Скандалы

Былы міліцыянт сядзіць з тымі, каго правакаваў на наркатычныя злачынствы

Іван Пацёмкін адбывае пакараньне за абарачэньне наркотыкаў і злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе Радыё Свабода.

Капітан міліцыі Іван Пацёмкін (справа) 14 студзеня 2016. З сайту магілёўскай абласной міліцыі публікацыі са згадкай пра асуджанага міліцыянта выдаленыя. Фота захавалася ў вэб-архіве

Былы начальнік раённага аддзелу наркакантролю з Магілёва Іван Пацёмкін адбывае 10-гадовае пакараньне з тымі, каго правакаваў на парушэньне закону і каго ў выніку асудзілі за наркотыкі. Адміністрацыя папраўчай установы загадала ім, каб былога міліцыянта не чапалі.

Пра гэта расказала Свабодзе маці аднаго з асуджаных, які сядзіць у той жа калёніі, што і Пацёмкін. Паводле жанчыны, былы міліцыянт спрычыніўся да зьняволеньня яе непаўналетняга сына, сьведчыў супраць яго ў судзе і мае такі самы тэрмін пакараньня.

З умовай, што ў матэрыяле будуць зьмененыя ейнае і сынава імёны, яна пагадзілася падзяліцца перажытым.

«Паўналецьце адзначыў у няволі. Віны не прызнаў»

Як апавядае Сьвятлана, яе 17-гадовы сын Ян апынуўся ў «распрацоўцы» аддзелу наркакантролю Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва ў 2016 годзе.

У лютым яму патэлефанаваў знаёмы, зь якім не было кантактаў паўтара года, і папрасіў забраць у яго грошы, якія ён вінаваты іхнаму агульнаму прыяцелю Дзьмітрыю. Патлумачыў, што сам аддаць ня можа, бо ляжыць у псыхіятрычнай лякарні. Ян пагадзіўся. Праз два месяцы яго арыштавалі і абвінавацілі ў распаўсюдзе і ўжываньні наркотыкаў у групе асобаў.

Па словах Сьвятланы, на сьледзтве сын даведаўся, што перададзенымі ім грашыма разьлічыліся за наркотыкі, якія былі ў схованцы. Хто зрабіў закладку, так і ня высьветлілі. Момант жа перадачы грошай Янам Дзьмітрыю фіксавалі на відэа апэратыўнымі супрацоўнікамі, сярод якіх быў і Пацёмкін. Так Ян стаў удзельнікам злачыннай групоўкі.

Арыштавалі яго ў красавіку 2016 году. У сьледчым ізалятары прабыў паўгода. Там адзначыў паўналецьце. У верасьні Ленінскі суд Магілёва прызнаў яго вінаватым у распаўсюдзе і ўжываньні наркотыкаў у групе асобаў і адправіў у калёнію на 10 гадоў. Сьвятлана кажа, што сын не прызнаў віны.

У апошнім слове ён сказаў, што схібіў, калі пагадзіўся дапамагчы прыяцелю, ня высьветліўшы ў яго прызначэньне грошай, якія меўся перадаць. На судзе «саўдзельнікаў» Яна не было, хоць іхныя імёны фігуравалі ў справе. Супраць хлопца сьведчылі трое міліцыянтаў.

Як Пацёмкін апынуўся за кратамі

Магілёўскі абласны суд разглядаў справу супраць капітана міліцыі Пацёмкіна ў 2018 годзе у закрытым рэжыме. Матэрыялы яе захоўваюцца пад грыфам «Сакрэтна» і зьяўляюцца дзяржаўнай тайнаю.

Пра ягонае зьняволеньне паведаміў сёлета 28 жніўня Генэральны пракурор Аляксандар Канюк. Асуджаны «для паляпшэньня паказчыкаў працы правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконнае абарачэньне наркатычных і псыхатропных рэчываў, на іх набыцьцё і злоўжываньне дзеля далейшага затрыманьня і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці».

Іншых дэталяў справы Аляксандар Канюк раскрываць ня стаў.

Свабода даведалася, што Івана Пацёмкіна прызналі вінаватым у незаконным абарачэньні наркатычных рэчываў з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў (частка 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (арт. 426).

Родныя Пацёмкіна лічаць, што ён стаў ахвяраў сыстэмы, а справаю супраць яго займаўся КДБ. Спробы абскардзіць пакараньне не далі плёну.

Маці асуджанага хлопца: «Абвінавачаньне ў злачынстве за наркотыкі ўспрымалася як недарэчнасьць»

Сьвятлана кажа, што даведалася пра абвінавачваньне сыну ў красавіку 2016 году, калі да іх наведаліся міліцыянты Пацёмкін і Маісееў ды папрасілі праехаць у Сьледчы камітэт. У машыне раілі Яну ўспомніць, што ён рабіў у лютым. Адразу яны не назваліся супрацоўнікамі наркакантролю.

— Сын у машыне даводзіў мне, што незаконнага нічога не рабіў, а калі я даведалася, адкуль міліцыянты і што Ян замешаны ў справе з наркотыкамі, то была ў шоку, — успамінае падзеі трохгадовай даўнасьці Сьвятлана.

Яна кажа, што абвінавачваньне ўспрымала як недарэчнасьць. Лічыць, што сынавы знаёмыя былі адэкватнымі маладымі людзьмі і ніхто зь іх не займаўся наркотыкамі.

Сьвятлана ўспомніла хлопца, які папрасіў сына дапамагчы з аддаваньнем пазыкі. Той таксама пэўны час быў у адной кампаніі зь Янам. Але, калі стала вядома пра ягоную нарказалежнасьць, зносіны зь ім спынілі.

Зрэдку ён яшчэ зьяўляўся, але ненадоўга, а потым зьнік і праз паўтара года зноў патэлефанаваў Яну.

Пацёмкін спрабаваў «псыхалягічна націснуць і выклікаць да сябе сымпатыю»

Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Яна арыштавалі, а ў кватэры, дзе ён жыў з маці, правялі ператрус. Сьвятлана кажа, што неўзабаве да яе прыйшоў Пацёмкін. Тады ён быў яшчэ шараговым апэратыўным супрацоўнікам аддзелу наркакантролю Ленінскага РАУС Магілёва. Ён спрабаваў «псыхалягічна націснуць і выклікаць да сябе сымпатыю».

— Пацёмкін пачаў з таго, што сын у ізалятары налыса пастрыжаны, кепска выглядае і ўжо ў шэрай робе. Прасіў, каб ён здаў саўдзельнікаў. Пераконваў, каб я ня брала адваката, бо выкіну грошы на вецер. Сын жа атрымае 12 гадоў, зьмяніць ужо нічога нельга, — апавядае Сьвятлана.

Пазьней на спатканьні Ян пацьвердзіў, што ў яго быў Пацёмкін. Хлопец сказаў маці, што міліцыянт застаўся незадаволеным, што ён «ня хоча супрацоўнічаць са сьледзтвам». Калі Ян адмовіўся прызнаваць віну, Пацёмкін нібыта прыгразіў яму, «што зробіць усё, каб у маці канфіскавалі маёмасьць».

«Сакрэтнасьць» справы міліцыянта ўскладняе абскарджаньне выраку»

Сьвятлана кажа, што Пацёмкін сьведчыў у судзе супраць сына. Настойвалі на ягонай віне яшчэ двое ягоных калег, сярод якіх быў Маісееў. Паводле яе, міліцыянты паводзілі сябе нахабна і разьняволена.

Яны былі ўпэўненыя, што Яну дадуць 10 гадоў і ня ўтойвалі, што на яго хацелі яшчэ «нешта павесіць, але ён не паддаўся». З гэтага яна зрабіла выснову, што справа супраць сына — вынік правакацыі міліцыянтаў.

Гэта апошняе фота Яна на волі

Па словах Сьвятланы, адвакат, калі пазнаёміўся з матэрыяламі сынавай справы, ня ўтойваў, што абвінавачаньні належным чынам падрыхтаваныя і дамагчыся мякчэйшага пакараньня будзе цяжка.

— Суд нават не разглядаў варыянт пакараньня Яна паводле 1-й ці 2-й часткі 328-га артыкулу, якія прадугледжваюць меншы тэрмін пакараньня. Адразу прысудзіў тое, што было інкрымінавана сыну на пачатку — 3-ю частку 328-га артыкулу, якая ў 2016-м прадугледжвала пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, — адзначае Сьвятлана.

Спробы абскардзіць Янава пакараньне ў вышэйшых судовых інстанцыях плёну не далі. Сьвятлана лічыць, што пасьля таго, як Пацёмкіна асудзілі, зьявіўся шанец апратэставаць вырак суду. Адвакат жа лічыць, што «сакрэтнасьць» справы міліцыянта ўскладняе сытуацыю з пратэстам.

«На закрытым працэсе ўтойвалі мэханізм уцягваньня людзей у незаконнае абарачэньне наркотыкаў»

Пра затрыманьне Пацёмкіна Сьвятлана даведалася на мяжы 2017-га і 2018-га гадоў. Яна лічыць, што былога міліцыянта асудзілі справядліва, але не прымае таго, што працэс супраць яго быў закрытым.

— Чаму з справы Пацёмкіна зрабілі сакрэт, а нашых дзяцей нахабна абліваюць гразьзю на адкрытых судах і садзяць на шалёныя тэрміны? — абураецца суразмоўца. — Нішчаць іхнае фізычнае і псыхічнае здароўе. Дык няхай усе і пра справу Пацёмкіна ведаюць.

Сьвятлана мяркуе, што на закрытым працэсе супраць Пацёмкіна ўтойваўся мэханізм уцягваньня людзей у незаконнае абарачэньне наркотыкаў. Паводле яе, той чалавек, які ляжаў у вар’ятні і якому сын прывёз грошы, супрацоўнічаў зь міліцыяй. На судзе не таілі, што і яму «нядоўга хадзіць на свабодзе». На працэсе яго не было.

З былым міліцыянтам сядзяць 12 чалавек, якія апынуліся ў няволі зь ягонай «дапамогай»

Сьвятлана зьдзівілася, калі даведалася са справы Пацёмкіна, што ён кіраваў аддзелам наркакантролю. Жанчына лічыць, што яго маглі прызначыць на гэтую пасаду неўзабаве пасьля суду над сынам.

— Прабыў ён у начальніках нядоўга, мо крыху больш за год. Мне вядома, што і другі супрацоўнік наркакантролю, які вінаваціў сына ў распаўсюдзе наркотыкаў, Маісееў, таксама звольнены з органаў, але што зь ім, невядома, — кажа Сьвятлана.

Паводле яе, сядзіць Пацёмкін у адной калёніі з асуджанымі за наркотыкі. Сярод іх 12 чалавек, якія апынуліся ў вязьніцы зь ягонай «дапамогай», кажа суразмоўца.

— З кожным гаварыла кіраўніцтва калёніі і дало зразумець, што чапаць яго ня варта, бо былы міліцыянт на асаблівым становішчы, — адзначае Сьвятлана.

«Стаўленьне да асуджаных за наркотыкі не зьмянілася»

Паводле Сьвятланы, за тры гады сынавай няволі стаўленьне да асуджаных паводле наркатычных артыкулаў не зьмянілася. Яны, як і раней, маюць зялёныя біркі. Абмежаваньняў у іх больш, чым у іншых катэгорыяў зьняволеных. Ім даюць працу, якая горш аплочваецца.

— Хлопцы з апошніх сілаў стараюцца вызначыць сабе мэты, неяк акрэсьліваць пэрспэктывы, але ў іх ня дужа добра выходзіць, — кажа яна.

Паводле яе, сын наракае, што асуджаным за наркотыкі псыхалягічна і маральна дужа цяжка. У Яна «паніклы позірк і вочы без жыцьця», адзначае яна. Пастаяннае нэрвовае напружаньне адчуваецца, калі сустракаецца зь ім.

Спасылаючыся на сынавы словы, Сьвятлана адзначае, што Пацёмкін можа выйсьці на свабоду пра 3-4 гады. Астатнія ж будуць сядзець «ад званка да званка».

Плякат руху «Маці-328» ў вёсцы Высокае, Менская вобласьць

Адзін з тысячы асуджаных за наркотыкі

У 2016 годзе за незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў асудзілі 1089 чалавек паводле 2-й, 3-й, 4-й і 5-й частак 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. У наступныя гады, паводле афіцыйных крыніц, садзіць за наркотыкі сталі меней.

У 2017 годзе ў камэнтары Свабодзе юрыст Міхаіл Пастухоў адзначаў, што адпраўным пунктам у жорсткім стаўленьні да затрыманых за наркотыкі стаў дэкрэт прэзыдэнта № 6 «Аб неадкладных захадах у супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў».

Ён пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году. 2 верасьня 2019 году Аляксандар Лукашэнка дапусьціў магчымасьць зьменаў у антынаркатычным заканадаўстве і прызнаў, што «дзесьці мы, напэўна, перагнулі».

«Што да антынаркатычнага заканадаўства, мы пераканаліся, што мы жарсткавата гэта зрабілі. Адпусьцім, але трохі», — удакладніў ён.

20 жніўня на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Аляксандар Лукашэнка ўчыніў разнос на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Спасылаючыся на сакрэтны даклад, ён заявіў пра фальсыфікацыі «наркатычных» крымінальных спраў з боку сьледчых і пракурораў.

Па словах Лукашэнкі, у людзей «часам складваецца ўражаньне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў найперш цікавяць не жыцьцё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфэктыўнасьць іхнай працы», а фальсыфікацыі такія, што «лепей бы вы не пачыналі гэтыя крымінальныя справы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(15)