Былы супрацоўнік КДБ судзіцца з «канторай»

Адметная судовая справа была разгледжана ў Мінску. Былы начальнік КДБ Фрунзенскага раёну Мінска Аляксандр Баганёў намагаўся абскардзіць рашэнне Камітэту наконт свайго статуса часова невыязнога з Беларусі.

Яно было абгрунтаванае тым, што выйшаўшы на пенсію супрацоўнік КДБ валодае звесткамі, што ўяўляюць сабой дзяржаўную таямніцу. Гэта звычайная з’ява ў жыцці сілавікоў, аднак у дадзеным выпадку акалічнасці справы сведчаць пра рэпрэсіўную санкцыю.

Сам Баганёў напачатку паскардзіўся ў былое месца працы:

“Чаму забарона на мой выезд з’явілася пасля трохгадовага майго знаходжання на пенсіі? Я за гэты перыяд аб’ехаў усю Еўропу і жыў там некаторы час. Я не тое, што звесткі, я стаў забываць, дзе служыў… Чаму іншым пенсіянерам майго ўзроўню не абмежаваныя правы на выезд?”

Нарэшце, па словах Баганёва, ён не валодае звесткамі, што ўяўляюць дзяржтаямніцу. І ніякіх адпаведных падпісак пра абмежаванні правоў да 2012 года не даваў. А тэрміны дзеяння ранейшых падпісак выйшлі:

“Калі ў КДБ альбо ў іншых структурах маюцца на мяне якія-небудзь матэрыялы, то прашу патлумачыць, у чым я вінаваты? Магу толькі меркаваць, што гэта вынік бяссільнасці і помсты канторы за маю патрыятычную пазіцыю. Хачу паясніць, што нейкай незаконнай дзейнасці я не праводжу. Выказваю, як і пераважная большасць беларусаў, што цвяроза мысляць, пэўныя незадаволенасці ўладай, таму што як патрыёту мне не абыякава тое, што адбываецца ў краіне, з якой ўцякаюць самыя прагрэсіўныя і разумныя людзі, і я хачу жыць у вольнай, дэмакратычнай і адэкватнай дзяржаве, а не знаходзіцца ў атмасферы хлусні і беззаконня”.

Невыязным Баганёва раптам зрабілі пасля ягонага выступу па тэлеканале “Белсат” у траўні 2010 года, дзе ён даў каментар па гучных справах Аўтуховіча і Байковай. Між тым яму трэба выязджаць за мяжу і па бізнэсовых справах, і каб папраўляць здароўе.

Скасавання статусу невыязнога былы спецслужбовец не дамогся ані праз суд Цэнтральнага раёна Мінску, ані праз Мінскі гарадскі суд, ані праз Вярхоўны суд.

Паводле закону тэрмін абмежавання ў праве на выезд у выпадку, калі супрацоўнік быў азнаёмлены са звесткамі, што складаюць дзяржаўную таямніцу, можа быць устаноўлены толькі ў дамове аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў. У дадзеным выпадку ўстанаўленне тэрміну абмежавання ў дамове не мела месца, што прызнавалі і прадстаўнікі КДБ. Аднак КДБ у сваіх тлумачэннях сыходзіў не з тэрміну, устаноўленага ў дамове аб допуску, а з тэрміну, на які засакрэчаны звесткі, да якіх меў доступ заяўнік. Таму, паводле КДБ, тэрмін абмежавання ў праве на выезд можа быць устаноўлены і працягнуты, як КДБ палічыць патрэбным, а само рашэнне - прынята ў любы момант, і толькі на падставе таго, што засакрэчаныя звесткі яшчэ не рассакрэчаныя.

У інтэрв’ю Pyx.by Аляксандр Баганёў распавёў, што надзеі на вынік суда на сваю карысць не меў: “Я прыйшоў туды, каб сказаць, і сказаў у тым ліку на пасяджэнні ў Вярхоўным судзе, што ўсім давядзецца адказваць за свае дзеянні. Нарэшце, я вырашыў прайсці ўсю працэдуру да канца, каб мець маральнае права распавесці пра ўсё гэта”.

“На паседжанні суду яны сядзяць як манекены. Выразы твараў такія, як працуюць на канвееры. Рашэнне загадзя падрыхтаванае праз адмінрэсурс. Сёння сумная для мяне гадавіна: 26 красавіка 1930 года былі расстраляныя мае продкі – як ворагі народа. Дарэчы, раскулачваў іх вядомы дзед Талаш, у майго дзеда. І вось нейкага ворага народа робяць з мяне”, - скрушна кажа Аляксандр Баганёў.

І дадае: “КДБ апошнім часам працуе супраць нязгодных на манер савецкіх часоў. І адбываецца дэградацыя Камітэту. Нават калі туды прыходзяць нармальныя людзі, то адмысловым чынам іх фармуе тамтэйшае асяроддзе. Да ўсяго ёсць добры заробак, правы і льготы, жыллё. Многія трымаюцца за месца, хаця на душы неспакойна. Але, як шмат хто з беларусаў, супрацоўнікі КДБ думаюць, што пранясе, што не давядзецца адказваць”.

Баганёў аказаўся земляком Алеся Лагвінца, дарадцы старшыні Руху “За Свабоду”. Яны абодва з Хойніцкага раёну. Лагвінец кажа, што справа ягонага земляка - вельмі паказальная: “Кантора” не любіць дысідэнтаў, а тым больш унутраных. Яна прэтэндуе на прыгоннае права на сваіх супрацоўнікаў. Таму шмат каму з іх трэба задумацца. Бо рэформа спецслужбаў будзе абавязковым элементам рэформаў дзяржапарату ў дэмакратычнай Беларусі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)