Общество

Былы выкладчык Вайсковай акадэміі расказаў пра рэпрэсіі і звальненьне

Падпалкоўнік запасу Віталь Чырвінскі быў галоўным гісторыкам Міністэрства абароны. Апошнія гады выкладаў у Вайсковай акадэміі. На гэтым тыдні ён страціў працу. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра рэпрэсіі і звальненьне, а таксама пра настроі ў беларускім войску.

Пра клопаты пасьля інтэрвію «Свабодзе»

У 2018 годзе я даў інтэрвію пра свой занятак вайсковай гісторыяй. Інтэрвію атрымалася патрыятычным, добрая рэкляма для акадэміі. Але ўжо на наступны дзень мною зацікавіліся. І з таго часу ў мяне пачаліся праблемы. Праводзілі расьсьледаваньне. Выклікалі і казалі:

— Ну як так? Ты даў кляснае інтэрвію, але не таму, каму патрэбна. Чаму ты ня даў яго «Советской Белоруссии»? Вырашылі не звальняць, было шмат размоваў. Палезьлі нават у мае сацыяльныя сеткі, знайшлі «крамольныя» здымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Зрабілі вымову, я страціў прэмію. Ад таго моманту час пайшоў, мяне заўважылі: ідэолягі і контрвыведка.

Пазьней праходзіў агульнабеларускі агляд-конкурс вайсковых факультэтаў. Я прадстаўляў Вайсковую акадэмію і заняў першае месца. Пасьля гэтага зь мяне зьнялі апалу. Потым я рабіў выставу ў Акадэміі. Прывозілі нават прэзыдэнта, ён быў узрушаны.

Пра новыя праблемы падчас выбарчай кампаніі

Летам я быў у адпачынку. Званок начальніка: «Што вы ўчора рабілі? Вас бачылі на пікеце Ціханоўскай». Я кажу, а што тут такога, гулялі з жонкай па горадзе, паглядзелі і сышлі. І гэта стала нагодай. Мне ізноў пачалі назвоньваць.

Былі размовы на павышаных танах.

Пасьля выбараў я выйшаў з адпачынку, і мне кажуць: «Акадэмія хоча з вамі разарваць кантракт». А ў мяне кантракт яшчэ на два гады. Я параіўся зь юрыстамі і вырашыў не пісаць заяву. Ад мяне трошкі адчапіліся.

Праз два тыдні ізноў звоніць начальнік: «Што вы там нарабілі? На вас паступіў данос у міліцыю. Сэнс даносу ў тым, што я хадзіў па кватэрах, заклікаў на мітынг, стаяў уначы на бальконе і крычаў «Жыве Беларусь».

Я сказаў, што такога не рабіў і гатовы падаць у суд за паклёп. Сказалі, няважна, ці рабіў, цярпець яны больш ня могуць. Была яшчэ адна размова з вышэйшым кіраўніцтвам, я папрасіў скончыць курс лекцый. Пагадзіліся.

Але неўзабаве ізноў выклікалі і сказалі, што ўсё, больш трываць ня будуць, бо, маўляў, ёсьць здымак, дзе на акне маёй кватэры белы аркуш паперы (сымбалізуе белы квіток Лукашэнку — РС). Далі 10 хвілін, каб напісаць заяву. Я напісаў, бо ўжо стаміўся ад усяго гэтага.

Пра сваю працу

За 7 год працы ў Акадэміі я зразумеў, што гэтая дысцыпліна патрабуе больш прабеларускага погляду. Я адчуваў, што даю курсантам прышчэпку любові да сваёй радзімы. Крыўдна, што мяне «сышлі», бо хто цяпер будзе даваць гэтую прышчэпку.

Начальнік напісаў на мяне характарыстыку.

Усё было вельмі пазытыўна, але выснова такая: нацыяналіст, апазыцыянэр, палітыку дзяржавы не падтрымлівае. Пры тым, што ў самой характарыстыцы не было ані слова пра тое, што я зрабіў нешта кепскае для акадэміі або краіны.

Усё гэта ініцыятыва аддзелу ідэалёгіі. Мне ня раз казалі, што адтуль тэлефанавалі начальству і пыталіся: калі вы ўжо звольніце гэтага Чырвінскага?

Але я рабіў сваю працу. Я не хлусіў і не баяўся праяўляць ініцыятыву. У тым ліку і патрыятычную. Я і да гэтага рабіў тое самае. Пяць гадоў быў галоўным гісторыкам Міністэрства абароны.

Пра стаўленьне калегаў

Складанае пытаньне. Усе жывыя людзі. Камусьці ёсьць што страчваць. Нехта падтрымлівае, а нехта не. Але я ж не зрабіў нічога гераічнага. Я вайсковы пэнсіянэр, у мяне ёсьць пэнсія. Я працаваў і звольніўся. Героі тыя, каму ёсьць што страчваць. Такімі трэба ганарыцца, і такія таксама ёсьць у акадэміі. Але каб усе выйшлі на пляц за аднаго, то такога ніколі ня будзе. Армія — гэта дысцыплінаваны інстытут.

Пра пазыцыю войска

Магу казаць толькі пра тых, з кім размаўляў. Мой калега з кабінэту меў супрацьлеглыя думкі. Была ў нас размова пра інаўгурацыю, я кажу, што гэта няправільна. Ён сышоў моўчкі, а ранкам прыйшоў і сказаў: «Я ведаю праўду, я паглядзеў „Панараму“». Гэта дарослы чалавек, яго ўжо не пераканаеш.

Ёсьць і шмат нармальных, якія кажуць, што ўсё разумеюць, але трэба дапрацаваць год-два. Але такога, што «мы выйдзем шчыльнымі радамі», то такога няма і ня будзе. І, магчыма, ня трэба. Гэта армія, людзі са зброяй.

Пра рэпрэсіі за патрыятызм

Гісторыя — гэта палітыка. Я падрыхтаваў выставу пра тысячагадовую вайсковую гісторыю, ад Полацкага княства. Я рабіў усё адзін, але нада мною сядзелі цэнзары. Даходзіла да кіпеньня. Бяруць Аршанскую бітву, якая ў мяне апісана нэўтральна, а яны перакрэсьліваюць і кажуць: ні ў якім разе. Я тады кажу: «Дазвольце, я хоць пакіну вось гэтую карцінку». «Карцінку пакідай». Магчыма яны ня ведалі, што карцінка гэта і ёсьць Бітва пад Воршай.

Пішу пра Касьцюшку, што нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі. А мне загадваюць выкрасьліць пра Беларусь. Я пытаўся, а чаму? А яны кажуць, вось уявіце, прыедуць расейцы, а тут усё па-беларуску.

Ёсьць страх, што прыедзе камісія і скажа — што вы тут нарабілі? Таму лепш хай нічога ня будзе. Гэта страх за сваё крэсла. Другая пазыцыя — гэта «русский мир». Адзін мне так сказаў: «Я сапраўдны афіцэр, я прысягаў савецкаму народу і другі раз у 1992 прысягу не даваў». І кажуць пра такое з гонарам. Але гэта хлусьня, у асабістай справе запісана, што ўсе прымалі прысягу, інакш бы такога звольнілі.

І такія ва ўсім бачаць контррэвалюцыю.

Мне адзін сказаў, што беларуская мова мёртвая, таму мы на сьценах нічога на ёй рабіць ня будзем. А я яму кажу: «Тады адмоўцеся ад дзяржаўных узнагародаў, якія на беларускай мове, пакіньце на жывой рускай». І ён адказаў: «Добра, палову рабіце на беларускай».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)