Общество

Былы судзьдзя, які адмовіўся судзіць пратэстоўцаў: «Мне прапанавалі: «Заўтра давай усім па 15 сутак»»

33-гадовы Аляксей Пацко пяць гадоў быў судзьдзём у Пінску. 9 жніўня 2020 году ён зрабіў свой выбар: не караць пратэстоўцаў. Выбар каштаваў яму дорага — страта працы, крымінальны перасьлед яго і маці, эміграцыя, піша Радыё Свабода.

Аляксей Пацко, СourtasyPhoto

Аляксей Пацко расказаў Свабодзе пра тое, ад каго залежаць рашэньні судзьдзі ў палітычных справах, што адбывалася ў Пінску 9–10 жніўня і як ён выехаў за мяжу.

Палітыкай можна не цікавіцца тады, калі ты жывеш на хутары ў глухім лесе

Я нарадзіўся і жыў у Пінску. Скончыў юрфак БДУ, вярнуўся ў родны горад. Жанаты, трое дзяцей — ім 3, 6 і 10 гадоў. Да працы ў судзе быў юрысконсультам на розных прадпрыемствах. Спрабаваў будаваць кар’еру.

Не сказаць, каб я не цікавіўся да леташніх выбараў палітыкай. Можна не цікавіцца, калі ты жывеш на хутары ў глухім лесе. Палітыка — прыняцьце рашэньняў, якія тычацца ўсяго грамадзтва. Хочаш ня хочаш, а цябе гэта тычыцца. Асабіста я, дый уся мая сям’я ніколі не былі згодныя з уладай.

Але ў 2015 годзе, калі мяне прызначылі судзьдзёй, была іншая сытуацыя. Была лібэралізацыя. Сыстэма рабіла спробы палепшыць сябе. Маладых людзей запрашалі на розныя пасады — вось, у вашых руках ёсьць магчымасьць нешта зьмяніць, палепшыць.

Мне тады было 28. Я меў максымалісцкія, ідэалістычныя погляды на сыстэму. Што можна нешта выправіць у меру сваіх магчымасьцяў. На пачатку працы была вялікая адсутнасьць палітычнага складніку.

Пасьля «маршаў дармаедаў» і акцый супраць інтэграцыі з Расеяй быў «дыпляматычны ціск»

У 2017 годзе ў Пінску прайшлі, як і ў іншых гарадах, акцыі супраць Дэкрэту № 3 «пра дармаедаў». У канцы 2019 году — акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. У горадзе былі выступы нязгодных.

На нас, судзьдзяў, быў пэўны дыпляматычны ціск. Не загады, як судзіць і колькі даваць, а намёкі і парады ў межах умоўнасьцяў. Што гэтыя справы «важныя для грамадзтва», што «падыдзіце да іх адказна», што «каб было законна». Пры такіх прыгожых фразах рабілася ясна, у чым сутнасьць і накіраванасьць ня зьместу фраз, а формы. Фармальна нібыта было парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Памятаю, што і я разглядаў справы па ўдзельніках акцый 2017 году. Даваў штрафы.

Зьмены ў працы судзьдзяў пачаліся пасьля парлямэнцкіх выбараў 2019 году

Да таго часу я асабіста, дый іншыя судзьдзі, былі больш-менш незалежнымі ў прыняцьці рашэньняў. Увосень 2019 году ў судах зьмяніліся старшыні — і ў Пінскім раённым, і ў Берасьцейскім абласным. Тады пачаліся зьмены. Пачалі «закручваць гайкі». Спыніліся, як я называю, «умоўна-дэмакратычныя» практыкі.

Зьявілася нэгатыўная практыка раіцца з вышэйшым кіраўніцтвам, зрабілася больш кантролю з боку начальства. Гэта рабілася пад добрапрыстойнай маркай «якасьці і апэратыўнасьці». Трэба было дакладаць кіраўніцтву — вось такую справу вось так я пляную разгледзець. Потым увялі сыстэму пазбаўленьня прэмій за парушэньне апэратыўнасьці і якасьці.

Бліжэй да выбараў-2020 пачаліся ўзгадненьні з кіраўніцтвам па «грамадзка значных» артыкулах — карупцыя, наркотыкі, ДТЗ у стане алькагольнага апʼяненьня. Па такіх артыкулах трэба было начальству даваць інфармацыю і ўзгадняць пакараньне. Гэта не было фармалізавана, у выглядзе загадаў, а так — парады. Бо насамрэч умяшаньне ў правасудзьдзе — гэта крымінальнае злачынства.

Калі зьбіралі подпісы ў судзе ў падтрымку Лукашэнкі, я адмовіўся, дый многія. І нам нічога не было. Бліжэй да выбараў нам ужо паступіў загад — усім прагаласаваць датэрмінова і даць справаздачу. Я не хадзіў. Лічу, што і прасачыць за ўсімі немагчыма. Гэта проста быў элемэнт запалохваньня. Бо праверыць усе ўчасткі нерэальна.

Мне прапанавалі: «Заўтра давай усім па 15 сутак»

9 жніўня, па сутнасьці, было галасаваньне пратэсту. Маё атачэньне схілялася больш да Віктара Бабарыкі ці Валера Цапкалы. Але іх не дапусьцілі да выбараў. Ціханоўская была альтэрнатывай. Пытаньне было ў кансалідацыі і каб галасаваць супраць, а пэрсона была не такая важная. Карацей, гэта магло быць слоганам кампаніі: «Галасуй за любога, апроч адзінага».

9 жніўня была нядзеля. Я быў на працы, і старшыня суду, і ягоны намесьнік таксама. Два судзьдзі былі тады ў адпачынку. Былі на працы ў нядзелю, таму што ўсе ж разумелі, што «нешта будзе».

Яшчэ да выбараў былі затрыманыя назіральнікі і актывісты. Яны былі ў ІЧУ. 10 жніўня, у панядзелак, іх трэба было судзіць. 9 жніўня міліцыянты прынесьлі іх справы на праверку. Таму што ў важных справах заўсёды ёсьць пытаньні аб афармленьні, працэсуальных момантах. Там былі такія артыкулы, як непадпарадкаваньне, няяўка па позьве, дробнае хуліганства.

І кіраўніцтва прапанавала мне заўтра даць ім па 15 сутак. Я сказаў, што ня буду ў гэтым удзельнічаць. Пачалося: «Ну ты падумай, у цябе сям’я, дзеці, не гарачыся, супакойся». Я сказаў, што не. Таму, каб судзіць тых людзей, з адпачынку адклікалі іншых судзьдзяў.

Пра «Пінскую бойню» я ведаю ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Калі я 10 жніўня прыйшоў на працу, то міліцыянты актыўна расказвалі, што пратэстоўцы ледзь ня ўвесь аддзел міліцыі зьнішчылі, што шмат міліцыянтаў у рэанімацыі, а адзін нават пры сьмерці, што гэта былі не жыхары Пінску, а ўкраінцы, якія нелегальна перайшлі мяжу. Але ўсё гэта было няпраўдай. Усе затрыманыя былі пінскія, якія ўкраінцы? Ніхто ў рэанімацыю зь міліцыі ня трапіў. Для чаго яны гэта гаварылі? Мусіць, каб апраўдаць сваю агрэсію і жорсткасьць.

Затрыманых судзілі з грубым парушэньнем нормаў закону

На 10 жніўня ў горадзе была абвешчана спэцапэрацыя. Дзяржаўных службоўцаў, і нас таксама, адпусьцілі з працы ў 16:00 і сказалі ісьці дахаты, бо будзе спэцапэрацыя.

Тады затрымалі, за два дні, недзе 120–140 чалавек. Яны сядзелі ў падвале міліцыі, там ІЧУ знаходзіцца. Іх усіх адразу падазравалі паводле крымінальных артыкулаў. І вось праходзіць 72 гадзіны з затрыманьня. Трэба іх ці выпускаць, ці выбіраць меру стрыманьня. І што тады робяць? Іх «перазатрымліваюць» у адміністрацыйных справах, па 23.34. І пачынаюць судзіць.

Складаюць пратаколы, рыхтык як напісана ў пастановах аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці, і судзяць. Але калі ёсьць крымінальная справа, нельга даваць адміністрацыйную.

І пачалі выпісваць «суткі», канвэерам, там жа, у падвале міліцыі. Цікава, што адзін чалавек атрымаў штраф, неяк праскочыў. А пазьней яго за гэтыя ж дзеяньні — «беспарадкі» — пакаралі вялікім тэрмінам калёніі.

Потым асуджаных перавезьлі адбываць пакараньне ў калёнію ў Івацэвічы, бо не было месца ў ІЧУ.

Калі я адмовіўся караць людзей, са мной адразу спынілася камунікацыя на працы, бо я стаў «небясьпечным». Я яшчэ працаваў, разглядаў дробныя побытавыя справы. Потым мяне выклікалі на гутарку ў абласны суд, прасілі падумаць. Але сутнасьць размоў была ня ў тым, каб я не звальняўся, а каб маўчаў. У мяне якраз падыходзіў да канца пяцігадовы тэрмін прызначэньня судзьдзём, і я адклікаў свае паперы на перапрызначэньне. У кастрычніку я быў звольнены.

Калі я звальняўся, то старшыня суду сказаў мне, што, па зьвестках супрацоўнікаў КДБ, мае кантакты шукае Tut.by. Старшыня суду сказаў: «Ты разумееш меру адказнасьці?». Намёк мне быў зразумелы. Галоўная задача — каб я маўчаў. Але я даў інтэрвію Tut.by і «Нашай ніве». Потым старшыня суду напісаў мне ў Viber: «Гэта ты даваў інтэрвію, гэта ты так казаў?». Я напісаў, што так. Ну і пачалося.

Мне казалі: «Ну ты сам усё разумееш»

Я спрабаваў уладкавацца на працу. Хадзіў на тыя прадпрыемствы, дзе раней працаваў, на іншыя. Усюды была адмова. Спрабаваў пайсьці ў адвакатуру. Мне сказалі, што асабіста на цябе стаіць забарона.

На іншых прадпрыемствах казалі: «Ну ты сам усё разумееш». Восеньню мяне ня «бралі», бо ім тады было не да мяне — трэба было тушыць вогнішча.

Я дапамагаў людзям юрыдычнымі парадамі, бясплатна. Мне дапамаглі неабыякавыя беларусы фінансава выстаяць у той цяжкі пэрыяд.

Мая маці працавала адвакатам. І яна ўзяла мяне да сябе памочнікам.

Літаральна праз пару дзён прыйшла падатковая з праверкай. Мне прад’явілі, што я нібыта займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, аказваю адвакацкія паслугі, хоць гэта было ня так.

Потым КДБ пайшоў па маіх знаёмых — каб яны далі паказаньні, што насамрэч не мая маці дапамагала ім як адвакат, а я. Людзі адказвалі, што нам дапамагала Тацяна Юр’еўна, а супрацоўнікі КДБ ім: «Не, вы нас не разумееце, вам дапамагаў Аляксей Васілевіч. Падумайце, у вас сям’я, дзеці».

Потым мне паступіла інфармацыя, што пачалі варушыць мае старыя справы ў судзе, нешта там аналізаваць. Я зразумеў — па мяне прыйшлі. Кола сьціскаецца. Я зьехаў ва Ўкраіну. І я іх апярэдзіў. Бо літаральна праз два дні па месцы майго жыхарства, да маёй маці і сястры, прыйшлі зь ператрусам. Пастанову на ператрус паказалі так, што ніхто не зразумеў — што, за што. Здаецца, гаворка ішла пра артыкул 380 Крымінальнага кодэксу (падробка дакумэнтаў).

Потым прыйшлі па маю маці

На ператрусе прысутнічаў намесьнік пракурора. Ён намякаў маці пра крымінальную справу, што ў яе будуць праблемы. Мусіць, калі яны зразумелі, што мяне няма ў краіне, то зьмянілі вэктар.

Праз два дні мы эвакуавалі маці. А празь дзень даведаліся, што на яе распачалі крымінальную справу. Пэўнай інфармацыі няма, але, здаецца, паводле артыкулу 427 (службовы падлог). Каб ведаць, за што нас абвінавачваюць, мы мусілі б застацца. Ну і ў СІЗА ўжо пачыталі б, у чым мы «вінаватыя».

Цяпер мы, пры такім «правасудзьдзі», ніяк ня зможам апраўдацца. Бліжэйшым часам мы наўрад ці зможам вярнуцца ў Беларусь. Ва Ўкраіну цяпер пераехалі мая жонка і дзеці. Нам тут дапамаглі і беларусы, і ўкраінцы. Самае галоўнае — што мая жонка, дзеці цяпер у бясьпецы. Натуральна, гэты вымушаны пераезд — стрэс, выхад з зоны камфорту. Але няма сэнсу пра нешта шкадаваць. Неяк разьбяромся. Галоўнае — мы разам.

Беларусы, якіх я сустрэў ва Ўкраіне, — гэта цьвет нацыі

Ва Ўкраіне я сустрэў вельмі шмат беларусаў. Маладыя, крэатыўныя, адукаваныя, энэргічныя... Гэта пісьменьнікі, акторы, журналісты, прадпрымальнікі. Гэта проста цьвет нацыі! Ня нейкія там маргіналы. А ў іх крымінальныя справы!

Я як падумаю, што са жніўня зьехалі тысячы людзей, адукаваных, разумных. Найлепшыя людзі! Проста дзіву даесься, што такія людзі не патрэбны краіне. Пра што тады гаварыць? Гісторыя ня скончаная. Я ведаю шмат людзей, якія хочуць зьехаць, але пакуль ня могуць.

У 2015 годзе мне здавалася, што можна неяк увайсьці ў сыстэму, манэўраваць, пабудаваць карʼеру і ня страціць чалавечых якасьцяў, застацца ў ладзе з сумленьнем. Але ў пэўныя моманты, як летась, сыстэма патрабуе ад цябе большага. У жніўні многім давялося выбіраць.

Ужо нельга было схітраваць і застацца ў сыстэме, абысьці вострыя вуглы. Выбар быў — ці так, ці так.

У мяне ёсьць надзея на вяртаньне дахаты. Калі зьменіцца ўлада. У новай краіне мы дакажам сваю невінаватасьць. Бо абвінавачаньні абсурдныя. Цяпер нешта даказваць ня мае сэнсу.

Калі скрынка ад тэлевізара на бальконе — пікет, шкарпэткі ці стужкі — пікет? І за гэта караюць «суткамі»?

Дарэчы, у розных тэлеграм-каналах пішуць пра судзьдзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды. Але ніхто ня піша пра старшынь судоў — а менавіта яны цяпер «кіруюць» правасудзьдзем. А імі кіруе абласны суд. А абласным судом, напэўна, КДБ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)