Комментарии
Валеры Філін, “Свабода”

Цень, ведай сваё месца!

Па восені ва ўладных эшалёнах не далічыліся нават не кураняці, а досыць буйнога пеўня. У адстаўку “з уласнага жаданьня” сышоў старшыня палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў.

Афіцыйна гэта тлумачыцца станам здароўя сьпікера. Галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч нават распавёў: Уладзімер Канаплёў хварэе так цяжка, што, гуляючы ў футбол, мусіць карыстацца інгалятарам ледзь ня кожныя 15 хвілін.

Аднак, улічваючы, што па сваёй волі з крэслаў такога ўзроўню абсалютная большасьць сыходзіць толькі “нагамі наперад”, існуюць, мякка кажучы, пэўныя сумневы ў матывах адстаўкі старшыні палаты прадстаўнікоў. Каб разабрацца ў тым, што адбылося насамрэч, зазірнем у мінулае.

Шляхі Ўладзімера Канаплёва й Аляксандра Лукашэнкі перакрыжаваліся яшчэ ў вёсцы Александрыя, дзе абодва нарадзіліся. І пакрочылі па жыцьці побач. Празь нейкі час Канаплёў і Лукашэнка апынуліся на Шклоўшчыне. Іхная сувязь не перарвалася нават тады, калі апошні быў абраны ў Вярхоўны Савет і перабраўся ў Менск. Канаплёў, так бы мовіць, застаўся на гаспадарцы: стаў памочнікам народнага дэпутата Лукашэнкі.

У аналягічным становішчы былы настаўнік застаўся і пасьля таго, як колішні дырэктар саўгасу перамог на выбарах 1994 году. Толькі цяпер Канаплёў ужо лічыўся галоўным памочнікам не аднаго з дэпутатаў, а першай асобы дзяржавы.

Аднак, нягледзячы на сяброўства ледзь не з калыскі, адносіны паміж Канаплёвым і Лукашэнкам складваліся няпроста. У палітычных кулюарах пачала гуляць плётка: нібыта жонка Канаплёва Ала ў кампаніі заявіла, што ў 1994 годзе стаўку трэба было рабіць на Валодзю.

Паверыў у гэта Лукашэнка ці не, аднак памкненьні свайго земляка ён стрымліваў. Канаплёў прэтэндаваў на тое, каб узначаліць палату прадстаўнікоў яшчэ ў 2000 годзе. Аднак кіраўнік дзяржавы вырашыў інакш. Канаплёву давялося чакаць трэцяга скліканьня Нацыянальнага сходу, каб заняць пасаду, пра якую ён марыў.

З улікам таго, што палата прадстаўнікоў паўнавартасным парлямэнтам не зьяўляецца, а фактычна адыгрывае ролю шырмы, у Канаплёва заставалася шмат вольнага часу: і на футбол, і на гандбол (старшынства ў адпаведнай фэдэрацыі), і на гульні больш сур’ёзныя. Кажуць, што ён шчыльна апякаў нафтаперапрацоўку ў Беларусі. Хмары над Канаплёвым пачалі згушчацца пасьля таго, як да гэтай галіны на загад кіраўніка дзяржавы праявіў асобы інтарэс старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

Пра “бойку бульдогаў пад дываном”, якая адбываецца ўжо некалькі месяцаў, грамадзкасьць даведвалася толькі тады, калі на паверхню выкідвалі цела чарговага няўдачніка. Першым пайшоў (не ў адстаўку, а ў турму) старшыня канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі. Потым быў звольнены Сьцяпан Сухарэнка. Нарэшце, дайшла чарга і да Ўладзімера Канаплёва. У прамежках зьяўляліся зьвесткі пра затрыманьне ягонага памочніка і кіроўцы.

Цікава, што 31 жніўня пра верагодную адстаўку Канаплёва паведаміў сайт “Заўтра тваёй краіны”. Паводле гэтага рэсурсу, у прэзыдэнцкай адміністрацыі дасягнула мяжы незадаволенасьць імкненьнем Канаплёва лябіяваць адны камэрцыйныя структуры і ціснуць на іншыя, прычым скарыстоўваючы імя Лукашэнкі.

Усё гэта магчымыя матывы, аднак наўрад ці дастатковыя. Бо Канаплёў ня ўчора пачаў умешвацца ў бізнэс-справы. Таму ягоныя нафтавыя ды іншыя клопаты маглі быць нагодай, але не прычынай адстаўкі. А прычына, хутчэй за ўсё, у тым, што цяпер відавочна адбудоўваецца абноўленая канструкцыя ўлады, якая абапіраецца на зусім іншых людзей. І Лукашэнка папросту зачышчае “старую гвардыю”, бо месцаў пад сонцам на ўсіх не хапае.

Цікава, што колісь Уладзімер Канаплёў бачыўся Аляксандру Фядуту, яшчэ аднаму выхадцу з прэзыдэнцкай каманды, пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі. У 1999 годзе вядомы публіцыст, параўноўваючы Канаплёва зь ценем, прагназаваў: “У казцы Андэрсэна цень стаў каралём. Зьнішчыўшы патэнцыйных пераемнікаў, Лукашэнка прыйшоў да таго, што яму няма каго будзе пакідаць пасьля сябе — нават калі яго абяруць на наступны тэрмін, усё роўна раней ці пазьней давядзецца сыходзіць. І вось тут ён цалкам можа паспрабаваць зрабіць стаўку на Канаплёва…”

Спадар Фядута, відаць, нават не здагадваўся, што слова “тэрмін” няма ў лексыконе Аляксандра Лукашэнкі. Ён не зьбіраецца перадаваць уладу каму б ні было — тым больш Канаплёву. Цень выпрацаваў свой рэсурс — цень мусіць сысьці. Па стане здароўя.

Бянтэжыць толькі тое, што Канаплёў з Лукашэнкам — аднагодкі. І калі адзін так моцна захварэў, што мусіў пакінуць высокую пасаду, ці не напаткае гэткі ж лёс і другога?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)