Общество
Анатоль Сідарэвіч, «Наша Ніва»

Чалавек-даведнік

Гэта было як рытуал. Наша размова звычайна пачыналася з вітання «Здравствуйте, товарищ Скалабан!» або з нямецкага адпаведніка гэтага вітання: «Guten Tag, Genosse Skalaban!». І ў адказ я заўсёды чуў: «Laba diena, draugas Sidarevičius!». Пасля такога абмену мы адразу ж пераходзілі на родную мову.

Ініцыятыва тэлефонных размоваў амаль заўсёды сыходзіла ад мяне, бо Віталь Скалабан быў чалавекам-даведнікам. Не кожнаму дадзена ведаць усіх гісторыкаў Беларусі, хто што даследуе, хто што піша, а Віталь Уладзіміравіч ведаў, здаецца, усё пра ўсіх. І калі трэ’ было даведацца, што гэта за аўтар, дзе ён публікаваўся, Віталь Уладзіміравіч прыходзіў на дапамогу.

А яшчэ ён быў добры (гэта значыць уважлівы і ўедлівы) чытач. Ніколі не забуду адзін званок.

— Анатоль, калі ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб уключэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў у склад Расіі?

Адчуваючы нейкую пастку, я адказаў, як студэнт на экзамене:

— 16 студзеня 1919 года.

— А ў цябе што напісана?

— Зараз пагляджу.

Сапраўды, я даў маху. Націснуў не на тую клавішу, і атрымалася 16 студзеня 1918 года. Так і пайшло ў друк. Я баяўся, што на мяне абваліцца цунамі папрокаў, ажно ніхто нічога не сказаў і не напісаў пра тую памылку.

Мажліва, гэткая ўвага да кожнай лічбы, кожнай дэталі былі выпрацаваныя гістарычным факультэтам Леніградскага ўніверсітэта, бо як бы там ні было, а ў Піцеры, дзе вучыўся Віталь Скалабан, засталіся калі не самі «недабіткі» — гісторыкі старой даты, дык іхнія вучні. Аўдыторыі універсітэта яшчэ памяталі Сяргея Платонава, Аляксандра Лапо-Данілеўскага, Мікалая Карэева, Васіля Струвэ, Яўгена Тарле, Барыса Грэкава… Увага да персаналіяў, публікацыяў і датаў выпрацоўвалася і ў час працы ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, якой ён аддаў ці не 23 гады жыцця.

(У 1992 г. БСЭ без усякіх там пастановаў стане проста Беларускай Энцыклапедыяй.)

Да нядаўнага часу мне чамусьці помнілася, што нас пазнаёміў загадчык рэдакцыі гісторыі Беларусі ў выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» Міхась Аляксандравіч Ткачоў. Толькі ў гэтыя дні я згадаў, што знаёмства адбылося ўсё ж такі раней — ці не падчас працы над юбілейным нумарам часопіса «Крыніца» (Родник»). Трэ’ было адзначыць 70-годдзе БССР. Адзін чалавек з Інстутыта гісторыі партыі паабяцаў быў галоўнаму рэдактару Уладзіміру Някляеву артыкул пра старшыню першага савецкага ўраду Беларусі Змітра Жылуновіча, але, як я і чакаў, чалавек той артыкул пісаць не асмеліўся, бо Жылуновіч яшчэ не быў рэабілітаваны «па партыйнай лініі». На дапамогу прыйшоў Адам Мальдзіс. Ён прынёс свой запіс успамінаў сябра першага савецкага ўраду Беларусі, «нацдэма» Язэпа Дылы. Не хапала ілюстрацый. Патрэбныя былі здымкі сябраў таго ўраду. У канцы 1988-га былі вядомыя толькі здымкі самога Язэпа Дылы, Зміцера Жылуновіча, Аляксандра Мяснікова, Аляксандра Чарвякова і, здаецца, Станіслава Берсана ды Майсея Калмановіча. І якое ж было маё здзіўленне, калі Віталь Скалабан прынёс у «Крыніцу» тады яшчэ нікім з нас не бачаны здымак нерэабілітаванага Фабіяна Шантыра! Гэта была праўдзівая сенсацыя. (Калі ў 2005 годзе выйдзе кніга «1 января 1919 года: Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии», укладальнікам якой быў і Віталь Скалабан, здымкаў будзе ўжо пятнаццаць. І ніхто не выкажа ніякага здзіўлення: маўляў, так і трэба.)

Тады многае было сенсацыяй. Памятаю, як Сяргей Дубавец быў уражаны, калі я прынёс для публікацыі здымак, які ўмоўна называюць «Першы Урад БНР». Робячы ў Вільні копіі здымкаў Антона Луцкевіча, Пётры Крачэўскага ды іншых дзеячаў, я заўсёды меў на ўвазе Віталя Уладзіміравіча: у гэтага не прападзе.

Наша знаёмства доўжылася больш за 20 год. Рэдакцыя гісторыі Беларусі ў Энцыклапедыі запомнілася мне таму, што мы супольна працавалі над слоўнікам Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, над артыкуламі для ЭГБ, бо калі Міхась Ткачоў стаў галоўным рэдактарам Энцыклапедыі, Віталь Скалабан заняў ягонае месца загадчыка рэдакцыі. Памятаю, што бібліяграфію да артыкулаў вычытваў, правіў і дапаўняў Віталь Уладзіміравіч сам. Тут з ім нельга было спаборнічаць. Энцыклапедыст!

Што ні кажы, гэта быў своечасовы крок — рашэнне выдаваць Энцыклапедыю гісторыі Беларусі. Яны — Міхась Ткачоў, Віталь Скалабан і (яго абавязкова трэба назваць) Іосіф Хаўратовіч — зрабілі выдатную справу. Ведама, былі ў гэтай ідэі шматлікія прыхільнікі (іх прозвішчы можна прачытаць, у прыватнасці, у першым томе, калі знаёміцца са складам рэдакцыйнай калегіі і спісам навуковых кансультантаў), але цягнуць воз давялося гэтым траім — не пабаюся высокага стылю — рыцарам Кліо. І даме — Софіі Пятроўне Самуэль. Калі б з выданнем ЭГБ запазніліся хоць на год, невядома, што было б з ёю, а так адсылачнымі курсівамі ў першых двух тамах справа была зроблена. Калі цэнзураваць Энцыклапедыю прыйшлі Пятро Петрыкаў ды іншыя, ім са скрыгатам зубоўным даводзілася прапускаць непажадныя артыкулы. Вядома, былі сутычкі, даходзіла да таго, што аўтары здымалі свае подпісы, але артыкулы, хоць падрэзаныя і вылізаныя, усё ж з’яўляліся (праўда, ужо без загадчыка рэдакцыі гісторыі Беларусі Скалабана).

Я так і не спытаў у Віталя Уладзіміравіча, чаму ён узяўся за такую даволі рызыкоўную тэму дысертацыйнага даследавання, як беларускія секцыі Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Тут жа Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла, Зміцер Жылуновіч… Дармо што рэабілітаваныя юрыдычна, у палітычным аспекце яны па-ранейшаму былі на падазрэнні.

Вось так яно і сталася: нашыя зацікаўленні перакрыжываліся. У мяне Антон Луцкевіч, Сацыялістычная Грамада, Усебеларускі з’езд, БНР, у Віталя Уладзіміравіча — Сацыялістычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Усебеларускі з’езд, беларускія секцыі, БССР. І агульны назоўнік: беларускія сацыялісты як творцы абедзвюх формаў беларускай дзяржаўнасці — дэмакратычнай і савецкай.

Яму пашанцавала сустрэць напрыклад, Яўсея Канчара. Ацалелы эсэр, адзін з ініцыятараў склікання Усебеларускага з’езду здзівіўся, калі пачуў, што ў Менску ёсць Музей Янкі Купалы. На ўсякі выпадак перапытаў:

— Мо імя Янкі Купалы?

Гэтак адарваўся чалавек ад беларускіх рэаліяў…

У лясной хатцы ў Вільні ён слухаў апавяданні Зоські Верас і ліставаўся з ёю (вось адкуль, як я здагадваюся, здымак Фабіяна Шантыра).

Яшчэ аднаго ўдзельніка Усебеларускага з’езду, балтыйскага матроса Васіля Муху, жывога ён ужо не заспеў. Хто зазірне ў ЭГБ, той убачыць, што маленечкі артыкул пра гэтага эсэра і сябра Грамады падпісалі аж тры аўтары. Купалаўскімі словамі гэта называецца «збіраць зярно к зярняці». Я ж, прачытаўшы ў тым артыкуле, што Васіль Муха пакінуў успаміны, кінуўся да Віталя Уладзіміравіча: «Дзе яны?». І пачуў:

— Яны цябе не зацікавяць: там больш замоўчванняў і агульных фраз. Ты, здаецца, зацікавіўся Маладзечанскай настаўніцкай семінарыяй і распаўсюдам выданняў Грамады? У Маладзечне ляжаць успаміны генерала Калядкі. Вось яны цябе зацікавяць.

Шкадую: не спытаўся ў Віталя Уладзіміравіча, ці бачыў ён генерала Лукаша Калядку «ў натуры». А ўспаміны гэтага ўдзельніка Усебеларускага з’езду сапраўды зацікавалі. І не аднаго мяне: сёлета яны будуць надрукаваныя ў альманаху «Асоба і час».

Шукальнік, ён іншы раз ён «выдаваў», можна сказаць, анекдатычнае. Пытаўся:

— Чыё імя носіць Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук?

— Якуба Коласа імя.

— З якога года?

— З 1956-га. На гэты конт была пастанова.

— А самага цікавага ты не ведаеш.

І апавядаў мне, што ў 1949 годзе бібліятэка атрымала імя Вісарыёна Бялінскага, а ў 1956-м (пасля таго, як Якуб Колас пакінуў нас) Пятрусь Броўка здолеў зрабіць так, што першы сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў «падмахнуў» пастанову аб прысваенні бібліятэцы імя народнага паэта. Пры гэтым пастанова 1949 года адменена не была. Сёй-той пісаў даносы ў Маскву: пакрыўдзілі вялікага расійскага рэвалюцыянера-дэмакрата…

Так здарылася, што мы нейк адначасна змушаныя былі ўвайсці ў купалазнаўства. Мне трэба было адвеяць міфы ад праўды пра стасункі паміж Луцкевічамі і Купалам. Давялося працаваць і ў Купалавым музеі (як тут не згадаць дапамогу Марыі Кандратаўны Чабатарэвіч?), і ў бібліятэках, і ў Нацыянальным архіве, дзе Віталь Скалабан сядзеў у адным кабінеце з Яўгенам Бараноўскім. Я нумар за нумарам вывучаў змест беларускіх савецкіх газет канца 1920 — пачатку 1930-х, а ў перапынках не раз заходзіў у той кабінет на вуліцы Кірава (гэта пазней, у новым будынку, дзе ўсё на электронных замках, пра кожную сустрэчу даводзілася дамаўляцца па тэлефоне). Аднойчы высветлілася, што для закруглення працы мне бракуе драбніцы — легендарнай брашуркі, якую да юбілею Купалы ў 1932 годзе ў Вільні нібыта выпусціла Кампартыя Заходняй Беларусі. У бібліятэках яе не было. Выявілася, што сякера — пад лавай.

— Схадзі ў Купалаўскі музей, — сказаў Віталь Уладзіміравіч, — і спытайся ў Марыі Кандратаўны.

Марыя Кандратаўна дала мне тую брашурку агледзець з усіх бакоў. І я мусіў канстатаваць, што брашурка надрукавана не ў падпольнай, а ў добра абсталяванай друкарні (вядома ж, у Менску) і што была яна своеасаблівым адказам бальшавікоў на брашуру Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». Пра гэтае маленькае адкрыццё я паведаміў чытачам «Нашай Нівы» ў артыкуле «Маленькая містыфікацыя».

Тады мы працавалі паралельна: Віталь Уладзіміравіч быў адным з рэдактараў 8-га і 9-га тамоў Поўнага збору твораў Янкі Купалы, а я пісаў заўвагі да каментароў, якія «дзяўчаты з сектару Міхася Мушынскага» склалі да 8-га тому. «Па дарозе» Віталю Уладзіміравічу на аснове архіўных матэрыялаў давялося высвятляць гісторыю напісання і мастацкага афармлення «Пісьма беларускага народа Вялікаму Сталіну», да якога прыклаў руку і Пясняр. Ён з гумарам і ва ўсіх дэталях распісваў мне тое дурноцце, тое марнаванне часу, энергіі, інтэлекту і матэрыяльных рэсурсаў.

Не кожнаму шанцуе, а нашаму архівісту пашанцавала знайсці невядомы Купалаў верш («Знікнуць хмары над калгасам…»).

Ужо калі вярсталася другая кніга 9-га тома, у «Звяздзе» я натрапіў на кароценькі Купалаў ліст у рэдакцыю гэтай газеты ад 7 красавіка 1931 года, які добра сведчыць, што паэту даводзілася даказваць сваю прававернасць на кожным кроку. І сурэдактар Скалабан паднёс мне асобнік гэтай кнігі з сваім дарчым надпісам. Ён заклікаў мяне памятаць Нацыянальную бібліятэку і Нацыянальны архіў. (А яшчэ адзін асобнік гэтае кнігі мне падараваў Янка Саламевіч, аўтар летапісу жыцця і творчасці Янкі Купалы.)

Мусіць, тады, падчас працы над Купалавымі тамамі, у Віталя Склабана зарадзілася ідэя юбілеялогіі нашых пісьменнікаў: прасачыўшы, як адзначаліся юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі ды іншых, можна зрабіць цікавыя высновы аб палітычнай і маральнай атмасферы, у якой літаратару даводзілася працаваць. Мы абменьваліся думкамі на гэты конт, параўноўваючы Купалавы юбілеі 1925, 1930, 1932, 1935 і 1942 гг. і Купалаў ды Коласаў юбілеі 1932 і 1942 гг. Не ведаю, ці напісаў што-небудзь Віталь Уладзіміравіч, а я, назбіраўшы нямала матэрыялу, усё аніяк не знайду часу, каб засесці за такую працу. Як і за працу «Янка Купала — ахвяра і рупар савецкай прапаганды» (рэцэнзуючы каментары да 8-га тома Янкі Купалы, я зрабіў нямала нататак на гэты конт).

А наагул наша супраца над кнігамі пачалася ў 1991 годзе — калі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» выпусціла 2-м выданнем успаміны Антона Луцкевіча «За дваццаць пяць гадоў». Тады Міхась Ткачоў і Віталь Скалабан ледзь не абавязалі мяне напісаць пасляслоўе да брашуры.

Я, мусіць, забыў сказаць, што ў 1991 годзе Віталь Уладзіміравіч быў у ліку заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (цяпер БСДП), а Міхась Аляксандравіч — яе першым старшынёй. І пісанне пасляслоўя да баршуры Луцкевіча было, можна сказаць, маім партыйным абавязкам.

Пазней Віталь Уладзміравіч адыдзе ад партыі. Адзін дзеяч (ведаю, хто) сказаў, што творчая інтэлігенцыя і вучоныя пакінулі партыю дзеля сваёй баязлівасці, страху за кар’еру. Ну, не ўсе ж такія баязліўцы і кар’ерысты. Тут можна было б працытаваць мастака Кастуся Харашэвіча, якога аніяк не турбуюць праблемы кар’еры, але паспрабую сфармуляваць яго думку без двукосся: калі Грамада перастала цікавіцца пытаннямі культуры, дзеячы культуры перасталі цікавіцца Грамадой. У немалой ступені гэта датычыць і Віталя Скалабана. І сапраўды, цяжка мастаку, пісьменніку, вучонаму размаўляць з «правадыром», які не чытае часопісаў, не бывае на выставах і ў тэатрах.

У мяне захаваліся таварыскія адносіны і з беспартыйным Віталем Уладзіміравічам.

Ведаючы, што я рыхтую том твораў Антона Луцкевіча, ён мог уручыць мне папку з ксеракопіямі з кіеўскай газеты «Белорусское эхо» і з «Дзянніцы». Так я атрымаў яшчэ два не занесеныя ў бібліяграфію артыкулы Антона і адказ на пытанне, адкуль у канцы 1918 года ўзялося ягонае інтэрв’ю ў піцерскім часопісе «Чырвоны шлях».

Ён быў рэцэнзентам укладзенай мною кніжкі «Пра Івана Луцкевіча: Успаміны, сведчанні».

Пачуўшы, што я збіраю дакументы і матэрыялы для кнігі «Беларуская Сацыялістычная Грамада: дакументы і матэрыялы», ён дапамог мне і ў гэтай працы. Спытаўшы, ці будуць у той кнізе некралогі, і пачуўшы станоўчы адказ, ён параіў мне пашукаць нумар газеты «Беларусь» за 1920 год з некралогам Аляксандра Уласава «Страты інтэлектуальных сіл г. Менску» («Там пра Антона Шабуню і Адама Жабу»). Я і не здагадваўся пра той некралог. Праўда, і той нумар газеты давялося пашукаць, пакуль пасля бібліятэк і архіваў не трапіў у Нацыянальны музей. Выявілася таксама, што ў Віталя Уладзіміравіча ёсць прывезеныя з Вільні копіі васьмі судовых дакументаў аб распаўсюдзе брашур БСГ (у тым ліку і нашаніўскіх). І гэтыя копіі ён даў мне — для будучай кнігі.

…Вечна бадзёры, вечна з усмешкай — такім ён помніцца, бадай, кожнаму, хто яго ведаў.

Падазрэнне, што ў таварыша Скалабана нейкія нелады, зарадзілася ў мяне ўлетку мінулага года, калі ён, як стала мне вядома, пайшоў па паліклініках. А потым былі новыя сустрэчы, не такія частыя, але як звычайна. І калі ён уручаў мне копіі судовых дакументаў, і калі я вяртаў яму тыя копіі, ён трымаўся бадзёра. Думалася, што ўсё пайшло на папраўку. Калі ж праз нейкі час я прыйшоў у Нацыянальны архіў, мне сказалі, што Віталю Уладзіміравічу зноў блага. Я патэлефанаваў яму. І пачуў:

— Анатоль, у мяне анкалогія.

Я не стаў распытваць. Сказаў нешта банальнае, што, маўляў, трэба спадзявацца на лепшае, але голас… голас Віталя Уладзіміравіча выдаваў, што надзеі ў яго няма.

З некаторымі знаёмцамі дамовіліся, што не будзем даймаць яго званкамі, калі трэба — трымаць сувязь праз родных. Мой даўні знаёмец, прафесар Рыгор Лазько пра гэтую дамоўленасць не ведаў. Сёння ён напісаў мне: «Тыдзень таму я размаўляў з ім па тэлефоне, кансультаваўся…» І яшчэ: «…замяніць яго няма каму». Знаўцам становяцца пасля гадоў і гадоў працы.

Ведаючы, што ён у цяжкім стане, я вырашыў хоць трохі парадаваць яго і на аснове атрыманых ад яго дакументаў напісаў і апублікаваў у «Нашай Ніве» нарыс «Палітычны дэтэктыў 1907 года». Мажліва, я спазніўся з гэтай публікацыяй, і Віталь Уладзіміравіч яе не прачытаў.

«Як шкада, што адышоў так хутка», — напісаў мне Рыгор Лазько. І так рана, дадам я. Ён яшчэ многае мог бы зрабіць. У яго было шмат задумаў.

* * *

Развітанне з Віталём Скалабанам пройдзе ў аўторак, 23 жніўня, у зале рытуальных паслуг пры 9-й клінічнай бальніцы Мінска (Паўднёвы Захад, вул. Сямашкі, 8).

Пра гэта НН паведамілі ў Нацыянальным архіве са спасылкай на ўдаву гісторыка. Пачатак а 13-й.

Пахаваюць Віталя Скалабана на Паўночных могілках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)