Политика
Марына ЗАГОРСКАЯ, «Завтра твоей страны»

Чаго чакаць Беларусі падчас старшынства Швецыі ў Еўрасаюзе?

Швецыя будзе займаць пасаду старшыні Еўрасаюза цягам другой паловы 2009 года. Пасол Стэфан Эрыксан паабяцаў, што яго краіна мае намер весці адкрыты дыялог з Беларуссю, працягваць палітыку добрасуседства і надаваць асаблівую ўвагу Усходняму партнёрству. Пра якія канкрэтныя крокі ў супрацоўніцтве можна гаварыць ужо сёння?

1. Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў запрошаны ў Брусель 28 ліпеня на сустрэчу са сваімі калегамі з краін ЕС. Пры гэтым пасол Швецыі падкрэслівае, што пытанне ўзаемадзеяння Еўрасаюза і Беларусі "перш за ўсё залежыць ад беларускага боку”.

2. Калі беларускае кіраўніцтва зробіць належныя крокі, Еўрасаюз, па меркаванні шведскага дыпламата, прыме правільнае рашэнне наконт санкцый, што тычацца беларускіх чыноўнікаў. Рашэнне аб іх прыпыненні на 9 месяцаў было прынятае ў сакавіку бягучага года.

Па словах Стэфана Эрыксана, у кастрычніку пачнецца падрыхтоўка рашэння аб адмене ці працягу санкцый, а само рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе прынятае ў лістападзе. “Нам патрэбная дапамога з беларускага боку”, — падкрэсліў дыпламат. На ягоную думку, “нармалізацыя адносінаў – у інтарэсах ЕС і Беларусі, а галоўнае – гэта дыялог і рух”.

3. Швецыя як старшыня ЕС мае намер весці ў Беларусі дыялог як з афіцыйнымі ўладамі, так і з грамадзянскай супольнасцю. Стэфан Эрыксан спадзяецца, што падчас старшынства ягонай краіны ў ЕС правабарончая тэматыка стане больш заўважнай.

— Шведы лічацца прагматычнай нацыяй, аднак ёсць пытанні, у якіх яны займаюць прынцыповую пазіцыю, — адзначыў пасол. — Швецыя мае намер уздымаць пытанне аб выкананні правоў чалавека і важнасці прававой дзяржавы.

4. Дакладна абяцаць зніжэнне кошту шэнгенскай візы для Беларусі цягам старшынства Швецыі ў ЕС Стэфан Эрыксан не стаў, бо, па ягоных словах, “існуе шмат заканадаўчых момантаў, якія не ўдасца хутка пераадолець”.

— Але, я мяркую, такая мэта ёсць. У рамках Усходняга партнёрства неабходна абмеркаваць гэтае пытанне, нават калі мы не паспеем яго разгледзець да канца года, падчас нашага старшынства ў ЕС, — сказаў шведскі пасол, дадаўшы, што ўжо прынятае рашэнне аб тым, каб знізіць кошт шэнгенскай візы для дзяцей ад 6 да 11 гадоў.

5. Швецыя гатовая падзяліцца з Беларуссю ўласным досведам у развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі.

— Швецыя мае вялікі досвед развіцця альтэрнатыўных відаў энергетыкі. Мы будзем развіваць праекты як у двухбаковым супрацоўніцтве, так і ў рамках агульнаеўрапейскіх праграм, — сказаў Стэфан Эрыксан.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)