Былы палітзняволены Павел Вінаградаў сустрэне Новы год на Акрэсціна

Жонка актывіста «Гавары праўду» і былога палітзняволенага Паўла Вінаградава Святлана змагла перадаць перадачу мужу, затрыманаму напярэдадні.

Як паведаміла Святлана, яе не пусцілі ў памяшканне суду Маскоўскага раену. Ахоўнік «праз шкло» сказаў, што 31 снежня ніякіх працэсаў не будзе. Меркавалася, што у гэты дзень Вінаградава могуць асудзіць па абвінавачаньні ў «дробным хуліганстве».

30 снежня яго запрасілі на «выхаваўчую» гутарку ў РУУС Маскоўскага раёну. Там на яго склалі пратакол аб дробным хуліганстве і адвезлі ў Суд Маскоўскага раёну.

Як паведамляе праваабаронца Наста Лойка, паколькі ў суд ён трапіў пасьля шостай гадзіны вечара, калі суддзі ўжо не працуюць, магчыма, ніякага працэсу над ім не было альбо ягоная справа была адпраўленая на дапрацоўку.

Ноч Вінаградаў правёў на Акрэсціна. Верагодна, што Новы год Павал сустрэне ў турэмнай камеры. Паводле адміністрацыйнага кодэксу, да суду яго могуць затрымаць на 72 гадзіны.

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», 31 снежня быў затрыманы актывіст незарэгістраванай арганізацыі «Студрада» Алесь Крот. Да яго раніцай прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС Мінска на «гутарку».

Падзеі папярэдняга дня (затрыманне Паўла Вінаградава ў Мінску і 5 сутак гомельскаму актывісту Змітру Шаўчэнку) даюць падставы меркаваць, што падобная размова можа скончыцца альбо папярэджаннем, альбо арыштам па надуманых падставах.

Нагадаем, 30 снежня супрацоўнікі КДБ затрымалі і дапыталі лідэра «Маладых дэмакратаў» Алега Корбана. У той жа дзень, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве, на 5 сутак асудзілі кіраўніка «Маладых дэмакратаў» Аляксандра Сцепаненку. На такі ж тэрмін зняволілі ў Менску Андруся Крэчку, а ў Гомелі Змітра Шаўчэнку.

Затрыманні актывістаў праваабаронцы звязваюць з аб’яўленай у сацыяльных сетках акцыяй на святы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)