікі дзяржаваў і ТОП-мэнэджэры найбольшых карпарацый і ўладальнікі глабальных бізнэсаў збіраюцца ды абумоўліваюць будучыню сьвету.

Апошні Давоскі форум прайшоў пад знакам новага тэзісу. Гаварылі пра «чацьвёртую індустрыяльную рэвалюцыю» ці «рэвалюцыю эканомікі ведаў». Прычым абмяркоўвалі не «магчымую будучыню», але казалі што яна ўжо ідзе. Лагічна – складанасьць тавараў расце год ад году. Роля ведаў і тэхналёгій таксама.

Узнікае пытаньне, а як вымераць гэтую самую складанасць. І тут на дапамогу прыходзіць група даследчыкаў з Гарвадзкага ўніверсітэту. Яна свайго часу аб'ядналіся ў такі сабе Harvard’s Center for International Development (CID) і сярод іншага выдалі праект пад назваю Atlas of economic complexity (atlas.cid.harvard.edu).

Ключавы падыход вельмі просты. Кожны тавар ці кожная паслуга вырабляюцца (аказваюцца) дзякуючы прымяненню пэўнай колькасці тэхналёгій. А кожная новая тэхналёгія (як тэарэтычныя веды) становіцца даступнай пасьля вывучэння і асваення сумежных. Пры гэтым важная ня толькі тэорыя, але і веды. Пра асновы працы рухавіка ўнутранага згарання ведае большасць. А вось зрабіць такі могуць адзінкі. Магчымасць зрабіць так каб яго куплялі іншыя можа служыць паказчыкам валодання тэхналёгіяй і ведамі. Адпаведна аналізуецца структура экспарту краінаў.

А пасля ўся разнастайнасць таварных групаў візуалізуецца з дапамогаю графу. Дзе вяршыні (кропкі) – веды і тавары. Канты – сувязі і адлегласці паміж тэхналогіямі. Ведаючы гэта можна вывесці і лічбавыя каэфіцыенты: якая эканоміка больш складаная а якая меней.

На пачатку прывяду малюнак структуры сусветнай эканомікі. Так бы мовіць усё багацце тавараў. Колерам адзначаныя некаторыя з іх. Тут важна структура – клубкі і перапляценні.

Адразу варта агаварыцца: малюнак не статычны. Штогод з'яўляюцца новыя веды і тэхналёгіі. Перапляценняў становіцца болей. У цэнтры – складаныя тавары. Выраб якіх абумоўлены развіццём навукі. На перыферыі альбо новыя групы (вынік прарыўнога адкрыцця), якія пакуль не абраслі сваімі клубкамі альбо сыравіна. Бізнэс па прынцыпу выкапаў-прадаў.

Далей проста: экспартныя групы краіны пазначаюцца на дыяграме колерам. І адразу становіцца зразумелым наколькі эканоміка складаная і якія шансы ў яе ёсьць для развіцця.

Вось на гэтым я і ўзяў візуалізацыю для РФ. За два гады. 2001 – перыяд калі пачыналася «эпоха Пуціна». І 2014 – калі заходнія санкцыі яшчэ не моцна ўплывалі на расійскую эканомку.

Зьвярніце ўвагу у цэнтр графа. Ён практычна пусты. Асабліва ў малюнку за 2014 год. Можна казаць пра тое, што складанасць расійскай эканомікі падае год ад году. Альбо іншымі словамі эканоміка РФ становіцца прымітыўнай.

Лічбы толькі пацьвярджаюць тэзіс: У 2001 годзе індэкс складанасці расійскай эканомікі (ЕСІ) быў на ўзроўні 0,69 Гэта ня так кепска – 28-е месца ў свеце. Беларусь с паказчыкам ЕСІ = 0,92 была на 24-м. Для параўнання, лідар рэйтынгу, Японія мела індэкс роўны 2,85.

Прайшло 13 год. Свет развіваўся. Эканоміка станавілася складаней. І нават для захавання старога каэфіцыента краіна мусіла нешта рабіць. Стаяць на месцы – спаўзаць долу. Глядзім на паказчыкі РФ і разумеем, краіна нават не паўзла, яна саскочыла ў групу дзяржаваў з прымітыўнай эканомікай. Сталася гэта не за год. Спачатку працэсы ішлі марудна, пасля, з 2008 году, лавінападобна. І вось паказчык ЕСІ за 2014 год роўны 0,05. За 14 год кіраўніцтва РФ умудрылася спрасціць сваю эканоміку ў 10 разоў. Сёння гэта 50-е месца у свеце. Паміж Новай Зеландыяй і Уругваем.

Беларусь таксама панізілася ў рэйтынгу. Але да памераў ЕСІ у 0,8. Гэта 31-е месца ў свеце.

Такім чынам, калі не пісаць шмат, то сённяшняя эканоміка РФ характарызуецца дзьвюма словамі «выкапаў-прадаў». Альбо, калі казаць пра хоць крыху разумны бізнэс «выкапаў-загарнуў-прадаў». Прычым ўзровень складанасьці гаспадаркі і адсутнасьць уласных «тэхналагічных вузлоў» робяць немагчымым хуткае вяртанне пазіцый без вялікіх грашовых выдаткаў а навуку і пакупку тэхналёгій.

Светлыя галовы і навука

Мы любім разважаць пра навуковыя дасягненні СССР. І па старой звычцы пераносім гэтыя думкі на РФ. МДУ ва ўяўленьні шмат каго ў Беларусі гучыць значна больш паважна за Масачусэцкі тэхналягічны.

Пэўная доля праўды ў апеляцыі да гісторыі ёсьць. Савецкі Саюз сапраўды меў пэўны навуковы патэнцыял. Але мінула 25 год. І варта падумаць, якім чынам ацаніць прадуктыўнасць навукоўцаў.

Ускосным сведчаннем можа служыць Нобелеўская прэмія. Дастаткова паглядзець яе лаўрэатаў за апошнія пару дзесяцігоддзяў. Улічваючы, што узнагароду даюць персанальна (не зважаючы дзе жыве навуковец) – гэта адзін з крытэрыяў. Ураджэнцаў РФ сярод такіх мякка кажучы не багата.

А ёсць і больш аб'ектыўны крытэр. Яго называюць h-index альбо «індэкс Хірша». Гэта сумарная колькасьць публікацый навукоўца ці навукоўцаў і колькасць цытаванняў іх работ. Лагічна – калі праца вартая таго, да яе звяртаюцца іншыя. Калі гэта нешта кшталту «уплыў памеру абцасу на настрой прэзідэнта РФ»... тут як пашчасціць.

На першы погляд Расія – моцная навуковая дзяржава. У 1996 годзе яна была на 8 месцы ў свеце па колькасці навуковых работ. Гэта паводле дадзеных SCOPUS — сістэмы што падлічвае навуковыя публікацыі ва ўсіх краінах на Зямлі.

Але далей пачалася цікавая тэндэнцыя. У 2000-м годзе у РФ ужо 9-е месца. У 2015-м – 15-е. Расію абагналі ня толькі Кітай, але й Бразілія, Тайвань, Паўднёвая Карэя. Ды што там казаць, суседняя Польшча за апошнія 10 год зрабіла скачок на 15 пунктаў у рэйтынгу. І сёння па колькасных паказчыках усяго на 1% адстае ад «вялікай Расіі».

Аднак проста месца ў рэйтынгу ні пра што не гаворыць. Цікавае параўнанне. Расія па колькасьці работ адстае ад США у 11 разоў, ад Кітая (які апераджала у 1999-м) у 8 разоў, ад Індыі ці Францыі – болей чым у 2 разы.

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Варта паглядзець на цытаваньне навуковых работ. Наколькі яны цікавыя іншым. Вось тут ужо нават не спаўзанне – а палёт долу. Расія па колькасці цытат сваіх напрацовак (у пераліку на 1 работу) у 2,5 разоў адстае ад Беларусі, у 3 разы ад Эстоніі. І нават ад Малдовы – у 1,5 разы.

І, нарэшце, трэці параметр. Колькасьць «людзей навукі». За 8 год у Кітаі стала у 8 разоў болей навукоўцаў у ЗША – у 1,5 разы. У РФ – на 1% болей, чым у 1996-м.

Для параўнання за той жа самы час Польшча, Сербія, Эстонія, Малайзія і нават Саудаўская Аравія зрабілі рывок угору. Павялічылі колькасьць навуковых прац прынамсі ў 3-4 разы. І індэкс цытавання прынамсі ў 2 разы. Гэта азначае што навукоўцы ня проста «ходзяць на працу», а робяць нейкія адкрыцці, высоўваюць цікавыя ідэі.

Дэмаграфія

Мы прывыклі казаць, што Расія – славянская дзяржава. Пра славянскую еднасць не забываюць ні на фэстах у Віцебску ні ў выступах чыноўнікаў. Тым цікавей зірнуць адным вокам на працэсы, што адбываюцц ўнутры гэтай краіны. У прыватнасці на змены насельніцтва.

На першы позірк усё цудоўна – у РФ рост насельніцтва. Афіцыйная статыстыка рапартуе і пра нараджальнасць і пра прыток мігрантаў. Але тут як у показцы пра сярэднюю тэмпературу па целу калі галава ў лёдзе, а ногі ў агні.

Для дэманстрацыі гэтага сабраў інфармацыю з некалькіх расійскіх крыніц. Гэта профільны рэсурс Демоскоп. А таксама Росстат выданне РБК і рэгіянальныя статыстычныя службы.

Далей прыводжу яшчэ адзін малюнак.

Звярніце ўвагу на левую частку. Гэта дынаміка натуральнага прыросту/убылі насельніцтва. І, на мапе, рэгіёны па ўзроўню нараджальнасці.

У дадатак дам цытату з артыкула ў РБК «Наибольший прирост даже в абсолютных значениях обеспечил Северный Кавказ — плюс 83,9 тыс. человек. Противоположный результат у регионов Центральной России, из данных которых мы убрали Москву с областью, — минус 89,3 тыс. человек»...

Калі казаць проста: за мінулы год насельніцтва РФ змянілася. «Славянаў» стала меней на 89 тысяч. А «не славянаў» болей. На тых жа 89 тысяч. На самой справе лічбы крыху іншыя. «Не славянаў» стала значна болей. Глядзіце на мапу і дыяграму. Прырост насельніцтва забяспечваецца нацыянальнымі аўтаноміямі. А вось «славянскія» рэгіёны РФ няўхільна выміраюць. І гэты працэс цягнецца прынамсі 15 год.

Будзе цягнуцца і далей. У ніжнім правым кутку малюнку я даў для параўнання векава–родавыя піраміды насельніцтва Чачні, РФ у агуле і Краснадарскага краю (дзе дарэчы, доля славянскага насельніцтва таксама не самая вялікая).

У Чачні класічная піраміда – дзяцей шмат. Значыць заўтра будзе каму нараджаць новых. Па РФ і Краснадару піраміда больш падобна на ялінку. Са сваімі ямамі і тонкай ножкай. Гэта значыць, што калі нават «славянскае» насельніцтва Расіі захоча заняцца «дзетародным працэсам» - нараджаць проста ня будзе каму. Пакаленне маладых вельмі малое.

Праблема паглыбляецца і міграцыйнымі працэсамі. Паводле Росстата за 2014 год у РФ прыехала 578511 чалавек. Зь іх больш за 300 тысяч – грамадзяне краінаў Сярэдняй Азіі. Яшчэ 115 тысяч — жыхары Украіны. Дарэчы, вось вам і лічба наконт «мільёнаў бежанцаў у Расію з Данбаса). А з іншага боку і адно з тлумачэнняў чым для Крамля выгодны крызіс ва Украіне – паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

За той жа час з самой Расіі выехалі больш за 400 тысяч чалавек. З іх каля 40% - жыхары «славянскай» часткі краіны. Акрамя натуральнай дэпапуляцыі маем і яшчэ адзін негатыўны фактар: выцісканне карэннага насельніцтва новымі грамадзянамі. Нездарма сёння на мусульманскі Ураз-Байрам у Маскве збіраецца болей расіян чым на праваслаўны Вялікдзень.

Але ёсць і яшчэ адзін аспект. Звярніце ўвагу на малюнак. Толькі цяпер на верхнюю правую яго частку. Гэта прамысловыя рэгіёны РФ. І параўнайце з мапаю нараджальнасці. Можна сцвярджаць што насельніцтва «індустрыяльнай Расіі» вымірае. Яму на зьмену ідзе насельніцтва рэгіёнаў з іншым укладам. Калі няма прадпрыемстваў у людзей іншыя каштоўнасці, іншае стаўленьне да працы на вытворчасці, да навучання і той жа акадэмічнай навукі.

Больш за тое, гэтая група новых маладых грамадзян практычна не асімілюецца. Адпаведна не пераймае каштоўнасці «старога» насельніцтва. А наадварот навязвае сваё. Што яшчэ болей разганяе працэс міграцыі: «славянскія расіяне» едуць у іншыя рэгіёны. Ці краіны – Беларусь каторы год запар фіксуе рост колькасьці прыехаўшых на сталае жыццё грамадзян РФ.

А можа нас навучаць?

Сапраўды, калі ты сам не можаш засвоіць нейкія веды на дапамогу прыходзіць настаўнік. У эканоміцы тое самае. Інвестыцыі і навукова-прамысловая кааперацыя. У РФ побач ёсць Кітай. І нават прыняты закон пра «территории опережающего развития» – ТОРы. Гэта тэрыторыі, дзе абмежаванае дзеянне расійскага заканадаўства у галіне міграцыі і абкладання падаткамі. Робяцца для прыцягнення інвестыцый. Нешта накшталт Беларуска-Кітайскага тэхнапарку (які ў нас на слыху).

Але ёсць істотнае адрозненне. Беларускі тэхнапарк размешчаны ў цэнтры дзяржавы. На скрыжаванні шляхоў зносін і побач з навуковымі установамі. Адпаведна пры слушнай палітыцы маем і абмен ведамі і пастаўку тавараў.

ТОРы іншыя. Яны размяшчаюцца збольшага ў Сібіры і на Далёкім Усходзе. У маланаселеных рэгіёнах. Не індустрыяльных. Людзкіх рэсурсаў мала, шляхі зносінаў з «вялікай Расіяй» жахлівыя. Інфраструктуры няма. Адпаведна няма і ланцугоў, якія прывязваюць ТОРы да расійскай эканомікі і навукі.

Кітай ужо пагадзіўся заняцца інфраструктурай і будаваць транспартныя артэрыі.. да сваёй тэрыторыі. Такім чынам кітайскія працоўныя і кітайскія навукоўцы проста атрымліваюць зямлю і эканомію на падатках. Робяць доследы, прадукцыю дзеля задавальнення патрэбаў сваёй Радзімы. І магчыма, улічваючы аддаленасць тэрыторый будуць займацца распрацоўкамі «падалей ад чужых вачэй». У тым ліку расійскіх вачэй.

Вяртаемся да «новай эканомікі»

А вось цяпер пагаворым пра тое, як розныя дзяржавы бачаць сваю будучыню. У Беларусі шмат гавораць пра «эканоміку ведаў» і пра інавацыйныя навукаёмістыя вытворчасьці. У прынцыпе рыторыка слушная. Сьвет мяняецца. І той, хто пачне зарабляць галавою можа ўскочыць у вагон для разумных і паспяховых. Той, хто будзе і надалей корпацца ў сваё пясочніцы... ну тут як Бог пашле. А раптам яшчэ крыху будуць купляць іх сыравіну.

Натуральна, зараз мне заявяць, што нікуды сьвет ад нафты і газа не падзенецца. Маўляў, гэта важнейшыя крыніцы. Ага, а 100 год таму тое самае казалі пра вугаль. 200 год таму пра пшаніцу. Да ў рэшце рэшт прывяду фразу, якую апошнія гады любяць цытаваць арабскія шэйхі «каменная стагоддзе скончылася не таму што зьніклі камяні».

І паводзіны арабаў цікавыя. Тое, што Саўдаўская Аравія зрабіла скачок у навуцы пісаў крыху вышэй. А пад вясну 2016 году сьвет пабачыў адразу два праграмных дакуманты. Гэта «Saudi Arabia Vision 2030» і «Qatar National Vision 2030». Дзяржавы, дзе нафты і газа болей чым пітной вады дэкларуюць пераход да эканомікі ведаў. Прычым і шэйхі Катара і прынцы-саўдыты салідарны ў думцы што эра нафты скончыцца. Тэрмін абазначылі у сваіх дакумэнтах. Адпаведна прыцягваюць навуку, даследніцкія магутнасці транснацыянальных карпарацый.

Беларусь, дарэчы таксама прыняла стратэгію устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Назва не надта, а вось тэрмін планавання дзіўным чынам супадае з дэдлайнам, які сабе паставілі арабы – 2030 год. Сярод іншага ў дакумэнце кажацца пра «змены галіновай структуры прамысловасці» на карысць навукаёмістых інавацыйных бізнэсаў. Гаворыцца пра развіццё навукі. Прычым не ўсёй – такія мэты пражэктарства – а вызначаюцца галіны, дзе можна ўзяць старт.

Самае цікавае іншае. Галінам, на якіх сёння трымаецца краіна – нафтаперапрацоўцы і распрацоўцы радовішчаў калійных соляў практычна не надаецца ўвагі. Яны адыйдуць у мінулае. Ня тое што знікнуць, але больш не будуць даваць вялікага прыбытку.

А што Расія? У РФ таксама ёсць праграма развіцця да 2020 году. Прыняты ў 2008 годзе дакумэнт гаворыць пра інавацыйнае развіццё. Пад якім (калі глядзець не дэкларатыўную а практычную частку праграмы) разумеецца... пракласці некалькі новых газа- і нафтаправодаў. Вось і ўся інавацыйнасць.

Вернемся да Беларусі і «нацыянальнай канцэпцыі устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 году». Натуральна, там процьма прыемных словаў пра РФ, пра ЕАЭС і гэтак далей. Але словы прымяняюцца прыкладна так як і «інавацыйнасць» у расійскіх планах. Канкрэтыкі не так багата. А вось у працоўных дакумэнтах, плянах і заданнях ўжо болей. Тут мы бачым і скарачэнне спажывання газа і клопат пра энэргаёмістасць эканомікі і гаворкі пра розныя крыніцы энэргіі. І ў рэшце рэшт канцэпцыя падзелу «на трох» рынкаў збыту прадукцыі: ЕС, РФ і «шырокая дуга».

Гэта ёсць ні што іншае як прызнанне тупіку арыентацыі толькі на Расію. Заўважу, прызнання нават цяперашнім урадам.

Вяртаемся да пачатку – чытаем па новаму 7 тэзаў «за» Расію

Вось на гэтым прапаную нанова паглядзець на 7 тэзаў на карысць інтэграцыі з РФ.

Расійская эканоміка дастаткова моцная і вялікая. І Беларуская эканоміка можа развівацца праз цесную кааперацыю.

Ёсьць два трэнды. Першы – ускладненне сусветнай эканомікі і пераход да эканомікі ведаў. Другі – імклівая прымітывізацыя эканомікі Расіі. Даруйце, але калі экспарт, не павязаны з вуглевадародамі ці іншай сыравінай займае каля 3% у агульных аб'ёмах, пра якую складанасць эканомікі можа ісці гаворка? У Беларусі індэкс складанасці роўны 0,82. У РФ 0,05. Задача – нарасціць складанасць, напоўніць навукай. А інтэграцыя з меншым можа зрабіць толькі адно – знізіць твае паказчыкі. Беларусь не такая вялікая каб выцягнуць на уласным вытворчым патэнцыяле Расію. А вось адваротны працэс – уцягвання ў багну – цалкам верагодны.

У такім фармаце значна больш выгодней развіваць кааперацыю з краінамі, якія знаходзяцца побач, не такія вялікія і маюць падобныя да нашага ўзроўні складанасці. Гэта Польшча, Славаччына, Чэхія і нават Украіна. Дарэчы, таксама славянскія народы. А беларусы – за адзінства славян.

Энэргарэсурсы і карысныя выкапні. Беларусь залежыць ад паставак з РФ.

Так, пакуль залежыць. Болей за тое, калі табе прадаюць затанна – грэх ня браць. З іншага боку сітуацыя ў рэгіёне ўжо далёка не такая, як была 10 і нават 5 год таму. І на Балтыцы і ў Чорным моры ёсьць LNG тэрміналы для падачы вадкага газу. З 2016 году (ужо цяпер, у гэты момант) на тэрміналы закантрактаваныя пастаўкі газа з Катара і ЗША. Дарэчы, па коштах ніжэй за расійскія. Турэччына будуе шэраг газаправодаў. З Азербайджану ўжо ёсць, з Катару і Йемену на падыходзе. Іранскі адрамантавалі у красавіку. Сумарныя аб'ёмы, якія з 2017 году будуць пракачвацца праз гэтую ганарлівую краіну з таннымі курортамі і вельмі трапнымі пілотамі знішчальнікаў супастаўныя з сённяшнімі аб'ёмамі расійскіх паставак у ЕС. Рынак будзе перанасычаны. А магчымасці транспарціроўкі ў Беларусь з іншых краінаў ёсць. Яны, дарэчы, былі створаныя на мяжы 2010 году.

Прадукту багата, болей чым трэба. Законы рынку – кошты падаюць ці некаторыя прадаўцы перастаюць прадаваць. Ды вось праблема – здабыча газа гэта не капанне каменнага вугалю. Вугаль можна капаць ці не капаць. А газавую свідравіну не «запламбіруеш». Адпаведна альбо здабытчык яго проста спальвае альбо прадае хоць за нейкія грошы.

У такой формуле (якая ўжо сёння не фантастыка) пазіцыі Беларусі зусім іншыя. Бо можна купіць і у РФ і ў каго іншага. Дарэчы, Кабякоў гэта цудоўна адчувае – нездарма ўжо амаль чэрвень на двары, а кошту на расійскі газ няма. І РФ трубу не перакрывае – не можа.

Гэта сёння. Што будзе заўтра? Пазіцыі Расіі будуць толькі слабець. Адпаведна думаць катэгорыямі вечнай залежнасці ад «братэрскага народу» роўнае каласальнаму самапрыніжэнню.

Рынкі збыту для беларускай прадукцыі.

Сапраўды, расійскі рынак дастаткова ёмісты. Але ён не ўстойлівы. Санкцыі і падзенне коштаў на нафту гэтае дэманструюць сёння. Тут і цяпер. Беларускі ўрад ужо зараз, афіцыйна гаворыць пра змяншэнне залежнасці ад РФ. Рыторыка «дыверсіфікацыі экспарту» яўна больш пашыраная за «выхад на рынак братняй Расіі». Даруйце, але такія планы неяк не надта увязваюцца з паглыбленнем інтэграцыі.

Што да будучыні, то змена структуры сусветнай эканомікі і прымітывізм расійскай адкідваюць РФ далёка ад групы прыцягальных эканамічных партнёраў.

Тым не меней амаль 150 мільёнаў насельніцтва і вялікія тэрыторыі – гэта цікава. Таму цалкам натуральна, што пакуль ёсць попыт, есць здольнасць праглынуць нават не самую якасную беларускую прадукцыю – неразумна адмаўляцца ад магчымасці зарабіць. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што цяперашняе звужэнне расійскага рынку можа падацца «кветачкамі» параўнальна з тым, што будзе праз 5-7 год.

І вось з такой думкай можна і надалей казаць пра «славянскае братэрства». Не удакладняючы назва асобных нацый.

Навуковы патэнцыял РФ.

Ну тут, мяркую надта шмат распісваць ня трэба. Пакуль пэўныя напрацоўкі ёсць. Але на фоне змены адносінаў з іншымі дзяржавамі лепей арыентавацца на лідараў, а не тых, хто імкліва губляе хуткасць развіцця. Расійская навука усё меней і меней запатрабаваная. І пакрыху скатваецца ў просты пераклад і пераказ таго, што прыдумалі ў іншых краінах. У такім разе паўстане натуральнае пытанне: а навошта пасярэднікі? Асабліва калі яны замест прадукту спрабуюць прапанаваць «навуковы сэканд-хэнд». Так, пэўныя галіны ў РФ пакуль моцныя. І працаваць, натуральна трэба. Толькі дурань адмаўляецца ад магчымасці даведацца штосьці новае ці зарабіць капейку.

Але калі глядзець на перспектыву прынамсі 10 год, то супрацоўніцтва з палякамі, сербамі, амэрыканцамі, кітайцамі і нават саўдытамі куды больш перспектыўна. Для гэтага трэ вучыць мовы? Натуральна, бо моваю навукі ёсць ангельская, зараз ужо кітайская і нават хіндзі. Але, на жаль, ужо не руская. І стан рэчаў будзе надалей мяняцца ў такім накірунку. А каб стаць паспяховым, трэба сябраваць, камунікаваць з паспяховымі, вучыцца ў іх.

Беларуская і расійская культуры блізкія.

Не буду спрачацца. Нават калі пагадзіцца з гэтым выказваннем на 100% узнікае адно пытанне: а што будзе праз 5-10 год? Зірніце адным вокам у блок па дэмаграфіі. Расіян, як любяць казаць у РФ «славянской внешности» з кожным годам становіцца ўсё меней. Наколькі беларуская культура ёсць блізкай культуры Дагестанскіх гор, татарскіх стэпаў, ненецкае тундры ці тувінскае тайгі, я адказаць не магу. А менавіта народы з гэтых рэгіёнаў і мігранты з Сярэдняй Азіі (і іх дзеці) ужо праз 15-20 год будуць складаць ці не палову насельніцтва РФ. Запісаныя яны будуць «русскими». Але ж культура яна не ў пашпарце прапісаная. Ды і знешнасць такіх «славянаў» можа здзівіць.

Настальгія эліт і насельніцтва.

Тут дастаткова глянуць на сацыялогію. А таксама ўзгадаць пра кароткі век чалавека на зямлі. Натуральна, для людзей сталага веку СССР часцяком падаецца такім сабе раем. Што ня дзіўна – гэта час іх маладосці. У маладосці трава была зеляней, паветра чысцей, вада смачней а людзі прыгажэй. Ды нават тут ня ўсе, хто жыў пры СССР настальгуюць. Частка досыць няблага адбудавала сваё жыццё. Ды і цяперашнія 50-гадовыя у часы «саюзу» хіба толькі школу скончылі. Тыя ж хто «папрацаваў» тады ўсё часцей і часцей сыходзяць з гэтага свету. Адпаведна крывая «настальгіі» нахілілася долу яшчэ 10 год таму. І так і змяншаецца колькасць настальгуючых год ад году.

Асабістая бяспека для Лукашэнкі.

З аднаго боку так – Расія некалькі разоў «выручала» беларускага прэзідэнта. З другога патрабавала за такія паслугі паслугу ў адказ. Альбо ўласнасць.

Далейшыя саступкі могуць скончыцца для Лукашэнкі проста – прыедзе «хазяін» з Крамля і скажа «тут усё маё». Такая перспектыва беларускаму прэзідэнту не падабаецца.

А тут яшчэ адна «бяда» – змены ў сусветнай эканоміцы. І калі не мяняцца, то застанешся краінай у катэгорыі «усе іншыя». РФ мяняцца не збіраецца. Інтэграцыя з такой дзяржавай можа выліцца у хуткі і глыбокі крызіс. Параўнаўча з якім 93-97 гады пададуцца кветачкамі. А тады народныя хваляванні, бо «у пана атамана выйшаў залаты запас».

Мяняцца трэба. І на гэтым шляху Крэмль хутчэй пагроза, чым магчымасць.

І што? Канфлікт?

Ні ў якім разе. РФ сёння падобна на параненага звера. Моцнага. І небяспечнага.

Сям'ю «братэрскіх народаў» несумнеўна чакае развод. Працэсы йдуць і частка з іх не залежыць ад жадання Максвы ці Мінску. Беларусь будзе пакрысе аддаляцца ад Расіі. Незалежна ад таго, якое прозвішча будзе ў наступнага прэзідэнта. Прычым гаворка йдзе пра досыць блізкі гарызонт – 10-15 год.

Пытанне толькі ў тым як гэта рабіць. І тут, паколькі ўжо прывёў прыклад з жывёльнага свету, варта працягнуць. Ёсць такая істота – Камодзкі варан. Яшчар ці дракон ці дыназаўр – называйце як пажадаеце. Ён вялікі. А яшчэ і атрутны. Дык вось, калі укусіць каго большага памеру, варан ходзіць за ахвярай і глядзіць на яго закаханымі вачыма. Каб не ўпусціць момант, калі атрута падзейнічае. І тады вырывае самы смачны кавалак.

У нашым варыянце тактыка можа быць падобнай. Казаць пра сяброўства, братэрства – глядзець закаханымі вачыма. Пры гэтым трымаць дыстанцыю (каб не патрапіць пад удар). І пільнаваць каб патрэбнага часу не ўпусціць сваёй выгады.

Неяк так...

__________________

Тэкст спадабаўся? Можна падзякаваць аўтару. Словам, пашырэннем думак ці капейкай.

Апошняе прымаецца праз сістэму WebMoney.

Кашалёк у беларускіх рублях B640029177919

Кашалёк у далярах ЗША Z293974971904

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)