Чаго спужаліся беларускія ўлады ў гісторыі з арыштам расейскай грамадзянкі Багачовай
Дзіўная, нават загадкавая гісторыя з расейскай грамадзянкай Ганнай Багачовай, якую затрымалі ў Менску на запыт ЗША праз Інтэрпол, потым адпусьцілі, а цяпер адмаўляюць сам факт затрыманьня, выклікае пэўны розгалас і патрабуе тлумачэньняў. Пiша на Радыё Свабода Валер Карбалевiч.
Першае паведамленьне пра затрыманьне Ганны Багачовай зьявілася 15 кастрычніка і выглядала як інфармацыйная бомба. Нібыта Багачова (на фота) — супрацоўніца расейскай «фабрыкі троляў», умешвалася ў амэрыканскія выбары, і ЗША праз Інтэрпол дамагаюцца яе арышту і экстрадыцыі. Паводле СМІ, затрымалі яе яшчэ 13 кастрычніка каля 22 гадзіны ў адным зь менскіх гатэляў.
Ад самага пачатку была ўпэўненасьць, што Злучаным Штатам яе ні ў якім разе ня выдадуць. А вось выкарыстаць сытуацыю — гэта якраз тое, што беларускія ўлады рабіць умеюць і любяць.
Торг вакол палітвязьняў з Захадам, найперш з ЭЗ — гэта даўно стала клясыкай жанру. Падобных гісторый было шмат. У 2008 годзе ў Беларусі арыштавалі амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра і паспрабавалі таргавацца з ЗША пра адмену санкцый.
Былі падобныя спробы і ў адносінах з Расеяй. У 2013 годзе ў Менску арыштавалі гендырэктара расейскай кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра, Расеі былі выстаўленыя эканамічныя патрабаваньні. У 2017 годзе пад арышт трапіў блогер з патройным грамадзянствам Аляксандар Лапшын. Паколькі ніводная з краін, грамадзянінам якой ён быў (Расея, Ізраіль, Украіна), не захацела таргавацца, яго выдалі Азэрбайджану.
Здавалася, што і цяпер афіцыйны Менск пачне торг з Масквой наконт Ганны Багачовай. Маўляў, калі для Расеі яе вызваленьне важнае, то давайце дамаўляцца, ідзіце на саступкі ў пытаньнях нафты, газу, крэдытаў і інш.
Аднак нешта пайшло ня так, першапачатковы плян не спрацаваў. 15 красавіка Ганну Багачову выпусьцілі на волю.
Тут можна вылучыць некалькі вэрсій. Магчыма, спачатку сілавікі дзейнічалі на аўтамаце, зрэагавалі на прозьвішча, якое аказалася ў сьпісе Інтэрполу, а калі разабраліся, у чым справа, хутка адпусьцілі. Другі варыянт: закладніцу выпусьцілі, як толькі справа займела розгалас, бо такія апэрацыі лепш ажыцьцяўляць у глыбокай таямніцы.
Але далей ва ўсёй гэтай гісторыі зьявіўся зусім скандальны паварот. Дзівосным чынам беларускія ўлады пачалі абвяргаць відавочнае, спрабаваць даказваць, што Ганна Багачова і не была затрыманая. І менавіта гэты чыньнік пачаў ператвараць драму ў фарс.
Пра тое, што згаданая жанчына была затрыманая, паведамлялі ня толькі мэдыі, але і афіцыйныя крыніцы. 15 кастрычніка прэсавы сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава канстатавала: «Грамадзянка Расеі Ганна Багачова была затрыманая ў адным з гатэляў Менску, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку. Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэньня і прыняцьця рашэньня ў пракуратуру».
У той жа дзень афіцыйны прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Беларусі Дзьмітрый Брылёў заявіў: «Ганна Багачова вызваленая, яна сапраўды была затрыманая пазаўчора».
Пасольства Расейскай Фэдэрацыі паведаміла ў твітэры: «Сытуацыя ў сувязі з затрыманьнем у Менску праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай знаходзіцца ва ўвазе консульскага аддзелу пасольства Расеі ў РБ, супрацоўнікі якога аказваюць ёй прадугледжаную ў такіх выпадках консульскую падтрымку».
Нарэшце, такая ж інфармацыя зьявілася ў афіцыйным твітэры Міністэрства замежных спраў Расеі.
І вось пасьля ўсяго гэтага прэс-сакратарка прэзыдэнта Беларусі Натальля Эйсмант зь невінаватым выглядам заявіла TUT.BY: «Яе не затрымлівалі і не арыштоўвалі. Гэта розная інтэрпрэтацыя адной і той жа падзеі».
Больш асьцярожна камэнтаваў сытуацыю намесьнік генпракурора Аляксей Стук. Ён паведаміў журналістам, што да грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай «не ўжываліся захады працэсуальнага прымусу, яна заставалася на свабодзе» «і, можа, нашы прэс-сакратары не зусім даходліва данесьлі гэтую інфармацыю». Куды ўжо даходлівей?
Чаму раптам беларускія ўлады адыгралі сытуацыю назад? Ня так важна, ці было нейкае тэлефанаваньне з Масквы. Думаю, галоўнае ў тым, што беларускія ўлады не разьлічылі палітычнага эфэкту. Адна справа — арыштаваць прадстаўніка буйнога расейскага бізнэсу Баўмгертнэра, што выклікала маральную падтрымку большасьці расейцаў. І зусім іншая справа — затрымаць зацятую змагарку з галоўным ворагам Расеі — ЗША.
Не выпадкова ў РФ падняўся вялікі шум, разгарэліся вострыя жарсьці, Лукашэнку абвінавацілі ў здрадзе. Арышт Багачовай закрануў вельмі балючую тэму, нагадаў пра псыхалягічную траўму як эліты, так і грамадзтва РФ. Таму адказ з Масквы мог быць вельмі жорсткі.
У Менску зразумелі гэта не адразу. А зразумеўшы, запанікавалі і пачалі даводзіць, што я ня я і хата не мая. Выйшла нязграбна. Як часта бывае ў беларускай афіцыйнай палітыцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное