Общество

Чалавек, які зрываў маскі

1 студзеня спаўняецца 60 гадоў з дня народзінаў Ігара Герменчука, рэдактара газэты «Свабода» і дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, пiша Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Ігар Гермянчук. Менск, 4 кастрычніка 1990 г. Фота: Маргус Вялья

Ігар Гермянчук быў першым рэдактарам, у якога стралялі.

Не ў пераносным, а ў самым натуральным сэнсе, увасобленым у сьвінец — выпусьцілі кулю ў акно кухні, дзе ён звычайна любіў пісаць ды рыхтаваць чарговы нумар «Свабоды». «Хацелі б забіць — забілі б», — сказаў нядаўна зь іншай нагоды кіраўнік адной усходняй краіны. Хацелі сьмерці сьмелага рэдактара, вельмі хацелі. Ігар пакіне гэты сьвет ад цяжкай хваробы на 42-м годзе.

Мы вучыліся зь Ігарам на адным курсе на журфаку, жылі ў адной казарме на вайсковых зборах у Слоніме, некалькі гадоў правялі разам у Авальнай залі ў якасьці дэпутатаў парлямэнту. Здавалася б, я вельмі добра мусіў яго ведаць, але ў нечым ён так і застаўся для мяне загадкай.

Вось, скажам, мы слухалі адны і тыя ж лекцыі, працавалі ў аднолькава саветызаванай савецкай прэсе, якая толькі з прыходам Гарбачова пачала мяняцца — але, узяўшы ў пачатку 90-х рэдагаваць газэту «Свабода», ён адразу задаў у ёй заходні ўзровень журналістыкі. Заходні ў прымяненьні да савецкага і постсавецкага часу азначае — высокі.

Ігар Гермянчук на сэсіі Вярхоўнага Савета. Здымак Уладзімера Сапагова

«Свабода» была ўнікальная газэта яшчэ і ў тым сэнсе, што іншыя («Літаратура і мастацтва», «Навіны БНФ», БДГ, «Имя») арыентаваліся на нейкі сэгмэнт грамадзтва — ці то на бізнэсоўцаў, ці на творчую інтэлігенцыю, ці яшчэ на некага, а выданьне Герменчука было для ўсіх.

«Свабоду» чыталі і прэм’ер-міністар (а пасьля 1994 і легітымны яшчэ прэзыдэнт), і дэпутаты, і міністры, і кіраўнікі прадпрыемстваў — але публікацыі абмяркоўвалі і ў рабочых курылках на МТЗ і МАЗе, і ў студэнцкіх аўдыторыях. На піке папулярнасьці газэта дасягнула накладу ў 100 000 асобнікаў — чым, дарэчы, Гермянчук абверг стэрэатыпнае і заганнае меркаваньне, што беларуская мова не надае выданьням папулярнасьці.

Адной з тэмай «Свабоды» была карупцыя — спачатку пры Кебічу, потым пры Лукашэнку. Літаратура на старонках амаль не сустракалася, хаця былі і выключэньні — напрыклад, ананімная паэма «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт». Адзін чытач пазнаў сябе і вельмі пакрыўдзіўся. І нават патрабаваў пачаць крымінальную справу. Але тады парлямэнт нешта важыў, прыхільнікі зьняцьця з дэпутата Герменчука дэпутацкага імунітэту не набралі належнай колькасьці галасоў.

Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, «Свабода» не была газэтай БНФ ці органам парлямэнцкай апазыцыі, хаця яе рэдактар і ўваходзіў у яе склад. За ўсе гады я магу прыгадаць публікацыю толькі адной падпісанай намі палітычнай заявы — прычым той, якая ў выпадку іншага сцэнару каштавала б як мінімум свабоды і рэдактару, і яе падпісантам. Я маю на ўвазе заяву Апазыцыі БНФ 19 жніўня 1991 супраць ГКЧП, які быў названы дзяржаўным пераваротам.

Увайшоўшы ў гісторыю як Дэпутат Незалежнасьці, ён усё ж, на мой погляд, у большай ступені быў журналістам, чым палітыкам. І пры гэтым у Ігара была дакладна вызначаная палітычная пазыцыя, якая палягала на падмурку нацыянальнага Адраджэньня.

Сёньня, калі палітыкай зацікавіліся сотні тысяч беларусаў, штодня чытаеш у сацсетках: як магло здарыцца тое, што адбывалася на Акрэсьціна? Як грамадзтва дапусьціла ўсталяваньне таго, што заходнія аглядальнікі вызначаюць як дыктатуру?

Каб зразумець, як пачалося, варта пагартаць старонкі «Свабоды» за красавік 1995 году — калі Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум пра мову, сымболіку, права прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічную інтэграцыю з Расеяй, і пратэстоўцы-дэпутаты БНФ былі зьбітыя ў залі парлямэнту. «Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара» — гэтак падпісаны рэпартаж Герменчука. «Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта» — камэнтар Васіля Быкава. «Іхныя рукі ўжо ў крыві» — яшчэ адзін загаловак.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995. Зянон Пазьняк, Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук, Мікола Маркевіч, Сяргей Папкоў

Уласна, вось у тую ноч усё і адбылося, і ацэнкі былі дадзеныя. Хто хацеў, той усё зразумеў. Проста большасьць насельніцтва вырашыла, што гэта тычыцца толькі тых, каго пабілі — «Мяне ж не чапаюць».

У тую ноч, калі на дэпутатаў напалі «гарылы» у чорным (гэта былі афіцэры групы КДБ «Альфа»), Ігар Гермянчук садраў маскі з двух ці трох, і тыя, каб ня быць апазнанымі, імгненна клаліся на падлогу.

Ня любяць яны сьвятла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(91)