В мире
Ігар Карней, Радыё Свабода

Чаму аўтарытарная Беларусь — бедная, а аўтарытарны Сынгапур — багаты

У Сынгапуры тыднёвая жалоба па «айцу эканамічных рэформаў» Лі Куан Ю, які памёр на 92-м годзе жыцьця.

Палітык больш за 30 гадоў узначальваў 5-мільённы горад-дзяржаву, здолеўшы ператварыць заштатную брытанскую калёнію ў квітнеючую выспу, адзін зь фінансавых цэнтраў сьвету. 25 сакавіка цела Лі Куан Ю даставяць у будынак парлямэнту, і цягам трох дзён усе ахвотныя змогуць разьвітацца са сваім першым прэм’ер-міністрам.

Пра сёньняшні Сынгапур, які застаўся без свайго ідэйнага лідэра, Свабодзе расказаў адзіны беларускі навучэнец сеткі Каледжаў Аб’яднанага Сьвету «South East Asia» Міхась Лысюк, які там жыве. Установа знакавая ўжо таму, што ў 1970-х яе заснаваў асабіста Лі Куан Ю, цяпер яна лічыцца самай вялікай сярод паўтара дзясятка аналягічных школаў па ўсім сьвеце і адной з самых прэстыжных. Наколькі шчыра смуткуюць сынгапурцы па сваім «гуру»?

«Жалоба насамрэч ёсьць. Асабліва ў маім атачэньні, у якім я зараз знаходжуся і дзе займаюцца дзеці, скажам так, не ніжэйшага клясу жыхароў Сынгапуру. Зразумела: тыя, хто маюць грошы, хто нядрэнна зарабляе, вядома ж, для іх Лі Куан Ю зрабіў вельмі добрую справу. Хоць бы таму, што заснаваў краіну, у якой яны могуць зарабляць, у прынцыпе добра жыць са сваімі сем’ямі. Наконт астатніх? Я ўпэўнены, што дакладна тут ёсьць людзі, якія ў большай ці меншай ступені не задаволеныя рэформамі, якія ён праводзіў, тымі вынікамі, якія зараз усе тут маюць. Але, як мне падаецца, у большасьці сваёй людзі ягоную палітыку ўхваляюць.

Людзі разумеюць: у той пэрыяд, калі ён прыйшоў да ўлады і калі, можна так сказаць, Малайзія проста адкінула Сынгапур як непатрэбную рэч у выглядзе аднаго са сваіх „бэссэнсоўных“ штатаў, Лі Куан Ю зрабіў больш, чым нават мог. Ён вывеў краіну на ўсясьветны ўзровень — па ўзроўні жыцьця, як мы ведаем, Сынгапур зараз у топ-5 дакладна знаходзіцца. Увогуле тая мадэль, якую рэалтзаваў Лі Куан Ю, — гэта квінтэсэнцыя розных сыстэмаў: ад сацыяльнай сфэры, уласьцівай для сацыялізму, да капіталізму ў эканоміцы. І каб утрымліваць гэтыя „варожыя“ элемэнты ў пэўным балянсе, давялося ахвяраваць індывідуальнымі свабодамі сваіх грамадзянаў».

Як удакладніў Міхась, раніцай 25 сакавіка навучэнцы каледжа зьбяруцца на стадыёне і ўшануюць памяць «бацькі» сынгапурскіх рэформаў хвілінай маўчаньня. Пахаваны Лі Куан Ю будзе ў нядзелю.

Паставіўшы на мэце эканамічныя пераўтварэньні за кошт замежных інвэстыцыяў, першы сынгапурскі прэм’ер ахвяраваў асноўнымі правамі і свабодамі ўласных грамадзянаў — увёў цэнзуру, забараніў мітынгі, узаконіў рэпрэсіі. Без суду і сьледзтва кідалі за краты ягоных палітычных апанэнтаў, нават намёк на карупцыю каштаваў волі любому, не зважаючы на чын і сваяцтва. Мала хвалявала азіяцкага рэфарматара і тое, што скажуць людзі пра сямейнасьць ва ўладзе — у 2004 годзе на прэм’ерскую пасаду заступіў ягоны сын Лі Сяньлун.

Як бы там ні было, Лі Куан Ю больш за паўстагодзьдзя заставаўся «любімым дыктатарам» дэмакратычнага сьвету. Зь ім сустракаліся і раіліся першыя асобы дзяржаваў, якія пагарджаюць іншымі аўтарытарнымі лідэрамі. Фантастычны скачок «азіяцкага тыгра» дазволіў зрабіць выключэньне з правілаў — дзякуючы жорсткай руцэ Сынгапур вось ужо паўтара дзясятка гадоў нязьменна сярод усясьветных лідэраў паводле індэксу эканамічнай свабоды, а ВУП на душу насельніцтва перавышае 50 тысяч даляраў. І мала каго цікавіць, што ў рэйтынгу іншых свабодаў краіна боўтаецца ўнізе нароўні зь Беларусьсю.

Два гады таму, акурат у такія ж сакавіцкія дні, Сынгапур наведаў Аляксандар Лукашэнка. На перамовах зь Лі Сяньлунам беларускі кіраўнік заявіў, што яму імпануе самастойны курс, якога трымаецца Сынгапур на міжнароднай арэне: «Лі Куан Ю зрабіў стаўку на ўласныя сілы і за кароткі па гістарычных мерках тэрмін вывеў краіну з катэгорыі дзяржаваў „трэцяга сьвету“ ў лік глябальных лідэраў», — адзначыў ён.

Хмарачосы гатэлю Marina Bay Sands у Сынгапуры

А што замінае самому Лукашэнку ператварыць Беларусь у тэрыторыю ўсеагульнага дабрабыту? Чаму не спрацоўваюць такія аналягічныя сынгапурскім інструмэнты, як абмежаваньне СМІ, забарона на сходы і мітынгі, барацьба з іншадумствам, турэмныя пакараньні для апанэнтаў, дэкляраваная вайна з карупцыяй і г.д.?

Экспэрт у пытаньнях міжнароднай эканомікі, кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка лічыць, што пры зьнешнім падабенстве рэпрэсіўных захадаў, якія практыкуюць абодва рэжымы, прынцыпова розным застаецца падыход да бізнэсу:

«Сынгапурскі досьвед я вывучаў яшчэ ў 1990 годзе, калі вучыўся ў ЗША, атрымліваў ступень магістра ва ўнівэрсытэце Дэлавэра. Унівэрсытэт міжнародны, былі людзі і з Сынгапуру, і зь Японіі, зь іншых краінаў. Абменьваліся думкамі, цікавіліся, што і як паспрыяла такому прарыву. Калі тэзісна, скажу так: свабода інвэстыцыяў, гарантыя ўкладаньняў інвэстараў, вяртаньне дывідэндаў.

Стымуляваньне прыходу новых тэхналёгіяў, перадавых ноў-хаў — надзвычай важнае пытаньне ажыўленьня эканомікі тэрыторыі. Лі Куан Ю гэта зрабіць удалося, увесь сьвет туды хлынуў для разьмяшчэньня вытворчасьцяў, ноў-хаў і тэхналёгіяў. Дыктатура гэта ў нечым разуменьні ці не дыктатура — ясна, што прысутнічаюць праблемы. Але факт, што гэта спрыяла разьвіцьцю краіны.

У Сынгапуры інвэстарам дадзеныя гарантыі на ўзроўні закону. Калі параўноўваць зь Беларусьсю, там іншая, чым у нас, ступень жорсткасьці і адсутнасьці свабодаў. Але важна, што там прынцыпова іншыя людзі і іншы падыход да бізнэсу, абсалютна іншы. У Беларусі заявы пра інвэстыцыі — гэта ўсяго толькі публічныя выказваньні, пустыя словы, ня болей. Бо ўсё, што ў нас было 20 гадоў таму, на тым жа ўзроўні і засталося: багата слоў, а спраў няма».

Выглядае, што дэмакратычныя пераўтварэньні ўрэшце дабяруцца і да Сынгапуру. Маладое пакаленьне, далучанае да безбар’ернага кантактаваньня ў сацыяльных сетках, патрабуе ад уладаў свабоды ня толькі ў эканоміцы, але і ў іншых сфэрах. Пра неабходнасьць развароту да дэмакратычных каштоўнасьцяў выказваецца і прэм’ер-міністар Лі Сяньлун.

Так, у інтэрвію Washington Post ён заявіў, што расьце новае пакаленьне, фармуецца іншае грамадзтва, а таму «палітыка таксама будзе іншай»: «Мы павінны працаваць больш адкрыта», — падсумаваў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)