Филин

Яна Сакалова

Былы выкладчык БДУ: Беларуская адукацыя рызыкуе захаваць кантакты толькі з расійскімі, азіяцкімі і афрыканскімі ўстановамі

Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю Филину — пра тое, да якіх наступстваў прывядзе выключэнне беларускіх ВНУ з Балонскага працэсу.

Рашэнне аб выключэнні ўсіх вышэйшых навучальных установаў Беларусі і Расіі было прынятая на фоне вайны ва Ўкраіне, якую публічна падтрымаў Расійскі саюз рэктараў, паведаміў сайт Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Балонскі працэс — гэта структурная рэформа вышэйшай адукацыі на еўрапейскім кантыненце. Беларусь стала яго часткай у 2015 годзе. Гэта дало пэўныя магчымасці (акадэмічныя абмены, прызнанне дыпломаў за мяжой).

— Трэба зразумець, што Беларусь не была паўнавартасным членам Балонскага камітэту. Яна была прынятая як папярэдні кандыдат на ўступленне, атрымала дарожную карту і адпаведна мусіла рухацца ў гэтым накірунку, — тлумачыць у інтэрв’ю «Филину» Павел Баркоўскі, філосаф, спікер кампаніі «Рэфармуем сістэму адукацыі разам», былы выкладчык факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, які звольніўся ў 2020 годзе.

– Увесь гэты час мы бачылі, якім чынам адбывалася прасоўванне ў межах дарожнай карты — адзін крок наперад заўсёды суправаджаўся двума крокамі назад. І канечне, у пытаннях акадэмічных свабод, у пытаннях захавання многіх каштоўнасцяў, якія прапагандуе міжнародны Балонскі камітэт, Беларусь не вельмі пасавала гэтым умовам.

Адпаведна з гэтым пытанне пра знаходжанне Беларусі ў межах гэтага працэсу абмяркоўвалася яшчэ пачынаючы з 2020 года, калі сістэмныя рэпрэсіі, якія пачаліся ў беларускім асяроддзі адукацыі супраць студэнтаў і выкладчыкаў, зусім не адпавядалі прынцыпам і каштоўнасцям Балонскай сістэмы.

Таму пытанне пра спыненне членства ці замарозкі членства ўздымаліся ўвесь гэты час. Падобных прэцэдэнтаў не было ў гісторыі. Вайна ва Ўкраіне стала моцным трыгерам, які зрушыў гэтыя працэсы там, дзе яны былі ў стадыі абмеркаванняў і ўзагдненняў.

Што канкрэтна гэта азначае для беларускай адукацыйнай сістэмы? Можа, гэта і не надта паўплывае на дзейнасць адміністрацый большасці ВНУ, бо і дагэтуль элементы Балонскай сістэмы былі вельмі мала інтэграваныя ў беларускую навучальную сістэму.

З большага, у чым мы заўважаем наогул прысутнасць прынцыпаў Балонскай сістэмы, — гэта агульны падзел ўсіх навучэнцаў на некалькі груп, а менавіта — бакалаўры і магістры. У адрозненне ад ранейшай сістэмы яшчэ з савецкіх часоў, дзе былі проста спецыялісты. Гэта праграмы акадэмічных абменаў, праграмы міжнародных навуковых і навукова-практычных сумесных прац паміж універсітэтамі розных краін, усё гэта аблягчалася з дапамогай хай сабе і фармальнага, але ўдзелу ў Балонскай сістэме.

Сёння мы бачым, што наступствамі выключэння Беларусі з гэтых працэсаў могуць быць тыя выпадкі, якія мы маем у Чэхіі, якая цалкам спыняе супрацоўніцтва з беларускімі студэнтамі, не дае больш навучальных віз ці праграм абмену. Гэта з’яўляецца ўдарам не толькі па беларускай акадэмічнай сістэме, але і на акадэмічнай мабільнасці, на здольнасці беларусам інтэгравацца на нізавым ўзроўні ў еўрапейскую адукацыйную прастору.

На гэта звяртаюць увагу не толькі чыноўнікі, але і апазіцыйныя палітыкі як на вельмі непажаданы крок, які ізалюе беларускую грамадзянскую супольнасць ад еўрапейскай прасторы адукацыі і культуры. Відавочна, што для большасці ВНУ гэта прывядзе да скарачэння розных партнёрскіх праграм супрацоўніцтва паміж беларускімі і еўрапейскімі ўніверсітэтамі. Многія праграмы будуць замарожаныя ці наогул скасаваныя.

Істотна, калі не цалкам, скараціцца існаванне сумесных міжнародных праектаў, навукова-даследчых ці навукова-вытворчых, якіх было досыць шмат у беларускіх ВНУ. Таксама будуць істотна скарочаныя праграмы акадэмічнай мабільнасці, а для беларускіх выпускнікоў гэта будзе азначаць больш складанасцяў з канвертацыяй іх акадэмічных дасягненняў у Еўропе.

То бок будзе цяжэй з беларускім дыпломам паехаць кудысьці ў еўрапейскую краіну і беспраблемна там пацвердзіць сваю адукацыю. Бо з гэтым могуць таксама ўзнікнуць пытанні, калі Беларусь ніяк не будзе імплементаваная ў Балонскую сістэму.

Зрэшты сама сістэма Балонская выдумлялася для чаго? Для павышэння акадэмічнай мабільнасці, для таго, каб адукацыйныя сістэмы розных краін збліжалі свае адукацыйныя стандарты. Гэта як з тымі «Макдональдсамі»: вы можаце ў кожнай краіне прыйсці ў рэстаран хуткага харчавання і атрымаць вядомыя вам прадукты па прыблізна вядомых коштах. Тое ж самае з адукацыйнай сістэмай.

Фактычна Балонскі працэс часам за гэта і крытыкуюць, што ён усталёўвае такую макданалізацыю вышэйшай адукацыі, што збліжаюцца акадэмічныя нормы большасці еўрапейскіх краін, каб былі нейкія агульныя стандарты, каб кожны студэнт з кожнай краіны мог з лёгкасцю пераходзіць з адной навучальнай установы ў іншую пры жаданні, каб канвертаваліся вынікі даследванняў ці навучання.

Гэта палягчае жыццё людзям, але можа быць трошкі зніжае нейкія кваліфікацыйныя патрабаванні да адукацыйных сістэм, якія былі ў нацыянальных краінах.

— Калі падсумаваць, як гэта ўсё адаб’ецца на беларускай сістэме адукацыі, на студэнтах, выкладчыках, выпускніках ВНУ?

— Беларуская адукацыйная сістэма яшчэ больш ізалюецца і стане яшчэ больш адарваная ад еўрапейскага і сусветнага кантэкстаў, будзе вымушана існаваць у ізаляваным выглядзе і мець кантакты толькі з асобнымі расійскімі ці азіяцкімі і афрыканскімі ўстановамі, што відавочна зніжае планкі.

Гэта знізіць колькасць міжнародных кантактаў і супрацоўніцтваў на міжуніверсітэцкіх узроўнях як для адміністрацыі, так і для выкладчыкаў і навукоўцаў, якія працавалі ў гэтых універсітэтах. Паменшацца магчымасці абмену вопытам і атрымання дадатковых магчымасцяў для развіцця навукі і адукацыйных праграм.

Для студэнтаў змяншаецца магчымасць акадэмічнага абмену і акадэмічнай мабільнасці, магчымасці ад сваіх ВНУ удзельнічаць у міжнародных праграмах студэнцкага абмену. Выпускнікам будзе цяжэй канвертаваць свае акадэмічныя дасягненні ў выглядзе дыпломаў на еўрапейскім рынку працы і навучання.

— Як вы лічыце, выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу — гэта заканамерны вынік?

— Гэта заканамерны вынік абранай стратэгіі ў сферы адукацыі, які мы назіраем на працягу апошніх 20 з лішнім год. Беларуская адукацыйная прастора цалкам залежная ад дзяржавы, там практычна няма ніякай акадэмічнай аўтаноміі, адапаведна ўсе тыя санкцыі, палітычныя нязручнасці, якія мае беларуская дзяржава цяпер, аўтаматычна пераносяцца і на адукацыйную сістэму.

Няма на што наракаць. Калі б у нас існавала большая аўтаномія гэтых устаноў, канешне, яна магла б існаваць па асобным нейкім плане і не адрываць беларускую адукацыю ад сусветнага ўзроўню, а так маем што маем.