Скандалы

«Быў на карачках, увесь у крыві» — у Менску невядомы напаў на ЛГБТ-кампанію. Адзін хлопец у шпіталі

Рэжысэр і апэратар дакумэнтальнага кіно Мікалай Купрыч кажа, што ў ноч з 24 на 25 жніўня на Кастрычніцкай яго зьбіў невядомы, бо Мікалай быў у ЛГБТ-кампаніі. Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго зламаны нос і буйныя гематомы. Ён у шпіталі, піша Радыё Свабода.

Мікалай Купрыч

Кампанія, у якой быў Мікалай, бавіла час недалёка ад АЗС на барнай вуліцы Кастрычніцкай. Невядомы падышоў сам.

«Ён падыходзіць і пытае: „Ты таксама п...р?“ — успамінае Мікалай. — Я кажу: „Якая табе розьніца, п...р я ці не?“ — „Не, ты скажы канкрэтна: п...р ты ці не?“ Я кажу: „Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць“. Пасьля ён яшчэ раз перапытвае: „Скажы канкрэтна!“ Я кажу: „Ну добра, няхай я буду п....м, ОК, і што далей?“»

Па словах Мікалая, відавочнай агрэсіі хлопец не праяўляў, усьміхаўся. Мікалай кажа, што ён гетэрасэксуал, але падтрымлівае ЛГБТ-супольнасьць, таму адказаў менавіта так.

«Ён не наяжджаў, сказаў: „Добра, я зразумеў“, — працягвае Мікалай. — Я разварочваюся і адыходжу, сэкундаў пяць праходзіць, і ён мне са сьпіны, відаць, з добрага такога размаху, бʼе акурат у скронь. Я адключаюся і падаю тварам на асфальт».

Ад удару Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго паламаны нос і буйныя гематомы. Перад гэтым невядомы хлопец ужо ўдарыў дзьвюх сяброў Мікалая.

Адзін зь іх, Арцём Скапцоў, пацьвярджае словы Мікалая і кажа, што атрымаў удар у шыю. Невядомы таксама разьбіў скулу другому маладому чалавеку. Пасьля гэтага хлопцы на нейкі час адышлі за паркоўку. Калі вярнуліся, пабачылі яшчэ больш зьбітага сябра.

«Я падбег і ўбачыў Колю, ён быў на карачках, увесь у крыві, — кажа Арцём. — Гэтага чалавека ўжо не было відаць нідзе. Колю прывялі крыху ў парадак, спачатку думалі, што ён нармальна, але па выніку ён выклікаў і міліцыю, і хуткую».

Арцём кажа, што падчас размовы зь невядомым думаў, што гэта шараговая сытуацыя слоўнага канфлікту. Раней яго ніколі не зьбівалі.

Мікалай Купрыч напісаў заяву ў міліцыю. У нядзелю, 26 жніўня, яго апытваў міліцыянт.

Радыё Свабода 26 жніўня зьвярнулася ў Сьледчы камітэт па камэнтар. Атрымаць яго пакуль не ўдалося.

У траўні 2014 году на выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка зьбіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс апэрацыю выдаленьня часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасьля працяглай комы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.8(24)