Экономика

Павел Кірылаў, Новы час

Былы старшыня калгасу: «Я бачыў, куды ідуць бюджэтныя грошы. Як правіла, на падтрыманне бедных гаспадарак»

У 2000-х гадах Мікалай Лысянкоў стаў адным з самых маладых старшыняў «калгасаў» у Беларусі (у 26 гадоў), а ў хуткім часе быў прызнаны лепшым кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства ў сваім Стаўбцоўскім раёне. Прапановы ачоліць сяльгаспрадпрыемства рэгулярна паступаюць і цяпер. Але ён адмаўляецца, хоць душа ляжыць да гэтай працы.

Чытачам «Новага Часу» Мікалай Лысянкоў распавёў пра тое, чаму не хоча вяртацца ў «калгасы», колькі зарабляюць іх старшыні і якія выгады маюць.

Што адбываецца са славутай працавітасцю беларусаў і чаму фермерам выдзяляюць няўдобіцы, а Лукашэнка баіцца даваць грошы прыватнікам у галіне сельскай гаспадаркі.

«Прыехаў смаркач камандаваць»

— Пасля заканчэння БДАТУ (Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта) я ўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства эканамістам і прапрацаваў на гэтай пасадзе больш за тры гады. Затым мяне перавялі ў райвыканкам — быў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

Але гэта не па мне. Таму папрасіўся ў старшыні райвыканкаму назад у «калгас». Той прапанаваў пасаду старшыні. Мне было 26 гадоў. Эканамістам я працаваў у дастаткова багатым прадпрыемстве, вопыту набраўся, а далі мне адну з самых бедных гаспадарак у раёне. Маўляў, давай падымай!

— Гэта такая распаўсюджаная практыка ў нашай краіне — накіроўваць маладых у занядбаныя гаспадаркі?

— Папросту вопытны кіраўнік, які пабыў старшынёй у розных раёнах па некалькі разоў, а цякучка гэтых кадраў немалая, разважае так: «Навошта мне гэтыя праблемы? Тым болей ад мяне нічога не залежыць — усё адно праз нейкі час здымуць і кудысьці прызначаць!»

Я пагадзіўся яшчэ і таму, што добра ведаў прапанаванае мне сельгаспрадпрыемства, бо курыраваў яго падчас тых пасяўных, калі працаваў у райвыканкаме, і ездзіў туды не раз.

— Як паставіўся да вас, маладога прызначанага старшыні, тамтэйшы працоўны народ?

— Ну, мяне самі людзі выбіралі. Так паводле статуту сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву павінна было быць. Фармальна выбіралі, зразумела. Кандыдатуру маю прыехаў і запрапанаваў старшыня райвыканкаму. Бо ясна, што кіруе, у тым ліку кадрамі, той, хто распараджаецца фінансаваннем.

Першыя паўгода, канечне, людзі ставіліся часта з пагардай: «От, прыехаў нейкі смаркач камандаваць!»

Даводзілася даказваць прафпрыдатнасць уласным прыкладам — галавой і ў прамым сэнсе рукамі. Вось зваршчык кажа, напрыклад, што не можа зрабіць нейкую працу. А я ў дзяцінстве машыны варыў — то бяру зварачны апарат і прыварваю.

Пасля гэтага ён ужо да мяне з такімі пытаннямі ці скаргамі не звяртаецца. Падчас уборачнай шуфляваў зерне апоўначы на току разам з усімі.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)